[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Маньчжурская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маньчжурская мова
Саманазва ᠮᠠᠨᠵᡠ ᡤᡳᠰᡠᠨ
manǯu gisun
Краіны Кітай
Афіцыйны статус Кітай Вялікая Цынская імперыя
Агульная колькасць носьбітаў 60 (1999)[1]
Статус выміраючы
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Алтайская сям'я

Тунгуса-маньчжурская галіна
Пісьменнасць маньчжурскі алфавіт
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2 mnc
ISO 639-3 mnc
WALS mnc
Atlas of the World’s Languages in Danger 453 і 454
Ethnologue mnc
LINGUIST List mnc
ELCat 1205
IETF mnc
Glottolog manc1252
Вікіпедыя на гэтай мове

Маньчжу́рская мова (саманазва: ᠮᠠᠨᠵᡠ ᡤᡳᠰᡠᠨ, трансл. manǯu gisun) — мова тунгуса-маньчжурскай галіны алтайскае моўнай сям’і, на якой размаўляюць у паўночна-ўсходнім Кітаі (правінцыя Хэйлунцзян). Першапачаткова — мова тунгуса-маньчжурскага народа маньчжураў, які дысперсна жыве на паўночным усходзе Кітая. На цяперашні момант колькасць маньчжураў складае прыкладна 10 млн чал., аднак на маньчжурскай мове размаўляе менш за 70 чалавек (без уліку носьбітаў сібінскай мовы, якая можа лічыцца дыялектам маньчжурскай мовы), што звязана з гістарычна працяглай і трывалай кітаізацыяй маньчжураў, пры якой яны захавалі нацыянальную ідэнтычнасць, але страцілі мову. Дыялектам маньчжурскай мовы можа лічыцца сібінская мова, на якой размаўляе прыкладна 40 тыс. чал., аднак яе носьбіты жывуць у іншай частцы Кітая (заходняя частка СУАР) і маюць этнічныя адрозненні ад маньчжураў[2].

У марфалагічным дачыненні адносіцца да аглюцінатыўных моў, у фанетыцы праяўляе абмежаваную гармонію галосных.

Паходзіць ад чжурчжэньскай мовы, якая фактычна з’яўляецца храналагічным этапам развіцця маньчжурскай мовы (змена назвы звязаная з успрыняццем сярэдневяковымі чжурчжэнямі этноніма маньчжуры). Мае запазычанні мангольскага і кітайскага паходжання. Пісьменнасць мовы запазычана ад старамангольскай і запісваецца зверху ўніз з размяшчэннем вертыкальных радкоў злева направа.

Маньчжурская мова не май катэгорыі роду ў адрозненне ад індаеўрапейскіх моў (напрыклад, беларускай), аднак некаторыя словы з палавымі паказчыкамі адрозніваюцца паводле адпаведнасці галоснага a аднаго слова галоснаму e ў іншых словах: напрыклад, ama («бацька») — eme («маці»).

З 1599 года была ўведзена пісьменнасць на аснове старамангольскай пісьменнасці, у 1632 годзе яна была рэфармавана згодна з асаблівасцямі маньчжурскай мовы. Для слоў маньчжурскай мовы існуе лацінізацыя, распрацаваная нямецкім лінгвістам Паўлем Георгам фон Мёлендорфам пры апісанні ім маньчжурскае граматыкі.

Продкі маньчжураў, чжурчжэні, выкарыстоўвалі асобную пісьменнасць, якая паходзіць праз кіданьскую пісьменнасць ад кітайскіх іерогліфаў, з-за чаго між сучаснай маньчжурскай пісьменнасцю і пісьменнасцю чжурчжэняў не існуе ніякай сувязі.

