[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Ажына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ажына

Ажыны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Rubus caesius L., 1753, non Bojer, 1837

Сінонімы
  • Rubus caesius subsp. leucosepalus Focke, 1914
  • Rubus caesius subsp. turkestanicus (Regel) Focke, 1914
  • Rubus caesius var. turkestanicus Regel, 1892
  • Rubus psilophyllus Nevski, 1937, non R.Keller, 1906
  • Rubus turkestanicus (Regel) Pavlov, 1935
  • Selnorition caesius (L.) Raf., 1838

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  24898
NCBI  75065
EOL  11162104
GRIN  t:32278
IPNI  735608-1
TPL  rjp-8

Ажы́на[3], Ажына шызая[4], Маліна шызая (Rubus caesius) — паўкустовая расліна з роду маліна (Rubus) сямейства ружавыя (Rosaceae)[5].

Таксама вядома пад народнымі назвамі — чо́рная малі́на, яжы́на, жа́вікі, ажавіна[6], жаві́на[7], ажы́ннік, скарбары́ха[7], ажына шызая, ажыны, чорныя маліны[7][8], жавіннік[7], ежавіны, сербаліны.

Батанічнае апісанне

[правіць | правіць зыходнік]
Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Куст ці паўкуст[9], які дасягае 60—150 см у вышыню[10]. Надземныя парасткі двухгадовыя, цыліндрычныя, ляжачыя альбо ўздымаюцца, часта дугападобна сагнутыя[9], з жоўта-зялёнымі гладкімі або апушанымі галінкамі і шматлікімі невялікімі шыпамі няправільнай формы, фіялетава-шызыя, звычайна пакрытыя шыпамі і шчацінкамі[10], пакрытыя васковым налётам[9]. Верхавіны парасткаў, прыгінаючыся да паверхні глебы, здольныя укараняцца[9].

Лісце чаргаванае, падзеленае на тры долі, з ланцэтнымі прылісткамі і пакрытымі шыпамі хвосцікамі 4-7 см даўжынёй, з зубчастымі бакамі, з абодвух бакоў апушаныя, пафарбаваны ў светла-зялёныя тоны[9]. Сярэдні лісцік буйнейшы за бакавыя, часта трохлопасцевы[10].

Кветкі двухполыя, параўнальна вялікія, дыяметрам да 3 сантыметраў[9], з лямцавымі зялёнымі чашачкамі і белымі, шырока-эліпсападобнымі пялёсткамі, у негустой шчыткападобнай гронцы на канцах сцёблаў і галінак, з’яўляюцца позна і неадначасова[9]. Кветканосы доўгія, тонкія. Завязь голая, верхняя. Тычынкі амаль роўныя па даўжыні песціку.

Карэнішча шматгадовае.

Плады (ягады) — цьмяна-чорныя, з шызым васковым налётам, сакаўныя шматкасцянкі з буйнымі пляскатымі костачкамі[5][9][10]. Ядомыя, салодкія[9].

Распаўсюджанне і экалогія

[правіць | правіць зыходнік]
Ажыннік у Бельгіі

Пашырана ў краінах Заходняй Еўропы, у Малой Азіі, Іране, Заходняй Сібіры, Каўказе, Крыме. На Беларусі трапляецца ўсюды, асабліва на Палессі[10]. Апісана з Еўропы.

Расце ў падлеску змешаных і лісцяных лясоў, у ярах, на высечках, па берагах рэк, азёр і ручаёў на заліўных лугах і палях, у хмызняках — утварае густыя непраходныя зараснікі[5][9].

Ценевынослівая расліна. Перыяд цвіцення расцягнуць з мая па жнівень, плады спеюць праз 4—6 тыдняў пасля цвіцення.

Культура сартавой ажыны магчыма ў раёнах, дзе гадавая сума дадатных тэмператур перавышае 2200 °C, а сярэдні абсалютны мінімум не ніжэй за −28 — −29 °C. Пры −17 °C расліна патрабуе ўкрыцця на зіму. Пад ажыну адводзяць мясціны цёплыя, якія добра праграваюцца і ахаваны ад вятроў. Добры рост і пладанашэнне кустоў магчымы на вільготных, але не пераўвільготненых, урадлівых і глыбока дрэніраваных глебах лёгка- і сярэднесугліністага механічнага складу.

Догляд раслін нескладаны. Глебу каля раслін трымаюць у рыхлым і чыстым ад пустазелля стане. Двухгадовыя парасткі, якія адпладаносілі, выразаюць. Сцелістыя і паўсцелістыя аднагадовыя парасткі прыгінаюць на зіму да зямлі і прыкрываюць, а вясной падымаюць і ставяць на шпалеру. Для прамастаячых парасткаў ажыны ўстаноўку шпалеры і прыгінанне кустоў на зіму не праводзяць.

