[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Смілавічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гарадскі пасёлак
Смілавічы
Палац Манюшкаў у Смілавічах
Палац Манюшкаў у Смілавічах
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Гарадскі пасёлак з
Вышыня цэнтра
157 м
Насельніцтва
  • 6 586 чал. (1 студзеня 2024)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1714
Паштовы індэкс
223216
Аўтамабільны код
5
СААТА
6258835906
Смілавічы на карце Беларусі ±
Смілавічы (Беларусь)
Смілавічы
Смілавічы (Мінская вобласць)
Смілавічы

Смі́лавічы (трансліт.: Smilavičy, руск.: Смиловичи) — гарадскі пасёлак у Беларусі, на рацэ Волма. Адміністрацыйны цэнтр сельсавета Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Месціцца за 27 км на ўсход ад Мінска, 30 км на захад ад Чэрвеня, 21 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск (лінія Мінск — Асіповічы), на аўтадарозе Мінск — Магілёў.

Географ Вадзім Жучкевіч звязваў назву Смілавічаў з балцкімі назвамі Смілгі, Смільгіні, якія ад балцка-літоўскага антрапоніма (імені-мянушкі) тыпу Smilgis, што звязаны з літоўскім smilga «расліна мятлік; хто высокі і тонкі (як мятлік)»[2]. Адсутнасць тлумачэння пераходу Смілг- > Сміл- ёсць слабым бокам гэтага меркавання.

Краязнавец Аляксей Ненадавец у напісанай ім легендзе пра паходжанне назвы Смілавічы падае слова «смілга», якое нібыта значыла «мяккі характарам»[3] (слова ў такім значэнні не фіксуецца слоўнікамі беларускай мовы, ёсць толькі балтызм смільга «расліна мятлік»[4]).

У літоўскай мове вядомыя роднасныя словы smilus («цікаўны, пранырлівы»), smailus («востры; тонкі; цікаўны»), ад іх сучасныя літоўскія прозвішчы (былыя імёны-мянушкі) Smilys, Smailys. Побач са Смілавічамі — Камейкі, Людвінова, ад балцка-літоўскіх імёнаў Kameikis, Liudvinas.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Ад пачатку сваёй гісторыі Смілавічы ўваходзілі ў склад Бакштанскай воласці, якая ўпершыню ўпамінаецца пад 1451 годам як уладанне Кезгайлаў. Па згасанні гэтага роду ў сярэдзіне XVI ст. маёнтак перайшоў у супольнае валоданне Завішаў і Шэметаў.

Першы пісьмовы ўпамін пра Смілавічы як сяло Менскага павета Менскага ваяводства датуецца 1582 годам. Наступны раз паселішча ўпамінаецца пад 1592 годам, калі паміж жыхарамі некалькіх сёл адбылася бойка праз мёд.

Прыкладна ў гэты час на ўскрайку сённяшніх Смілавічаў пасяліліся татары. Назва мясцовасці Татарская Слабада захоўвалася яшчэ ў XIX ст.

У першай чвэрці XVII ст. у маёнтку Бакшты засталіся два ўласнікі: сын памерлага ў 1604 годзе Андрэя Завішы Крыштаф, які сканцэнтраваў у сваіх руках завішанскую частку воласці, і князь Багдан Агінскі, які нейкім чынам набыў тую частку, што папярэдне належала Шэметам. Па смерці апошняга ў 1625 годзе засталіся сыны Аляксандр, Ян і Самуэль. Саўладальнікі Бакштаў парадніліся паміж сабой: князёўна Аляксандра, дачка Аляксандра Агінскага, каля 1645 года выйшла за сына Крыштафа Завішы Андрэя Казіміра. Па смерці Аляксандра Агінскага ў 1667 годзе яго долю Бакштаў успадкаваў яго сын Марцыян (1632—1690). Нашчадкі Самуэля, памерлага ў 1657 годзе, таксама мелі долю ў Бакштах (у Дукоры і інш.) Іхнае ўладанне часам, супроць маёнтка Смілавічы-Бакшты, называлася Смілавічы-Дукора. На сродкі Крыштафа Завішы ў першай палове XVII ст. у Смілавічах-Бакштах збудавалі папяровы млын. У 1613—1644 гадах на ім вялася вытворчасць паперы з філігранямі з выявай герба «Лебедзь» і подпісам па краях «На Бакштах Завіша» (на 1735 год млын ужо не дзейнічаў).

