[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Папараць-кветка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Папараць-кветка на памятнай манеце Нацыянальнага банка Беларусі

Папараць-кветка — у беларускай міфалогіі чароўная расліна, якая надавала чалавеку магічныя якасці: ён пачынаў разумець мову жывёл і дрэў, бачыць скрозь зямлю схаваныя скарбы, лячыць людзей ад розных хвароб, ведаць будучыню і інш. Кветка быццам з’яўляецца ў купальскую ноч.

Паводле павер’яў, у купальскую ноч трэба было выйсці ў лес аднаму, без факела, без ліхтара (у некаторых паданнях, нават босым ці наогул без адзення). Трэба было зайсці ў такія лясныя нетры, з якіх не чутно нават пеўняў і сабак з роднай вёскі. Кажуць, што папараць-кветка зіхаціць у цемры. Трэба было параніць далонь, сціснуць у гэтай далоні кветку і скіравацца дадому. Нячыстая сіла будзе гаманіць, раўці, пужаць, але не трэба азірацца. Атрымаўшы папараць-кветку, чалавек набудзе здольнасць бачыць тое, што іншым нябачна, стане мудрым.

Здаралася, што над кветкай малявалі крыжык, які абазначаў таемны скарб, а знізу пеўня, які сімвалізаваў поўнач.

На цесную сувязь расліны з нячыстымі паказвае яе другая назва «Чортава барада». Таму ў некаторых мясцінах яе «б’юць-ламаюць», каб яна не рассявалася на полі, лузе або ў лесе. Таго, хто набліжаецца да Папараць-кветкі, могуць напалохаць жудасныя пачвары.[крыніца?]

Марка Украіны з папараць-кветкай, прысвечана купалаўскаму святу. 1997

Павер’е магло мець рэальную падставу. Папараць ніколі не квітнее, але яе споры часам выпраменьваюць маленькае свячэнне. Гэта адносіцца толькі да рэдкай каралеўскай папараці, якой сёння ў Беларусі амаль не засталося — яна захавалася, у прыватнасці, у Белавежскай пушчы і занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.

У літаратуры і мастацтве

[правіць | правіць зыходнік]

Папараць-кветка сустракаецца ў беларускіх казках, легендах і песнях. Да легенды звярталіся Мікалай Гогаль («Вечар перад Іванам Купалам»), Юзаф Крашэўскі («Кветка папараці»), Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала («У купальскую ноч», «Курган»), Якуб Колас («Ноч, калі папараць цвіце»), Міхась Чарот («На Купалле»), Францішак Аляхновіч (дзіцячая п’еса «Папараць-кветка», 1916), Канстанцыя Буйло («Кветка папараці»), Уладзімір Караткевіч («У тую ноч», п’еса «Калыска чатырох чараўніц»). Шмат гадоў ідзе на сцэне Тэатра юнага гледача п’еса Івана Козела «Папараць-кветка» (1957) у пастанове рэжысёра Любові Мазалеўскай. У пастанове рэжысёра М. Сокала у 2015 годзе адбыўся першы паказ мюзікла «Папараць-кветка». На адной з вуліц Мінска знаходзіцца скульптурная кампазіцыя Анатоля Анікейчыка «Папараць-кветка» (1967). Па лібрэта Вольгі Барысевіч, Петруся Броўкі і Петруся Глебкі кампазітарам Аляксеям Туранковым напісана опера «Кветка шчасця» (1940). У выяўленчым мастацтве вобраз папараць-кветкі сустракаецца ў карцінах Ганны Сілівончык, вялікі габелен Галіны Крываблоцкай «Папараць-кветка» вісіць ў палацы культуры Навагрудка. Вядомы цыкл фотаработ Вольгі Сяргеевай і Альберта Цехановіча «У пошуках папараць-кветкі». Таксама расліне была прысвечана песня «Папараць-кветка», што ўвайшла ў альбом «На Марс!» беларускага гурта «Neuro Dubel», выкананая па-беларуску.

Папараць-кветка з’яўляецца сімвалам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

У 1917 годзе ў Слуцку створана «Папараць-Кветка» — беларускае культурна-асветнае таварыства, якое мела 3 секцыі: краязнаўчую, літаратурную і драматычна-харавую. Таварыства выступала за прапаганду беларускай мовы, культуры і мастацтва. У 1920 годзе ў складзе таварыства налічвалася больш за 300 чалавек.