[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Фанема

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Фане́ма — гук мовы, які разглядаецца ў сваім функцыянальным аспекце; аб’ект вывучэння фаналогіі.

Уся разнастайнасць гукаў у кожнай мове зводзіцца да параўнальна невялікай колькасці фанем, якія, звычайна, утвараюць рацыянальную і эканомную сістэму (звычайная колькасць фанем у мовах свету вагаецца ад 12 да 80).

У розных фаналагічных школах праблема тоеснасці фанемы трактуецца неаднолькава. Два асноўныя падыходы, да якіх можна звесці розныя погляды, гэта:

  1. выдзяленне фанем шляхам устаранення адрозненняў (кантрастная дыстрыбуцыя);
  2. выдзяленне фанем шляхам узмацнення адрозненняў (дадатковая дыстрыбуцыя).

Кантрастная дыстрыбуцыя

[правіць | правіць зыходнік]

Сутнасць спосабу, які атрымаў назву метаду кантрастнай дыстрыбуцыі, можна ўявіць праз проціпастаўленне пар слоў (іх называюць мінімальнымі парамі), якія адрозніваюцца толькі адным гукам. Напрыклад, словы саду і с’аду адрозніваюцца зычнымі [с| і [с'], якія проціпастаўляюцца ў аднолькавых фанетычных умовах па адной прыкмеце: цвёрдасць — мяккасць. Ужыванне гукаў у аднолькавых фанетычных умовах і служыць паказчыкам іх фанематычнасці. Прыкметы, паводле якіх проціпастаўляюцца гукі (у гэтым выпадку цвёрдасць—мяккасць), прынята называць дыферэнцыяльнымі. Усе астатнія фанетычныя прыкметы, якія, характарызуючы пэўную фанему, не ўдзельнічаюць ў проціпастаўленні яе іншым фанемам, лічацца інтэгральнымі. Дыферэнцыяльныя прыкметы даволі разнастайныя, але ў кожнай мове набор іх абмежаваны. Напрыклад, у беларускай мове прыкмета цвёрдасць — мяккасць зычных з’яўляецца дыферэнцыяльнай, а ў французскай мове яна інтэгральная. Адна і тая прыкмета можа быць дыферэнцыяльнай для адных фанем і інтэгральнай для іншых. Напрыклад, глухасць у беларускай мове дыферэнцыяльная для [х], бо ёсць апазіцыя з [г], і інтэгральная для [к].

Некаторыя вучоныя лічаць, што ў фаналагічны змест фанемы ўваходзяць толькі дыферэнцыяльныя прыкметы, а сама фанема вызначаецца ў такім разе як «пучок» дыферэнцыяльных прыкмет. Іншыя даследчыкі да істотных з фаналагічнага пункту погляду адносяць і інтэгральныя прыкметы на той падставе, што ў працэсе зносін для апазнання слова з’яўляюцца важнымі (хоць і не ў аднолькавай ступені) усе аб’ектыўныя характарыстыкі фанемы.

Тэорыя фаналагічных апазіцый распрацавана ў 1930-я гады М. С. Трубяцкім, які прапанаваў іх разгалінаваную класіфікацыю. Яго тэорыя зрабіла прыкметны ўплыў на развіццё фаналогіі. Аднак і сёння прырода і структура адрознівальных прыкмет, магчымасць іх упарадкаваць у тыпалагічным плане застаецца адной з дыскусійных тэм фаналогіі.

Дадатковая дыстрыбуцыя

[правіць | правіць зыходнік]

Фанемная ідэнтыфікацыя на аснове пазіцыйнага аналізу заснавана на тым, што фанема як абстрактная адзінка проціпастаўляецца гуку як канкрэтнай адзінцы, у якой яна рэалізуецца ў моўнай плыні. Адной фанеме можа адпавядаць некалькі розных рэалізацый, ці алафонаў, кожны з якіх суадносіцца з пэўнай пазіцыяй. Аднак фанемная прыналежнасць гукаў у розных пазіцыях вызначаецца вучонымі па-рознаму.