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) войскі Маскоўскай дзяржавы разрабавалі і спустошылі Смілавічы. Паводле падымнага тарыфу Менскага павета за 1667 год, Крыштафу Завішы ў маёнтку Смілавічы-Бакшты належала 346 дымоў, а Марцыяну Агінскаму — 117. Значная частка ўладанняў Агінскіх — мястэчка Дукора з вёскамі ў памеры 170 дымоў — на той момант знаходзілася ў закладзе ў Казіміра Навацкага. У наступным 1668 годзе князь Марцыян Агінскі, крайчы вялікі, у сваёй частцы Смілавічаў, якія тады былі ўжо мястэчкам, ахвяраваў валоку зямлі (крыху больш 21 га) на карысць царквы. У створаным з гэтай нагоды дакуменце ўпамінаецца, што мястэчка і ўся воласць належаць яму і пану Завішу супольна, прычым падданыя розных паноў сяліліся ўперамешку — «хлоп праз хлопа сядзяць». Тая частка мястэчка, дзе пераважалі ўладанні Агінскага, называлася Шахоўнічы. Крыштаф Завіша памёр у 1670 годзе. Ягоная частка маёнтка перайшла да сыноў Андрэя Казіміра (1618—1678) і Яна Юрыя (каля 1620—1671). Марцыян Агінскі, які ў канцы жыцця даслужыўся да высокіх пасад ваяводы троцкага і канцлера вялікага, не пакінуў нашчадкаў. І ягоная доля Бакштаў па смерці ў 1690 годзе адышла да пляменніка Крыштафа Станіслава Завішы — сына ягонай сястры і Андрэя Казіміра Завішы. Такім чынам дзве часткі Смілавічаў сканцэнтраваліся, нарэшце, у адных руках.

У Вялікую Паўночную вайну ў 1710 годзе два палкі войска Вялікага Княства Літоўскага кватаравалі ў Смілавіцкім маёнтку. Прыкладна да гэтага часу належыць прывілей Крыштафа Станіслава Завішы (памылкова датаваны 1736 годам) мясцовым жыдам, у якім ён дазволіў ім адкрыць школу (малітоўны дом).

Сын Крыштафа Станіслава Завішы Ігнацы атрымаў графскі тытул — ён тытулаваўся графам на Бакштах, Бярдзічаве і Завішыне. З гэтай нагоды маёнтак Бакшты-Смілавічы часам называўся ў гэты час Бакштанскім графствам. Ігнацы, як і ягоны дзед, у 1727 годзе пабраўся шлюбам з прадстаўніцай роду Агінскіх — князёўнай Марцыбелай, дачкой ваяводы віленскага Казіміра Дамініка Агінскага (унука Самуэля). Ігнацы Завіша ў 1738 годзе памёр без нашчадкаў, а ягоныя маёнткі засталіся ў руках удавы. У 1747 годзе Марцыбела Агінская заснавала ў Смілавічах кляштар каталіцкага ордэна місіянераў і збудавала для яго мураваны касцёл. На забеспячэнне кляштара яна вылучыла фальварак і сяло Волма, а таксама сяло Клінок. З гэтага часу азначаныя паселішчы перасталі адносіцца да маёнтка Смілавічы-Бакшты, утвараючы ўласнасць манахаў-місіянераў.

Асноўная ж частка маёнтка Смілавічы па смерці Марцыбелы ў 1760 годзе адышла да князя Міхала Казіміра Агінскага (1728—1800), які быў сынам яе брата Юзафа, ваяводы троцкага. У 1791 годзе князь Агінскі прадаў маёнтак Смілавічы шляхціцу Станіславу Манюшку, які папярэдне працаваў у яго аканомам гэтага маёнтку. У гэты час у мястэчку было 85 двароў (43 хрысціянскіх, 31 іўдзейскіх і 13 татарскіх). Тут працавалі два вадзяныя млыны, адзін з якіх выкарыстоўваўся як лесапільня; дзейнічаў кляштар з мураваным касцёлам Святога Вінцэнта, а таксама дзве царквы — у гонар Святога Юрыя і Прачыстай Багародзіцы. Да Смілавіцкага маёнтка належалі 22 паселішчы.

Па смерці Станіслава Манюшкі пры падзеле бацькоўскіх уладанняў Смілавічы атрымаў ягоны сын Казімір, які значна пераабсталяваў сядзібу і заснаваў у ёй батанічны сад. Па смерці Казіміра Манюшкі маёнтак адышоў да ягонага малодшага брата Аляксандра, які пачаў будаваць у мястэчку новы мураваны палац. Адзіная дачка Аляксандра Манюшкі Паўліна выйшла за Лявона Ваньковіча, да якога ў выніку гэтага шлюбу перайшоў і маёнтак Смілавічы.