Збор, перапрацоўка і захоўванне

[правіць | правіць зыходнік]
Ягады

Ягады ажыны паспяваюць неадначасова. Іх збіраюць у некалькі прыёмаў. Спелыя ягады лёгка аддзяляюцца ад чашачкі разам з пладаложам. Плады ажыны амаль не мнуцца пры ўборцы, адрозніваюцца добрай транспартабельнасцю і добра захоўваюцца пры нулявой тэмпературы.

Збіраюць плады уручную ў маленькія 3—5-кілаграмовыя кошыкі. Свежыя плады захоўваюць на працягу трох-пяці дзён. Сушаць іх на сонцы або ў агнявых сушылках пры тэмпературы 55—60 °C. Высушаныя плады працяглы перыяд не губляюць сваіх смакавых і пажыўных якасцей. Захоўваюць іх у кардонных скрынях або папяровых мяшках.

Хімічны склад

[правіць | правіць зыходнік]

Плады ўтрымліваюць цукры (6—6,8 %), яблычную, цытрынавую, вінную і саліцылавую кіслоты, дубільныя і азоцістыя злучэнні, мінеральныя рэчывы, вітаміны С, Е і карацін. Насенне ўтрымлівае 9—12 % тлустага алею.

Гаспадарчае значэнне

[правіць | правіць зыходнік]

Харчовая, меданосная, лекавая, кармавая, фарбавальная, таніданосная, дэкаратыўная расліна.

Лекавая расліна. Ягады, карані, лісце, якія збіраюць у жніўні-верасні, з’яўляюцца слабільным і патагонным сродкам[5]. Ягады расліны багатыя цукрамі, вітамінамі, карацінам, танідамі[5].

У народнай медыцыне плады здаўна цэняцца як кровеачышчальны, супрацьгліставы сродак і сродак, які паляпшае перыстальтыку кішачніка[9][10]. Пладамі лечаць катар кішак, болі ў страўніку, крывавы панос. Яны лічацца супрацьгніласным сродкам. Лісце ажыны ў сумесі з кветкамі календулы, травой хвашчу, вярбы і дубовай карой рэкамендуюцца пры запаленнях скуры, лішаі, экзэме, грыбковых хваробах. Карані, выкапаныя вясной і звараныя з мёдам, рэкамендуюцца ад вадзянкі[9], з іх здабываюць сок, які валодае мачагоннымі ўласцівасцямі[9]. Лісце ўжываюць як патагонны і анціцынготны сродак, для паласкання горла пры ангінах[9], парашок з лісця — для засыпання ран. Адвар галін п’юць пры неўрозах і аддышцы[9].

Шафранавыя (Готландскія) бліны  (шведск.) з ажынавым варэннем

Плады ажыны сакавітыя, аднак валодаюць менш высокімі смакавымі якасцямі, чым у іншых прадстаўнікоў роду. Маладое лісце ажыны выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі сурагату чаю[5].

Плады ўжываюць у ежу свежымі і сушанымі, выкарыстоўваюць таксама для гатавання варэння, сіропаў, віна, безалкагольных напояў, экстрактаў, жэле, мармеладаў[10].

Ажына дае пчолам багаты ўзятак нектару і пылку. Дае каля 20 кг з гектара зараснікаў. Мёд светлы, часам з жаўтлявым адценнем, празрысты з прыемным водарам[11].

Парасткі і лісце ажыны ўтрымліваюць таніды (4—7 %), прыдатныя для дублёння шкур. Сок з пладоў выкарыстоўваюць для падфарбоўкі вінаў, з кіслотамі ён дае чырвоны колер, а са шчолачамі — сіні. Ён прыдатны для афарбоўкі тканін у фіялетавы, далікатна-ружовы, карычнева-фіялетавы колеры.

У ладшафтным дызайне

[правіць | правіць зыходнік]
Восеньская афарбоўка лісця

Карэнне ажыны здольна ўмацоўваць яры, таму расліна прыдатная для лесамеліярацыйнай працы[5]. Як дэкаратыўная расліна ажына прыдатная для вертыкальнага азелянення, прыкрыцця сцен і альтанак.

Паштовая марка СССР

У 1964 годзе выява ажыны была выкарыстана на паштовай марцы СССР, у 2004 годзе — на паштовай марцы Беларусі.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 113. — 160 с. — 2 350 экз.  — у крыніцы пад назвай Merula merula
  4. Назва згодна з Я. П. Шмярко, І. П. Мазан. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. — Мн: Навука і тэхніка, 1989. — С. 388. — 399 с. — ISBN 5-343-00120-3.
  5. а б в г д е ё Г. У. Вынаеў. Ажына // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз. — С. 42
  6. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  7. а б в г Анненков Н.  (руск.) Ботанический словарь, Спб, 1878
  8. Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
  9. а б в г д е ё ж з і к л м н о Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Ежевика // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 44-46. — 200 с. — 130 000 экз.
  10. а б в г д е ё Дикорастущие плоды и ягоды / Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И. — 2-е изд., перераб. и доп. — Мн.: Ураджай, 1981. —159 с., 16 л. ил.
  11. Абрикосов Х. Н. и др. Ежевика // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 100. Архівавана 7 студзеня 2012.