Раджпуты
Раджпу́ты (санскрыт राजापुत्र літаральна «княскі сын») — каста або родавая арганізацыя воінаў-землеўладальнікаў у Індыі і Пакістане.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Паняцце раджпуты сустракаецца ў старажытным індыйскім эпасе «Махабхарата», а таксама на непальскіх надпісах сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. Самі раджпуты выводзяць сябе ад некалькіх старажытных правячых дынастый або нават ад ведыйскіх божастваў месяца і сонца[1]. Аднак у навуцы замацавалася думка, што раджпуты — нашчадкі сярэднеазіяцкіх заваёўнікаў VI ст. н. э., якія пазней прынялі індуізм і атрымалі высакародны статус[2].
Сярод індуістаў раджпуты разглядаюцца как прадстаўнікі адной або некалькіх джаці варны кшатрыяў (гл. Каста), сярод мусульман — як замкнёная група высакародных сем’яў. Усяго ў Індыі і Пакістане налічваецца 36 буйных родаў раджпутаў. Колькасць малых родаў сягае за 100.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У VIII — IX стст. на захадзе Індыі сфарміраваўся шэраг дзяржаў, якімі кіравалі дынастыі раджпутаў. На тэрыторыі сучаснага індыйскага штата Раджастхан княствы раджпутаў склалі своеасаблівы рэгіён Раджпутана або Раджвар (каля 343328 км²)[3], які захаваў адносную самастойнасць нават пасля ўсталявання Імперыі Вялікіх Маголаў. Большасць раджпутаў, аднак, былі не ўладарамі дзяржаў, а воінамі, якія атрымоўвалі за службу землі ў маёмасць або карыстанне. Яны славіліся сваёй адданасцю тым, каму служылі, а таксама захоўвалі правілы воінскага гонару. З цягам часу некаторыя сем’і прынялі іслам[4], аднак большасць захавала індуізм у якасці асноўнай рэлігіі. У індыйскай гісторыі раджпутаў нават прынята разглядаць як абаронцаў індуізму[5].
Усё большыя супярэчнасці паміж кіруючымі дынастыямі раджпутаў прывялі да таго, што ў XVII ст. яны трапілі ў залежнасць ад Вялікіх Маголаў, а пазней — ад маратхаў. З канца XVIII ст. раджпуты Заходняй Індыі заключалі саюзныя адносіны з Брытанскай Ост-Індскай кампаніяй, а простыя воіны наймаліся да брытанцаў у якасці сіпаяў. Уладары Раджпутаны здолелі захаваць сваю ўладу нават пры брытанскай каланіяльнай адміністрацыі, хаця іх правы былі істотна абмежаваны.
У 1948 г. 22 княствы Раджпутаны ўвайшлі ў склад Індыі. Прынятыя ў 1971 г. папраўкі да Канстытуцыі канчаткова пазбавілі іх манархаў улады. Як індыйскія, так і пакістанскія раджпуты прымалі актыўны ўдзел у ваенных канфліктах паміж Індыяй і Пакістанам на баку сваіх дзяржаў.
Традыцыі
[правіць | правіць зыходнік]Паколькі раджпуты былі воінамі, то ў іх супольнасці заўсёды захоўвалася першынство мужчын. Нараджэнне сына віталася ў сям’і як вялікае свята, а нараджэнне дзяўчынкі часам атаясамлівалася з няшчасцем. У мінулым існавалі звычаі дзявочага інфантыцыду, джаўхар і саці. Кожны раджпут з нараджэння павінен быў прайсці 12 рытуалаў карам. Асабліва важнымі былі рытуалы надання імя, першага галення галавы і павязвання ніткі джані. Пахаванне суправаджалася складаным абрадам, пасля якога старэйшы сын або кіраўнік сям’і праломваў чэрап нябожчыка, каб душа магла выйсці з цела, потым памерлага спальвалі.
Сем’і пераважна вялікія пашыраныя, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на родавыя аб’яднанні. Кіруюць сем’ямі толькі мужчыны. У мінулым некаторыя княскія роды раджпутаў імкнуліся мець шлюб з прадстаўніцамі варны брахманаў. Аднак для астатніх раджпутаў характэрны дазвол мець жонку з сем’яў ніжэйшага рангу і аддаваць сваіх дачок замуж за прадстаўнікоў вышэйшых джаці. Шлюбы суправаджаюцца маляўнічымі вясельнымі абрадамі. Жаніх разам са шматлікімі сябрамі едзе на кані або нават слане да хаты нявесты і раздае яе сваякам і гасцям багатыя падарункі. Маладыя праходзяць ачышчальны вогненны рытуал агні пуджа.
У мужчын важнай часткай вопраткі з’яўляецца цюрбан, прычым форма і знешні выгляд цюрбана залежаць ад родавай прыналежнасці[6].
-
Раджпуты, фота 1860-х гг.
-
Традыцыйны меч
-
Ваенны шлем
-
Полк раджпутаў у складзе сучаснай індыйскай арміі
-
Жанчына з касты раджпутаў у традыцыйным строі
-
Вясельная працэсія на кані
-
Вясельны пір
Зноскі
- ↑ Rajput Samaj Madhya Pradesh Архівавана 5 мая 2013.
- ↑ Hunnish Peoples In Central Asia And India
- ↑ Rajputana
- ↑ The Muslim Rajputs of UP(недаступная спасылка)
- ↑ Гл. The Rajput Resistance to the Muslim Aggression By Sudheer Birodkar Архівавана 19 чэрвеня 2006.
- ↑ Countries and Their Cultures: Rajputs