[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Фагот

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фагот
выява
Класіфікацыя язычковы драўляны духавы музычны інструмент з падвойным кіем
Дыяпазон
Роднасныя інструменты
Музыканты Спіс фагатыстаў
Лагатып Вікісховішча Фагот на вікісховішчы

Фагот (італ.: fagotto, літар. «вузел, пучок, вязанка», ням.: Fagott, фр.: basson, англ.: bassoon) — язычковы драўляны духавы музычны інструмент басовага, тэнаровага і часткова альтовага рэгістра. Мае выгляд сагнутай доўгай трубкі з сістэмай клапанаў і двайным (як у габоя) кіем, які насаджваецца на металічную трубку («эс») у форме літары S, якая злучае кій з асноўным корпусам інструмента. Сваю назву атрымаў з-за таго, што ў разабраным стане нагадвае вязанку дроў.

Фагот сканструяваны ў XVI стагоддзі ў Італіі, у аркестры ўжываецца з канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя, заняў у ім пастаяннае месца да канца XVIII стагоддзя. Тэмбр фагота вельмі экспрэсіўны і на ўсім дыяпазоне багаты абертанамі. Найбольш ужываюцца ніжні і сярэдні рэгістр інструмента, верхнія ноты гучаць крыху гугнява і здушана. Фагот ўжываецца ў сімфанічным, радзей у духавым аркестры, а таксама як сольны і ансамблевы інструмент.

Гісторыя ўзнікнення і развіцця фагота

[правіць | правіць зыходнік]

З’яўленне фагота адносіцца да першай паловы XVI стагоддзя. Яго вынаходніцтва на працягу многіх гадоў прыпісвалася каноніку з Ферары Афраніа дэль Альбанезі. У XX стагоддзі, аднак, было ўстаноўлена, што інструмент Афраніа ўяўляў сабой падабенства дуды з металічнымі язычкамі і нічога агульнага з фаготам не меў.

Непасрэдным папярэднікам фагота быў старадаўні духавы інструмент пад назвай «Бамбардзье». У адрозненне ад яго, фагот для выгоды вырабу і пераноскі быў падзелены на некалькі частак. Змяненне канструкцыі станоўча паўплывала на тэмбр інструмента, што адбілася ў яго назве — першапачаткова яго называлі «дульцыянам» (ад італ. Dolce — «пяшчотны, салодкі»). Імя сапраўднага вынаходніка фагота ўсё яшчэ застаецца невядомым.

На пачатковым этапе фаготы мелі толькі 3 клапаны, у XVIII стагоддзі — 5 клапанаў, а таксама актаўныя клапаны, што значна пашырыла верхні рэгістр.

У пачатку XIX стагоддзя вядучае месца на музычным рынку займалі інструменты французскай сістэмы, якія мелі 11 клапанаў. Аўтарам гэтых мадэляў быў Жан-Ніколь Савары. Пазней з’явіліся інструменты ўзору французскіх майстроў А. Бюфэ і Ф. Трэбера.

Асаблівае месца ў гісторыі ўдасканалення інструмента займае фагатыст і капельмайстар Карл Альменрэдэр, ў 1831 г. разам з Іаганам Адамам Гекелем, які заснаваў у Бібрыху вытворчасць драўляных духавых інструментаў. У 1843 г. Альменрэдэр прадставіў сканструяваны ім удасканалены, 17-клапанавы фагот. Гэтая мадэль была прынятая за аснову і даведзена да дасканаласці фірмай «Гекель». Французскія, а затым і аўстрыйскія фаготы, якія выпускаліся ў сярэдзіне XIX стагоддзя фірмай «Цыглер і сын», не вытрымалі канкурэнцыі з інструментамі Гекеля і былі выцесненыя ў шэрагу краін.