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Смілавічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе з 1795 года сталі цэнтрам воласці Ігуменскага павета. На 1797 год у мястэчку існавала паштовая станцыя, у якой было 12 коней, 6 хурманаў. Асноўным відам транспарту быў гужавы.

На 1844 год у Смілавічах было 62 двары, у сярэдзіне XIX ст. працавала суконная фабрыка, прадукцыя якой прадавалася ў Мінску і Мінскай губерні. На 1859 год працавала Смілавіцкае паштова-тэлеграфнае аддзяленне. У 1863 годзе ў мястэчку адкрылася земскае народнае вучылішча, у якім на 1867 год навучалася 137 дзяцей (з іх 34 дзяўчынкі). У 1867 годзе ў Смілавічах дзейнічалі 2 касцёлы, адзін з якіх расійскія ўлады перарабілі пад царкву Маскоўскага патрыярхату.

У пачатку 1880-х гадоў у Смілавічах было 95 двароў, дзейнічалі валасная ўправа, 3 царквы, касцёл, мячэць, 3 іўдзейскія малітоўныя дамы, 2 вадзяныя млыны на рацэ Волме, вінакурны і піваварны заводы, суконная фабрыка, 30 крамаў, адзін раз на тыдзень праводзіўся таржок. Да канца XIX ст. межы мястэчка пашырыліся, а колькасць двароў і жыхароў значна вырасла, ажывіўся гандаль. Паводле Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх тут было 375 драўляных будынкаў (352 у мястэчку і 22 на прадмесці, званым Татарская Слабада), працавалі мужчынская і жаночая царкоўна-прыходскія школы, шпіталь, паштовая станцыя, паліцэйскі пастарунак, валасная ўправа, мячэць, 2 іўдзейскія дамы малітвы, суконная фабрыка і шматлікія невялікія татарскія гарбарні[5].

Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у Смілавічах было 498 двароў, працавалі валасная ўправа, 2 царквы (драўляная і мураваная), капліца, касцёл, мячэць, 5 іўдзейскіх малітоўных дамоў, 2 земскія народныя вучылішчы (жаночае і мужчынскае), 2 царкоўна-прыходскія школы, прыёмны пакой на 2 ложкі для хворых, паштовая станцыя, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, хлебазапасны магазін, суконная фабрыка, некалькі гарбарняў, 58 дробных крамаў, 2 заезныя дамы, 9 корчмаў, устаноўка для прыгатавання сельтэрскай вады; таржкі ў нядзельныя і святочныя дні, быў рынкавы пляц. Побач з мястэчкам знаходзіўся аднайменны маёнтак: 1 двор, 83 жыхары, дзейнічаў вінакурны завод.

У пачатку XX ст. у Смілавічах было 454 двары. Большую частку насельніцтва складалі жыды. Тут бытавалі гарбарныя, кавальскія, млынавыя, бандарныя, ганчарныя, кравецкія, шавецкія, рымарскія, ткацкія і інш. промыслы і рамёствы. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам і дробным гандлем. У нядзелі і святочныя дні адбываліся таржкі.

У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Смілавіцкай воласці адбылося некалькі сялянскіх выступленняў. Яны праявіліся ў самавольных парубках лясоў, захопе сенажацяў зямянаў. У жніўні 1914 года група мабілізаваных на фронт у часе руху паштовым трактам з Ігумена ў Мінск разграмілі некалькі маёнткаў, у тым ліку і Смілавічы. Сялянскія хваляванні ў Смілавіцкай воласці адбыліся таксама ў верасні 1917 года.

На 1917 год у мястэчку Смілавічах было 633 двары; у аднайменным маёнтку быў 1 двор. За часамі Першай сусветнай вайны ў лютым 1918 года мястэчка занялі войскі Германскай імперыі.

У канцы лютага 1918 года тэрыторыя акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Смілавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, жыхары мястэчка атрымалі Пасведчанні Народнага Сакратарыята БНР[6]. У снежні 1918 года заняты Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшлі ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час Польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 года мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Польшчы.

