Трыбук
ТРЫБУ́К, трыбу́ш, трыбушэ́ і інш., (ад лац. trabucus, trabuchus, trabuchellus), таксама брыко́ла (лац. bricola, briccola), блі́да (ням. Blide), карабоха (лац. caraboha, carabaga) і інш., сярэднявечная кідальная машына, якая працуе на прынцыпе паваротнага рычага. Ужывалася ў Сярэднявеччы пры аблогах ўмацаванняў. З гіст. дакументаў вядома, што даўжыня рычага магла дасягаць 8 м, вышыня апоры — 6 м, маса снараду даходзіла да 300 кг, дальнасць паражэння — да 100 м. У розных культурах існавала вялікая колькасць назваў, якімі азначалася не толькі машына, але і яе канструкцыйныя адмены.
Адрозніваюць тры асноўныя адмены прыводу Т.: цягавы, у якім рычаг прыводзіўся ў рух, г. зн., быў цягнены за сваё кароткае плячо мускульнай сілай людской цягавай каманды (у залежнасці ад памераў Т., ад дзесяткаў да соцень чал.); процівагавы, у якім рычаг прыводзіўся ў рух падзеннем процівагі, замацаванай на кароткім плячы рычага; гібрыдны, які спалучаў папярэднія прынцыпы прыводу.
Вось рычага Т. мацавалася ў дзвюх асноўных канструкцыйных адменах: на слуп і на козлы. Слуповая адмена магла змацоўвацца або праз вілападобнае мацаванне восі, або праз вілападобную апорную частку рычага. Казловая апора была больш трывалай і стабільнай, таму дазваляла страляць далей і цяжэйшымі снарадамі. Слуповая апора была прасцейшай канструкцыйна, дазваляла страляць часцей, і адносна лёгка выбіраць цэль у гарызантальнай плоскасці.
Т. звычайна ўжываліся з прашчападобным пускавым прыстасаваннем на доўгім плячы рычага, якое магло пускаць снарад па балістычнай траекторыі, але існавалі адмены, якія маглі пускаць снарады насцільна.
Т. быў вынайдзены ў Кітаі (V–IV ст. д. н. э.). Дзве асн. адмены Т., цягавы на слупе з вілкай, і цягавы казловы, распаўсюдзіліся на захад. Т. стаў вядомы ў Усходнім Міжземнамор'і, у т.л. арабам і візантыйцам, не пазней за VI ст., і хутка замяніў там балістычныя машыны антычных канструкцый. У Паўночнай Еўропе Т. вядомы не пазней за 2-ю палову IX ст.
Канструкцыя Т. была палепшана ў Візантыі, праз увядзенне процівагавага прыводу (кан. XI ст., аўтарства прыпісваецца Аляксею I Камніну). Тады ж новая канструкцыя была перададзена Комнінам лацінскім крыжакам (1097). На працягу XII ст. казловы процівагавы Т. хутка распаўсюдзіўся па Міжземнаморскай Еўропе і Блізкім Усходзе, і, фактычна, менавіта гэтая адмена атрымала ў кан. XII ст. назву «трыбук», і дала шырокавядомую назву ўсяму гэтаму класу кідальных машын.
У кан. XII ст. у Зах. Еўропе з'явілася адмена з паваротнай слуповай апорай і вілавідным кароткім плячом рычага і дзвюма процівагамі, якая была названая «брыкола» (літар. «два яйцы»). Такі Т. мог быць хутка наведзены ў кожным кірунку. У сяр. XIII ст. брыколы, пад назвай «франкаўскі» або «еўрапейскі» Т., трапілі да мамелюкаў, ад іх да манголаў, і ў кан. XIII ст. былі выкарыстаны ў Кітаі, дзе былі вядомыя як «ісламскія» Т. Таксама брыколы ставіліся на марскія караблі для абстрэлу берагу.
У пач. XIII ст. павелічэнне масы процівагі і даўжыні рычага дало магчымасць замяняць прашчавы пускавы механізм на жолабавы, які дазваляў весці насцільную стральбу запальнымі стрэламі, дзеля знішчэння проціўдарных экранаў, якія тады вывешваліся перад сценамі ўмацаванняў. Верагодна, гэтая адмена Т. з'явілася ў султанаце сельджукаў, адкуль трапіла ў Заходнюю Еўропу, і мела ў ісламскім свеце назву «карабугра» (літар. «чорны (магутны) вярблюд», адсюль еўрапейскія адпаведнікі назвы, «карабоха» і інш.).
Развіццё агнястрэльнай артылерыі прывяло да знікнення ролі Т. і наогул балістычных машын у ваеннай справе. Апошнія прыклады выкарыстання Т. вядомыя ў пач. XVI ст. (?).
Звычайна Т. ужываліся ў камбінаваных батарэях (10 — 15, нават да 72 (з іх 5 цяжкіх, пры аблозе Акры (1291))), складзеных з цяжэйшых і лягчэйшых Т., у якіх цяжэйшыя Т. абстрэльвалі ўмацаванні або горад, а лягчэйшыя Т. — абаронцаў умацаванняў, не дазваляючы тым змагацца з пашкоджаннямі або весці прыцэльную стральбу па абложніках, і асабліва па абложнай батарэі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Paul E. Chevedden. Black Camels and Blazing Bolts: The Bolt-Projecting Trebuchet in the Mamluk Army // Mamluk Studies Review Vol. 8/1, 2004. De Re Military.