[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Тасас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тасас
грэч. Θάσος
Панарама
Панарама
Характарыстыкі
Плошча380,097 км²
Насельніцтва13 770 чал.
Шчыльнасць насельніцтва36,23 чал./км²
Размяшчэнне
40°42′50″ пн. ш. 24°39′23″ у. д.HGЯO
АкваторыяЭгейскае мора
Краіна
Тасас (Грэцыя)
Тасас
Тасас
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Та́сас, або Фа́сас (грэч. Θάσος) — грэчаскі востраў у паўночнай частцы Эгейскага мора. Плошча — 380,097 км². Насельніцтва (2011 г.) — 13 770 чалавек.

Карта

Тасас месціцца на поўначы Эгейскага мора ў 300 км на паўночны ўсход ад Афін. Аддзелены пралівам шырынёй ў 6,69 км ад кантынентальнага ўзбярэжжа. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 26,05 км. Найбольшая шырыня — 21,71 км.

З пункту гледжання геалогіі, Тасас з'яўляецца працягам Радопаў. Суша сфарміравана пераважна гнейсамі і сланцамі. Цэнтральная частка вострава пакрыта гарамі. Найвышэйшы пункт — гара Іпсарыа (1206 м). Ужо ў старажытнасці на Тасасе здабывалі охру, срэбра, медзь, жалеза, золата. Пазней — свінец і цынк. Каля ўзбярэжжа Тасаса знойдзены радовішчы нафты і ўрана.

Клімат пераходны да міжземнаморскага. Сярэдняя тэмпература вагаецца ад +4,5 °C ў студзені да +23,5 °C ў ліпені і жніўні. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 620 мм.

Тасас знакаміты горнымі хваёвымі лясамі. Фаўна прадстаўлена амфібіямі, чарапахамі, дробнымі сысунамі і шматлікімі птушкамі. Паўднёвае ўзбярэжжа лічыцца багатым рыбалоўным раёнам.

Мяркуюць, што Тасас быў населены ў палеаліце. Аднак найбольш ранняя выяўленая археолагамі стаянка належыць да эпохі неаліту. Яна месцілася на паўднёва-заходнім узбярэжжы, а яе жыхары былі культурна звязаны з тагачаснымі насельнікамі Македоніі. У бронзўавым веку Тасас уваходзіў у арэал распаўсюджання кікладскай культуры. Прыкладна з 1100 г. да н. э. фіксуецца ўплыў мікенскай і фракійскай культур. У пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. узнікла фінікійская калонія. Згодна старажытнагрэчаскай міфалогіі, правадыром фінікійцаў быў Тасас. Яго імя было дадзена востраву.

У VIII ст. да н. э. Тасас быў каланізаваны грэкамі з Параса. Яны вялі барацьбу за мясцовыя залатыя радовішчы супраць фракійцаў. У выніку каланісты здолелі выціснуць фракійцаў як з самога вострава, так і з суседніх прыбярэжных тэрыторый, таксама багатых каштоўнымі металамі. У часы Герадота прыбыткі тасасцаў ад здабычы металаў складалі 200 — 300 талантаў у год.

З сярэдзіны VI ст. да н. э. Тасас знаходзіўся пад ціскам з боку дзяржавы Ахеменідаў, таму яго жыхары падтрымалі барацьбу з персамі і ў выніку далучыліся да Дэласкай сімахіі. Аднак спрэчкі з Афінамі вымусілі тасасцаў выйсці з яе складу. У адказ у 463 г. да н. э. пасля двухгадовай аблогі афіняне захапілі мясцовы поліс, разбурылі яго муры і вымусілі тасасцаў выплочваць штогадовы ўнёсак ад 21 да 30 талантаў. У 411 г. да н. э. Тасас зноў паўстаў і далучыўся да саюза са Спартай. У 407405 гг. да н. э. афіняне ўзнавілі свой кантроль, але перамога спартанскага флота вымусіла іх адступіць. Пры Філіпе II востраў трапіў у склад Македоніі. У 197 г. да н. э. быў далучаны да валоданняў Рыма, хаця фармальна лічыўся свабодным. На Тасасе быў пахаваны Гай Касій Лонгін.

Пасля падзелу Рымскай імперыі Тасас з'яўляўся аўтаномным валоданнем у складзе Візантыі. У XIVXV стст. належаў генуэзскім сем'ям на службе візантыйскага імператара. У 1462 г. захоплены асманамі. На Тасасе правёў дзяцінства Мухамед Алі Егіпецкі. У 1821 г., калі ўспыхнула грэчаскае паўстанне, ён падтрымаў султана Махмуда I, за што атрымаў востраў у якасці асабістага феода. У 1907 г. Тасас пераўтвораны ў дзяржаўны санджак.

20 кастрычніка 1912 г. заняты грэчаскім флотам. У 1914 г. афіцыйна далучаны да Грэцыі. У 19411944 гг. акупаваны Балгарыяй. У 1944 — 1950 гг. насельніцтва вострава было ўцягнута ў грамадзянскую вайну. У нашы дні з'яўляецца важным прамысловым, сельскагаспадарчым і турыстычным цэнтрам паўночнай Грэцыі.