Вырошчваюць (з 1 — 2-га тыс. да н.э.) пераважна ў краінах Паўночнага паўшар’я жыта пасяўное (Secale cereale) — азімыя і яравыя формы. У Беларусі жыта азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур. Жыта пасяўное — аднагадовая расліна вышынёй 60 — 180 см. Каранёвая сістэма валасніковістая, магутная. Сцябло — саломіна, лісце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры выспяванні шэра- або светла-жоўтыя. Каласкі двухкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невялікім чубком. Зерне мае 9 — 13 % бялкоў, 55 — 70 % крухмалу, 1 — 2 % тлушчу, вітаміны Вр Вд, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да −20 °C (на глыбіні вузла кушчэння). Перыяд актыўнай вегетацыі 140—170 сутак. Раянаваныя гатункі беларускай селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.
Асноўны жытні пояс цягнецца па сярэдняй паласе Еўропы: пачынаючыся ў Германіі, ён цягнецца праз паўночную Польшчу, Беларусь і сканчваецца ў Расіі. Усе пералічаныя краіны ўтвараюць першую чацвёрку па валавым зборы жыта (2016), Германія, Расія і Польшча штогод збіраюць 2-3 млн тон жыта. Беларусь, Данія і Кітай — 0,5-1 млн.тон.[9] У 2017 Беларусь сабрала 669 тыс.тон жыта і адкацілася на шостае месца — цяпер жыта беларускае паміж Даніяй і Украінай. У дзясятку стабільна ўваходзяць Канада і ЗША. Сустветны валавы збор 13,7 млн тон, за апошнія дзесяцігоддзі ён значна скараціўся: у 1992 адна Расія збірала столькі ж.
Міжнародны гандаль жытам вельмі нязначны і ў 2016 складаў 186 млн даляраў, для параўнання пшаніцы ў той год прадалі на 30 млрд $. Вядучымі экспарцёрамі з’яўляюцца Польшча і Германія (палова сусветнага экспарту).