Для транслітарацыі маньчжурскай мовы таксама могуць выкарыстоўвацца элементы кітайскай пісьменнасці[3]. Пры гэтым варыянце транслітарацыі ўсе маньчжурскія галосныя, а таксама склады, што пачынаюцца з зычнага, пазначаюцца адным сімвалам; у выпадку, калі склад сканчваецца на гукі r, k, s, t, p, I, m, выкарыстоўваюцца асаблівыя двайныя спалучэнні з прычыны адсутнасці ў кітайскай мове падобных складоў. Нягледзячы на алфавітны характар маньчжурскай пісьменнасці, раней маньчжуры вывучалі асобныя склады маньчжурскай мовы, што тлумачылася пісьмовым кітайскім уплывам.

Паўночна-ўсходні Кітай. Чырвоным — правінцыі Хэйлунцзян, Гірын, Ляанін. Ружовым — частка аўтаномнага раёна Унутраная Манголія.
Стэла часоў імператара Кансі на маньчжурскай мове з кітайскім перакладам.

Гістарычна маньчжурская мова, апрача народнага ўжытку, з’яўлялася галоўнай мовай імператарскага двару дынастыі Цын, аднак з цягам часу маньчжурскія чыноўнікі сталі ўспрымаць кітайскую культуру як культуру большасці насельніцтва імперыі Цын, з-за чаго пачаўся працэс заняпаду мовы. Спрабуючы захаваць маньчжурскую ідэнтычнасць, цынскі ўрад увёў моўныя курсы і экзамены для ваенных, прапаноўваючы разнастайныя ўзнагароды для тых, хто атрымліваў поспехі пры вывучэнні мовы. Так, ужо пяты маньчжурскі імператар Юнчжэн выказваў думку, што ў выпадку адсутнасці заахвочвання вывучэння мовы, маньчжурская мова не будзе перадавацца наступным пакаленням[4]. Тым не менш, сярод цынскіх ваенных выкарыстанне мовы стала значна скарачацца ўжо ў XVIII ст. Гістарычна задакументавана, што ў 1776 годзе імператар Цяньлун быў вельмі ўзрушаны чыноўнікам Гуаэрмінам, які, нягледзячы на сваё паходжанне з маньчжурскіх тэрыторый, не разумеў маньчжурскага маўлення імператара[5]. На перыяд ХІХ ст. свабоднае валоданне мовай страцілі чыноўнікі пры імператарскім двары. Так, імператар Цзяцын, які кіраваў з 1796 па 1820 гады, скардзіўся, што яго чыноўнікі не могуць чытаць і пісаць па-маньчжурску[4]. Архівы атрада Хулані (на поўначы правінцыі Хэйлунцзян) паказвалі, што толькі 1 % яго членаў маглі чытаць па-маньчжурску, не больш за 0,2 % маглі размаўляць на мове[4].

Тым не менш, у 19061907 гадах цынскія адукацыйныя і ваенныя чыноўнікі настойвалі на патрэбе вывучэння ў школах маньчжурскай мовы і працягвання вусных экзаменаў па мове сярод чыноўнікаў, якія ацэньвалі ўменні салдат[6], а афіцыйныя дакументы ў пачатку існавання дынастыі публікаваліся выключна па-маньчжурску[7]. Выкарыстанне маньчжурскай мовы адзначаецца і ў другой палавіне ХІХ ст., калі на ёй аддаваліся каманды ў войску[4].

У сучасных архівах захоўваецца значная колькасць маньчжурамоўных афіцыйных дакументаў, маньчжурскія надпісы дагэтуль захоўваюцца ўнутры Забароненага горада, што ў Пекіне.

Замежныя даследаванні

[правіць | правіць зыходнік]

Шэраг еўрапейскіх даследчыкаў XVIII ст., сутыкнуўшыся з цяжкасцямі ў разуменні кітайскай пісьменнасці, звярнулі ўвагу на маньчжурскія пераклады кітайскіх дакументаў і літаратурных твораў як альтэрнатыву для іх разумення. Сярод іх адзначаюцца, у прыватнасці, французскія даследчыкі Жазэф-Ан-Мары дэ Майрыяк дэ Мая і Жан Жазэф Мары Аніё[8].

