[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Нілоты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Самбуру

Ніло́ты — група народаў ва Усходняй Афрыцы, якія размаўляюць на нілоцкіх мовах. Жывуць пераважна ў Паўднёвым Судане, Эфіопіі, Угандзе, Кеніі, Танзаніі. Агульная колькасць перавышае 10 млн чалавек.

Тэорыі фарміравання нілоцкіх народаў пачалі высоўвацца вучонымі ў XIX ст., калі еўрапейцы шчыльна сутыкнуліся з імі ў працэсе каланізацыі Усходняй Афрыкі. У першую чаргу нілотаў вылучалі па расавых прыкметах. Яны адрозніваліся ад іншых негроідаў высокім ростам, вузкім носам, доўгімі канечнасцямі і г. д. Другім істотным адрозненнем былі заняткі. Нілоты звычайна займаліся пашавай жывёлагадоўляй, трымалі кароў. Знешняе аблічча гэтых жывёлін нагадвала выявы кароў на малюнках у Старажытным Егіпце. Даследаванні нілоцкіх моў паказалі іх падабенства, аднак падрабязная класіфікацыя і вывучэнне храналогіі іх развіцця пачаліся толькі ў другой палове XX ст. Тым не меней, была зроблена выснова, што нілоты — нашчадкі перасяленцаў з даліны Ніла, дзе яны першасна сфарміраваліся на поўдзень ад Нубіі, магчыма ў раёне зліцця Белага Ніла і Блакітнага Ніла. Гэты пункт гледжання ўсё яшчэ пераважае ў гістарычнай літаратуры.

У XX ст. этнографы і археолагі выявілі, што сучасныя мовы і культуры нілотаў Судана і Паўднёвага Судана ўзніклі адносна позна, не раней за перыяд сярэднявечча. Між тым, прынята лічыць, што нілоцкая міграцыя дасягнула захаду Кеніі ўжо ў другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. Археалагічныя раскопкі ў Паўднёвым Судане дазваляюць меркаваць, што пастаральнай жывёлагадоўляй там пачалі займацца каля 4000 — 1500 гадоў таму. Лепей вывучаныя рэшткі буйной рагатай жывёлы, знойдзеныя каля Туркана на мяжы Кеніі і Эфіопіі, яшчэ больш старажытныя, датуюцца 3 тысячагоддзем да н.э.

Недахоп археалагічных дадзеных толькі часткова кампенсуецца даследаваннямі генетыкаў. У пачатку XXI ст. яны выявілі блізкасць паўднёвасуданскіх нілотаў да нубійцаў і дарфурцаў, але не да нілотаў (накшталт масаяў) трапічнай зоны. Даследаванне на аснове мадэлявання паказвае позні ўнёсак генаў суданцаў ва ўсходнія афрыканскія папуляцыі (каля 2200 гадоў таму).

Спіс нілоцкіх народаў

[правіць | правіць зыходнік]