[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Анамія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Анамія (ад фр.: anomie - адсутнасць закону, беззаконнасць) — стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыдычных, маральных і іншых нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў французскі сацыёлаг Э.Дзюркгейм. У манаграфіях «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён падкрэсліваў, што анамія або дэзарганізацыя грамадскага жыцця найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў стане глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу і ў якім імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей у сваёй большасці не маюць шанцаў на рэалізацыю.

Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Таму трэба знаходзіць сродкі і шляхі для гарманізацыі імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак. Паводле Дзюркгейма анаміі здольна пазбегнуць устойлівае і з'яднанае грамадства. Далейшае развіццё тэорыя анаміі набыла ў працах амерыканскіх сацыёлагаў І.Ламбда (лічыў анамію крыніцай сацыяльных беспарадкаў), Р.Мертана (вызначаў анамію як «канфлікт норм у сферы культуры»), нямецкага сацыёлага Р.Дарэндорфа (лічыў анаміяй такое становішча, калі нормы права, маралі і грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі).

  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7