Так, на адносінах пазіцыйнага чаргавання, калі фанема разглядаецца як рад гукаў, якія пазіцыйна чаргуюцца ў межах марфемы, заснавана вучэнне аб фанеме ў працах прадстаўнікоў маскоўскай фаналагічнай школы. Напрыклад, у словах грыбы — грыбок — грыбе — грыб гукі [6], [б°], [б'], |п| з’яўляюцца алафонамі фанемы [б], паколькі яны знаходзяцца ў адносінах дадатковай дыстрыбуцыі ў залежнасці ад фанетычнай пазіцыі і займаюць адно і тое месца ў адной і той жа марфеме (пазіцыйна чаргуюцца). Вучоныя гэтай школы вылучаюць з функцыянальнага пункту погляду моцныя і слабыя пазіцыі ў залежнасці ад таго, дапамагаюць яны ці не выконваць фанеме яе сэнсаадрознівальную (сігніфікатыўную) функцыю і функцыю атаясамлівання (перцэптыўную) моўных адзінак. У пазіцыі, моцнай для абедзвюх функцый, паводле маскоўскай фаналагічнай школы, прадстаўлены асноўны алафон фанемы (найважнейшы гук у Дж. Джоунза), у сігніфікатыўна слабай — варыянт (паводле Аванесава — слабая фанема), у перцэптыўна слабай пазіцыі — варыяцыя (паводле М. Трубяцкога і Р. Аванесава — варыянт, паводле Л. Шчэрбы — адценне фанемы). Пры няпоўных пазіцыйных радах алафонаў, калі адсутнічае асноўны алафон і дакладнае фанемнае атаясамліванне немагчыма, вучоныя маскоўскай фаналагічнай школы ўводзяць асобную адзінку — гіперфанему. Напрыклад, у слове сабака галосны 1-га склада рэалізуе не звычанную «правяральную» фанему, а гіперфанему [а/о].

Змены гукавога аблічча слова ці марфемы інакш тлумачацца вучонымі санк-пецярбургскай фаналагічнай школы. Так, чаргаванне [6] — [б°] (грыбы — грыбоў) трактуецца як алафанічнае, а чаргаванне [6] — [п] (грыбы — грыб) — як чаргаванне фанем (гэта значыць фанемны склад слоў тыпу грыб і грып ці коз і кос аднолькавы). Прадстаўнікі пражскай лінгвістычнай школы лічаць, што ў апошнім выпадку маем справу з асобнай адзінкай фаналагічнага ўзроўню — архіфанемай, якой не ўласціва дыферэнцыяльная прыкмета звонкасць—глухасць, паколькі ў гэтай пазіцыі звонкія — глухія не проціпастаўляюцца.

Варыянты і варыяцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Фанема праяўляецца (рэалізуецца ў мове) у пэўных адменах — алафонах гэтай фанемы.

Сярод алафонаў звычайна вылучаецца асноўны або тыповы алафон, які характарызуецца найменшай пазіцыйнай абумоўленасцю, г.зн., найменшай залежнасцю алафона ад фанетычных умоў.

Пры пазіцыйных чаргаваннях алафоны могуць выступаць або як варыянты фанемы, або як яе варыяцыі.

Варыянт фанемы — алафон фанемы, якасць якога настолькі змяняецца, што ён супадае ў гучанні з алафонам іншай фанемы.

Напрыклад, у словах нага, рака першы гук [а] з’яўляецца варыянтам фанем <o> (но́гі) і <э> (рэ́кі). Варыянты ўзнікаюць пры чаргаваннях з перасякальнымі радамі.

Варыяцыя фанемы — алафон фанемы, якасць якога змяняецца ў нязначнай ступені, і які не супадае ў гучанні з алафонам іншай фанемы.

Напрыклад, у словаформах [сʼ˙аду] — [сʼ˙а˙zʼ], гукі [˙а] і [˙а˙] з’яўляюцца варыяцыяй фанемы <а>. Варыянты ўзнікаюць пры чаргаваннях з паралельнымі радамі.

Лінгвістычная літаратура не выпрацавала трывалай адназначнай наменклатуры ў гэтым пытанні.

Існуе такая плынь, у якой тэрміны «алафон фанемы» і «варыянт фанемы» ўжываюцца ўзаемазамяняльна, як сінонімы, і ўсе гукі, у якіх рэалізуецца фанема, называюцца тут «варыянтамі»; асноўны прадстаўнік фанемы — моцны варыянт, усе іншыя прадстаўнікі — слабыя варыянты.

Яшчэ іншая плынь існуе ў працах прадстаўнікоў ЛФШ, дзе тэрміну «варыянт» адпавядае тэрмін адценне фанемы. У гэтым выпадку, у залежнасці ад прычын, якія выклікаюць вар’іраванне фанемы, вылучаюць камбінаторныя варыянты (адценні) фанемы, абумоўленыя суседствам з іншымі фанемамі, і пазіцыйныя варыянты (адценні), якія залежаць ад становішча фанемы ў слове.

  • Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.
  • Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: Вучэб. дапам. / Я. М. Камароўскі, В. П. Красней, У. М. Лазоўскі і інш. — 2-е выд., дапрац. і дап. — Мн. : Выш. школа, 1995. — 334 с. ISBN 985-06-0075-6.