[go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Polandball

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Польшар, створаны карыстальнікамі.

Polandball (Польшар) — створаны карыстальнікамі разьдзелу /int/ нямецкага іміджборду Krautchan.net у другой палове 2009 року. Мэм прэзэнтаваны ў вялікай колькасьці інтэрнэт-коміксаў, дзе краіны-пэрсанажы прадстаўленыя афарбаванымі ў нацыянальныя колеры шарамі, якія размаўляюць ламанай ангельскай мовай, высьмейваючы нацыянальныя стэрэатыпы і міжнародныя адносіны. У выпадку, калі сярод шароў адсутнічае Польшар, яны таксама могуць называцца countryballs (краінашары).

Зьяўленьне Polandball зьвязана з «кібэрвайной», якую вялі ў жніўні 2009 року польскія інтэрнэт-карыстальнікі супраць усяго астатняга сьвету на бачыне drawball.com. Гэты сэрвіс прапануе карыстальнікам віртуальнае палатно ў выглядзе шару, на якім можна маляваць, у тым ліку над малюнкамі іншых карыстальнікаў. У польскім інтэрнэт-асяродку паўстала ідэя намаляваць на палатне сьцяг Польшчы, што і было ажыцьцёўлена сіламі тысячаў палякаў. На тле падзеленага на белую і чырвоную паловы палатна яны напісалі таксама слова «POLSKA». Пасьля ўмяшальніцтва карыстальнікаў іміджборду 4chan па-над польскім сьцягам была намаляваная гіганцкая свастыка[1][2].

Разьдзел /INT/ нямецкага іміджборду Krautchan.net карыстаецца вялікай папулярнасьцю ангельскамоўных наведвальнікаў. Менавіта ў гэтым асяродзьдзі паўстаў Polandball: ягонае аўтарства прыпісваецца Falco, які стварыў мэм у верасьні 2009 року ў праграме Microsoft Paint. Першапачаткова мэм быў апалітычны і прызначаўся для тролінгу паляка Wojak, які пісаў ламанай ангельскай мовай. Неўзабаве ідэя была падхопленая расейскамоўнымі карыстальнікамі, якія з энтузіязмам пачалі маляваць коміксы пра Polandball[1][3][4].

Коміксы пра Польшар набралі папулярнасьць пасьля авіякатастрофы самалёту польскага прэзыдэнта ў красавіку 2010 року. Асаблівай папулярнасьцю карыстаецца гісторыя Польшчы, замежныя стасункі і нацыянальныя стэрэатыпы[3][5]. Як правіла, Польшар выяўляюць у коміксах як пэрсанаж з маніяй велічы і нацыянальнымі комплексамі[2]. У дыялёгах паміж краінашарамі ў асноўным выкарыстоўваецца ламаная ангельская мова і інтэрнэт-слэнг, што нагадвае мэм Lolcat. Польшар наўмысна выяўляецца чырвоным зьверху і белым зьнізу (перакулены польскі сьцяг), а напрыканцы коміксу Polandball вельмі часта плача[1][2].

«Польшча можа ў космас»

Частка сюжэтаў коміксаў паўстала з перадумовы, што Польшча ня мае ўласнай касьмічнай праграмы і магчымасьці палёту ў космас, у адрозьненьне ад Расеі. Так, адзін з найпапулярнейшых коміксаў пачынаецца з таго, што гіганцкі мэтэарыт рухаецца да Зямлі, пагражаючы яе зьнішчэньнем. У гэты час краіны з касьмічнымі тэхналёгіямі пакідаюць Зямлю і круцяцца на яе арбіце, а Польшар застаецца і ў канцы коміксу са сьлязьмі на вачох прамаўляе кананічную фразу-мэм ламанай ангельскай мовай: «Польшча ня можа ў космас» (анг. Poland cannot into space)[3]. Лічыцца, што такім жартоўным спосабам расейцы паставілі кропку ў дыскусіі пра тое, якая краіна больш прасунутая[1][3][5].

Сюжэт іншага коміксу грунтуецца на гістарычна-палітычнай сатыры: Польшар даводзіць да нуды іншыя краінашары сваімі заявамі кшталту «І вось, калі мы разграмілі Расею і туркаў, і былі найвялікшай у сьвеце дзяржавай, і…» (анг. So when we crushed Russia and the turks were were the biggest country in the world… and…). Астатнія краінашары пачынаюць сьмяяцца з Польшчы. Разьюшаны Польшар крычыць «kurwa!» і паказвае таблічку з надпісам «Інтэрнэт — гэта сур’ёзна» (анг. Internet serious business), што зьяўляецца інтэрнэт-слоганам, які выкарыстоўваецца ў выпадках, калі патрэбна папракнуць іншых у непаважлівым стаўленьні да прадмету дыскусіі. Як звычайна, комікс сканчаецца плачам Polandball-у[1][2][6].

Краінашар Вялікабрытаніі

Існуюць коміксы і пра шары іншых краінаў, якія найчасьцей называюць таксама Polandball[1], хоць можа ўжывацца і больш агульная назва countryball[4]. Існуюць таксама шары асобных частак дзяржаваў: Баварыі, Каталёніі, Сыбіры і амэрыканскіх штатаў. Сынгапур адлюстроўваецца ў выглядзе трыкутніка і мае назву Трынгапур; Ізраіль мае форму гіпэркубу (алюзія на габрэйскую фізыку); Казахстан прымае форму цагліны; Вялікабрытанія носіць цыліндар і манокль[7].

  1. ^ а б в г д е Wojciech Orliński. (16 студзеня 2010) Wyniosłe lol zaborców, czyli Polandball (пол.). Gazeta WyborczaПраверана 25 сакавіка 2012 г.
  2. ^ а б в г Radosław Zapałowski. (15 лютага 2010) Znowu lecą z nami w… kulki (пол.). Cooltura. Праверана 22 сакавіка 2012 г.
  3. ^ а б в г Kuba Kapiszewski. Fenomem - Polska nie umieć kosmos (пол.). Przegląd. Праверана 26 сакавіка 2012 г.
  4. ^ а б Polandball (анг.). Knowyourmeme. Праверана 26 сакавіка 2012 г.
  5. ^ а б Tomek Cegielski. (12 красавіка 2011) MEMY. Legendy Internetu (пол.). Hiro.pl. Праверана 24 сакавіка 2012 г.
  6. ^ Polandball cartoon (анг.) WebCite Праверана 26 сакавіка 2012 г.
  7. ^ Polandball (рас.). Lurkmore.to (26 сьнежня 2011). Праверана 27 сакавіка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]