У пачатку XVIII ст., пасля заснавання расійскай духоўнай місіі ў Пекіне, маньчжурскую мову пачалі даследаваць рускія[9]. Напрыклад, Іларыёнам Расохіным быў выдадзены пераклад працы «Гісторыя ў пяці частках пра заваяванне кітайскім ханам Канхіем калкаскага і элецкага народа, які качуе ў Вялікай Тартарыі», а таксама быў перакладзены рад прававых дакументаў і маньчжурска-кітайскі слоўнік. У канцы 1830-х гадоў Георгіем Розавым было перакладзена апісанне гісторыі маньчжурскай дынастыі Цзінь[10]. З XVIII ст. у Іркуцку існавала школа па навучанні перакладчыкаў з маньчжурскай мовы[10].

У 1844 годзе адным з еўрапейскіх аўтараў было заўважана, што транскрыпцыя кітайскіх слоў маньчжурскай пісьменнасцю, якую можна было адшукаць у кітайска-маньчжурскіх слоўніках, была больш паслядоўнай і правільнай чым супярэчлівыя раманізацыі, якія ў тыя часы выкарыстоўваліся ў англійскіх або французскіх кнігах[8].

Сучасная сітуацыя

[правіць | правіць зыходнік]

На цяперашні момант застаецца вельмі невялікая колькасць носьбітаў маньчжурскай мовы, тэрыторыя гістарычнай Маньчжурыі з’яўляецца поўнасцю кітаізаванай. Па стане на 2007 год, у вёсцы Санцзяцзі павета Фуюй правінцыі Хэйлунцзян пражывае васямнаццаць носьбітаў мовы пажылога ўзросту[11]. Партал Ethnologue прыводзіць лічбу ў 20 чалавек паводле саслоўя на гэты ж год, спасылаючыся на (Bradley 2007)[12]. Некалькі носьбітаў мовы таксама пражывае ў сяле Даўцзя раёна Айхуэй акругі Хэйхэ правінцыі Хэйлунцзян.

Даволі стабільным застаецца становішча сібінскай мовы, якая распаўсюджана ў Ілі-Казаскай аўтаномнай акрузе Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна і на якой размаўляюць сібо — група маньчжураў, адпраўленая на гэтыя тэрыторыі ў 1764 годзе ў якасці членаў ваеннага гарнізона. Сучасная сібінская мова даволі блізкая да маньчжурскай, хоць між імі і маюцца некаторыя адрозненні ў пісьменнасці і вымаўленні. Мова выкладаецца ў мясцовых навучальных установах, існуюць тэлеперадачы па-сібінску, на мове выходзіць газета Чапчал серкін. У Ілі-Казаскай аўтаномнай акрузе Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна існуе Чапчал-Сібінскі аўтаномны павет.

У апошні час органы ўлады правінцый Ляанін, Гірын і Хэйлунцзян, якія размяшчаюцца на тэрыторыі гістарычнай Маньчжурыі, арганізуюць дапамогу па выкладанні маньчжурскай мовы ў школах[13][14][15]. Існуе вывучэнне мовы ў вышэйшых навучальных установах, а таксама ў некаторых прыватных школах[16].

Ва ўсходнім Кітаі існуюць групы энтузіястаў, якія спрабуюць адрадзіць мову з дапамогай наяўных слоўнікаў і падручнікаў і нават візітаў у Чапчальскі павет[16]. З’яўляюцца маньчжурскія добраахвотнікі, якія пачынаюць выкладаць мову з мэтай яе адраджэння[17][18][19][20], а таксама людзі, якія зноў вывучылі мову дзякуючы прынятым мерам[21][22].

Лінгвістычная характарыстыка

[правіць | правіць зыходнік]

Існавала два асноўныя дыялекты — паўночны і паўднёвы, літаратурная мова заснавана на паўднёвым. З іншых маньчжурскіх дыялектаў таксама адзначаліся паўночна-ўсходні (на паўночным усходзе Кітая) і сібінскі, які не мае значных адрозненняў ад літаратурнай мовы.

Сінтаксіс

Галоўныя члены сказа ў маньчжурскай мове заўсёды цягнуцца к канцу сказа, з-за чаго структура сказа ў маньчжурскай мове будуецца па схеме SOV (дзейнік-дапаўненне-выказнік). Маньчжурскі сінтаксіс мае падабенствы з сінтаксісамі карэйскай і японскай, што з’яўляецца адным з аргументаў на карысць існавання алтайскай моўнай сям’і.

Склоны

У маньчжурскай мове існуе шэсць склонаў, пры гэтым адзін з іх існуе толькі ў класічнай форме мовы. Склоны маркіруюцца часціцай, якай можа запісвацца як з назоўнікам, для якога выкарыстоўваецца склон, так і асобна ад яго. Часціцы не падпарадкоўваюцца гармоніі галосных.

    • Назоўны — не пазначаецца канчаткам;
    • Вінавальны — пазначаецца канчаткам -be;
    • Родна-творны — пазначаецца канчаткам -i або, у выпадку заканчэння слова на -ng, яго аламорфам -ni. Выкарыстоўваецца для ўказання валодання або ўказання сродка ажыццяўлення якой-небудзь аперацыі (напрыклад, abka-i cira — «асоба імператара», wang-ni moo — «дрэва караля»);
    • Давальна-мясцовы — пазначаецца канчаткам -de. Выкарыстоўваецца для ўказання месцазнаходжання, часу, месца або ўскоснага дапаўнення. У сучаснай размоўнай сібінскай мове выкарыстоўваецца толькі як пазначэнне мясцовага склону;
    • Аблатыў (сыходны, адкладальны) — выкарыстоўваецца для ўказання паходжання якога-небудзь дзеяння або як аснова для параўнання. Пазначаецца канчаткам -ci, прычым гэты канчатак у сібінскай мове выкарыстоўваецца для давальнага склону;
    • Пралатыў — зрэдку выкарыстоўваецца ў класічнай маньчжурскай для ўказання паходжання таго ці іншага дзеяння. Пазначаецца канчаткам -deri, якая ў сібінскай мове мае функцыю пазначэння аблатыва.
Зычныя

У гукавым ладзе маньчжурскай мовы адзначаецца 20 зычных гукаў. Іх ужыванне мае некаторыя асаблівасці.

Зычны /p/ сустракаецца рэдка, узнікаючы ў асноўным у запазычаннях або гукаперайманнях. У старажытных формах мовы таксама існавала спалучэнне /ps/, якое з цягам часу спрасцілася да зычнага /f/. Гук /ŋ/ сустракаецца толькі ў запазычаннях з кітайскай мовы і гукаперайманнях. Для гэтага гука ў маньчжурскай пісьменнасці не існуе асобнага сімвала, таму ён пазначаецца спалучэннем сімвалаў для [n] і [k]. Палатальны насавы [ɲ] пазначаецца спалучэннем сімвалаў для [n] і [i] і часта разглядаецца як фанематычная паслядоўнасць /n/ і /j/. У тунгуса-маньчжурскім гістарычным мовазнаўстве існуе меркаванне пра даўні гістарычны характар гэтага гука.

У раннім перыядзе развіцця мовы проціпастаўленне звонкіх b, d, g, j і глухіх p, t, k, c засноўвалася на прыдыханні або напружанасці, што асаблівым чынам апісвалася ў ранніх апісаннях мовы носьбітамі моў Еўропы.

/s/ у маньчжурскай мове сярод большасці носьбітаў набывае афрыкатнае вымаўленне і рэалізуецца як [ts].

Маньчжурскія зычныя:

Лабіяльныя Зубныя Палатальныя Велярныя
Насавыя m n ɲ ŋ
Выбухныя глухія p t k
звонкія b d ɡ
Фрыкатывы f s ʃ x
Ратычныя r
Апраксіманты l j w
Галосныя

Сістэма галосных у маньчжурскай мове мае рад вызначаных асаблівасцей.

Так, толькі два галосныя гукі, [i] і [u] могуць з’яўляцца побач з любым іншым галосным або галоснымі гукамі. Галосны пярэдняга рада [e] (таксама можа рэалізоўвацца як /ɤ/) не можа ўзнікаць у словах з галоснымі задняга рада [o], [a]. Галосны, які транскрыбуецца як [ū], у некаторых выпадках з’яўляецца побач з галосным пярэдняга рада [e], аднак пытанне аб правільным вымаўленні гэтага галоснага з’яўляецца дыскусійным. Эрых Гаўэр, нямецкі сінолаг і маньчжурыст, мяркуе, што гэты галосны рэалізуецца як агублены галосны пярэдняга рада ў пачатку слоў і як неагублены галосны задняга рада ў сярэдзіне[23]. Уільям Осцін лічыць, што гэты галосны з’яўляецца агубленым галосным сярэдняга пад’ёму[24]. У сібінскай мове гэты гук рэалізоўваецца як [u].

Маньчжурскія галосныя:

нейтральныя пярэдняга
рада
задняга
рада
i o
u ʊ (ū)
e a
У запазычаннях

Для маньчжурскай мовы характэрна ўспрыманне значнай колькасці гукаў кітайскай мовы, якія засвоіліся разам з запазычаннямі з гэтай мовы, у адрозненне ад іншых моў, якія пры запазычанні слоў звычайна прыстасоўваюць гукі іншай мовы пад свой гукавы лад (як, напрыклад, у беларускай). Маньчжурская пісьменнасць мае асаблівыя сімвалы для адлюстравання падобных запазычаных гукаў з запазычанае лексікі. Сярод падобных сімвалаў — знак для пазначэння неагубленага галоснага верхняга пад’ёму (звычайна транслітаруецца як y) у такіх словах як sy («будысцкі храм») і SycuwanСычуань»). Маюцца знакі для асаблівых кітайскіх афрыкат у запазычаннях накшталт dzengse («апельсін», ад кітайскага chéngzi) і tsunцаля», ад кітайскага cùn).

Гармонія галосных

Гармонія галосных у маньчжурскай мове мае традыцыю тлумачэння ў межах кітайскай філасофскай традыцыі. Склады з галоснымі гукамі пярэдняга рада атаясамліваліся з інь, у той час як склады з галоснымі задняга рада звязваліся з ян. Гэты сімвалізм узнік з асаблівасці адрознівання мужчынскіх і жаночых назоўнікаў у маньчжурскай мове, у якой жаночыя назоўнікі звычайна змяшчаюць толькі галосныя пярэдняга рада, мужчынскія назоўнікі — задняга. Такім чынам, у мове існуе рад слоў, пол якіх адрозніваецца толькі зменай адных галосных іншымі: hehe — «жанчына», haha — «мужчына»; eme — «маці», ama — «бацька» і г.д.

У папулярнай культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Маньчжурская мова гучыць у карэйскім фільме «Вайна стрэл», на ёй у фільме размаўлялі героі акцёраў Ру Сун-рона і Мон Хэ-вон. Таксама мова сустракаецца ў кітайскім фільме «Лятаючыя мячы драконавай брамы», дзе маньчжурская мова згадваецца як тартарская.

У рамане The Way We Live Now англійскага пісьменніка Энтані Тролапа апісваецца сцэна, у якой кітайскаму імператару, які ўдзельнічае ва ўрачыстым афіцыйным абедзе ў яго гонар у Лондане, прыйшлося есці моўчкі з-за адсутнасці маньчжурска-англійскага перакладчыка.