З 31 ліпеня 1920 года ў БССР. У 1924—1931 і 1935—1938 гадах Смілавічы былі цэнтрам раёна, з 1924 года — цэнтр сельсавета. У 1926 годзе тут працавала беларуская сямігадовая школа. Апроч таго, у мястэчку дзейнічалі Народны дом, 3 клубы, 86 чырвоных куткоў, бібліятэка, некалькі гурткоў ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1930-я гады савецкія ўлады зруйнавалі помнік архітэктуры XVIII ст. касцёл і кляштар місіянераў. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года мястэчка было пад акупацыяй Трэцяга рэйха. На тэрыторыі пасёлка было арганізаванае гета. У гэты час у Смілавічах і ваколіцах дзейнічалі савецкія партызаны.

З 1960 года Смілавічы ў складзе Чэрвеньскага раёна. 2 лістапада 1963 года яны атрымалі афіцыйны статус гарадскога пасёлка[7].

У 2018 годзе ў склад Смілавічаў увайшла вёска Жураўкавічы.

  • 1791 год — 564 чал. (257 муж. і 307 жан.)
  • 1881 год — 500 чал.;
  • 1889 год — 1676 чал., з іх 464 хрысціян, 222 магаметан і 990 іўдзеяў;
  • 1897 год — 3498 чал.
  • 1901 год — 3335 чал.;
  • 1917 год — 2766 чал., з іх 215 беларусаў, 73 палякі, 2102 яўрэі ў мястэчку Смілавічах і 126 чал. у маёнтку Смілавічах;
  • 1975 год — 5,7 тыс. чал.[8];
  • 1995 год — 4,6 тыс. чал.[9];
  • 2000 год — 5625 чал.
  • 2006 год — 5,3 тыс. чал.[10];
  • 2008 год — 5,3 тыс. чал.;
  • 2009 год — 4654 чал.[11] (перапіс);
  • 2015 год — 5079 чал.[12];
  • 2016 год — 5212 чал.[13];
  • 2017 год — 5386 чал.[14];
  • 2021 год — 5913 чал.[15]

Апроч беларусаў у Смілавічах традыцыйна жылі яўрэі і татары. Большасць яўрэяў загінула ў часе Другой сусветнай вайны ці пераехала ў іншыя месцы, у тым ліку ў ЗША і Ізраіль. Татарская абшчына захавалася да нашага часу. У пасляваенны перыяд у сувязі з пабудовай валюшна-лямцавай прамысловасці ў Смілавічах таксама жывуць выхадцы з Башкартастана.

Прадпрыемствы: валюшна-лямцавая фабрыка, гарбарны завод, механічныя майстэрні, прадпрыемства «Жылкампаслугі-Смілавічы», СКФ «Мантаж» (вытворчасць шклопакетаў для вокнаў), камбінат бытавых паслуг.

Значная частка насельніцтва займаецца таварным агародніцтвам.

Адукацыя. Культура

[правіць | правіць зыходнік]
Дом культуры

У Смілавічах працуюць саўгас-тэхнікум, завочны сельскагаспадарчы каледж, прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 203, 2 сярэднія агульнаадукацыйныя і дзіцячая музычная школы, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы. У сферы культуры дзейнічаюць дом культуры, кінатэатр, 2 бібліятэкі, дом дзіцячай творчасці, музей «Прастора Хаіма Суціна».

Палац Манюшкаў
  • Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (XVIII—XIX стст.)
  • Старыя габрэйскія могілкі
  • Татарскія могілкі
  • Помнікі: стэла на магілах ахвяр нацызму на вуліцы Савецкай (1980); стэла на магілах ахвяр нацызму на вуліцы Чкалава (1965); абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан (на могілках), якія загінулі ў баях з немцамі ці памерлі ад ран (1960); помнік-стэла на ўшанаванне памяці настаўнікаў і вучняў Смілавіцкай сярэдняй школы, якія загінулі ў час Другой сусветнай вайны (1968)
  • Чорныя хвоі, батанічны помнік прыроды
  • Новая мячэць
  • Новая Свята-Георгіеўская царква

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  2. В. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 352.
  3. Міншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў (Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца). Мінск, 1998. С. 701.
  4. Смільга.
  5. Jelski A. Śmiłowicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew (польск.). — Warszawa, 1889. S. 886.
  6. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
  7. Дулеба Г. Смілавічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 368.
  8. Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  9. Беларусь 1995.
  10. Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
  11. Перепись населения — 2009. Минская область Архівавана 30 кастрычніка 2010. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа Архівавана 15 мая 2015. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа Архівавана 6 ліпеня 2016. (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа Архівавана 13 жніўня 2020. (руск.)Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. Численность населения на 1 января 2021 г. и среднегодовая численность населения за 2020 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа