[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Імперыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Імперыя (лац.: imperium — улада, дзяржава) — гістарычная форма дзяржаўна-палітычнага ўтварэння. Ёсць некалькі як сучасных, так і састарэлых азначэнняў гэтага паняцця.

1) У рымлянаў найвышэйшая дзяржаўная ўлада, гэтаксама як maiestas належала народу, які выяўляў яе ў выбарах, заканадаўстве, судзе, вырашэнні пытанняў вайны і міру. Адсюль выцякае І. як найвышэйшыя паўнамоцтвы магістратаў, спачатку цароў, у рэспубліканскі час — старэйшых магістратаў. І. надавалася народам праз выбары або спецыяльным законам. Як выключэнне народ мог надаць І. асобам, якія не належалі да старэйшых магістратаў. Дзеля таго, што асобы, якім надавалася І. не мелі роўных паўнамоцтваў, пачалі адрозніваць вялікую і меншую І., найвышэйшая ступень — summum I. — надавалася дыктатару. Консул атрымліваў ваенную І., прэтар цывільную.

Тэарэтычна І. народу існавала і пасля падзення рэспублікі, але цалкам перайшла да імператара (глядзі Прынцыпат), і пазней надавалася імператару законам (г.зв. lex de imperio), надаваўшым вярхоўную ваенную І. пажыццёва наўсёй тэрыторыі Рымскай І. разам з іншымі шырокімі паўнамоцтвамі, якія ў апошнія гады рэспублікі былі далучаныя да надзвычайнай І., якая надавалася некаторым палкаводцам. Наданне І. суправаджалі знешнія адзнакі, перш за ўсё — ліктары.

2) Тэрыторыя, на якую распаўсюджваецца ўлада, нададзеная І. ў сэнсе 1).

3) Найменне манархічных дзяржаваў, галавой якіх з’яўляецца імператар. Гэта звычайна вялікія дзяржавы, якія склаліся з некалькіх народаў ці дзяржаваў.

І. называлася Рымская дзяржава пасля ўсталявання ў канцы 1 ст. да н.э., пры Аўгусце аднаасобнай улады імператара. Пазней І. былі Візантыя, Дзяржава франкаў пасля 800 г., Свяшчэнная Рымская імперыя, Расія, Францыя пры Напалеоне I і Напалеоне III, Аўстрыя — з 1804 г. (з 1868 г. — Аўстра-Венгрыя) да 1918 г., Германія — з 1871 да 1918 г.

4) Вялікія дзяржавы, са значнымі залежнымі тэрыторыямі. Тут імперыю ўтварае метраполія і яе калоніі і дамініёны (напрыклад, Брытанская імперыя).