Зноскі

  1. Ethnologue report for language code: mnc
  2. Ma, Yin. Die nationalen Minderheiten in China. — Beijing: Verlag für fremdsprachige Literatur, 1990. — С. 250. — ISBN 7-119-00010-1.
  3. Wm. H. Allen & Company. The Asiatic Journal and Monthly Miscellany. — 1837. — Т. 23. — С. 197.
  4. а б в г Edward J. M. Rhoads. Manchus & Han: Ethnic Relations and Political Power in Late Qing and Early Republican China, 1861–1928. — University of Washington Press,, 2000. — С. 52-54. — ISBN 0-295-98040-0.
  5. Yu Hsiao-jung. Manchu Rule over China and the Attriion of the Manchu Language. Архівавана 19 чэрвеня 2013.
  6. Rhoads (2000), ст. 95.
  7. David Lague. Manchu Language Lives Mostly in Archives (англ.). The New York Times (28 снежня 2013).
  8. а б Elijah Coleman Bridgman, Samuel Wells Willaims. The Chinese Repository. — 1844. — Т. 13.
  9. Liliya M. Gorelova. Manchu Grammar. — Leiden: Brill, 2002. — ISBN 90-04-12307-5.
  10. а б Российская академия наук, сибирское отделение. История золотой империи. — Новосибирск, 1998. — ISBN 5-7803-0037-2.
  11. David Lague. Chinese Village Struggles to Save Dying Language (англ.). The New York Times (28 снежня 2013).
  12. Manchu | Ethnologue
  13. http://www.ln.chinanews.com/html/2012-03-20/457675.html Архівавана 2 студзеня 2013.
  14. http://www.chinanews.com/edu/2011/10-29/3423577.shtml
  15. http://edu.sina.com.cn/zxx/2012-03-22/1435332134.shtml
  16. а б Ian Johnson.. In China, the Forgotten Manchu Seek to Rekindle Their Glory (англ.). The Wall Street Journal (28 снежня 2013).
  17. http://www.mzb.com.cn/zgmzb/html/2011-07/29/content_78793.htm Архівавана 4 сакавіка 2016.
  18. http://big5.ifeng.com/gate/big5/news.ifeng.com/gundong/detail_2011_12/12/11251077_0.shtml
  19. http://i.syd.com.cn/content/2011-12/05/content_25882720.htm Архівавана 13 мая 2013.
  20. http://bjwb.bjd.com.cn/html/2012-03/03/node_17.htm Архівавана 13 мая 2013.
  21. http://liaoning.nen.com.cn/liaoning/178/3607178.shtml Архівавана 28 снежня 2013.
  22. http://bjwb.bjd.com.cn/html/2012-03/03/content_55839.htm Архівавана 13 мая 2013.
  23. Li (2000), ст. 17.
  24. Austin, William M. Indiana University Publications, Vol. 13 // The Phonemics and Morphophonemese of Manchu / Nicholas Poppe. — American Studies in Altaic Linguistics. — Bloomington IN. — Т. Uralic and Altaic Series. — С. 17.
  • Gorelova, Liliya M. 2002. Manchu Grammar. Brill Academic Publishers ISBN 90-04-12307-5
  • Haenisch, Erich. 1961. Mandschu-Grammatik. Leipzig: Veb Verlag Enzyklopädie
  • Li, Gertraude Roth. 2000. Manchu: A Textbook for Reading Documents. University of Hawai’i Press, Honolulu, ISBN 0-8248-2206-4
  • Möllendorff, Paul Georg von. 1892. A Manchu Grammar: With Analysed Texts. Shanghai.
  • Norman, Jerry. 1974. «Structure of Sibe Morphology»"", Central Asian Journal.
  • Norman, Jerry. 1978. A Concise Manchu-English Lexicon, University of Washington Press, Seattle.
  • Norman, Jerry. 2013. A Comprehensive Manchu-English Dictionary, Harvard University Press (Asia Center), Cambridge ISBN 9780674072138.
  • Ramsey, S. Robert. 1987. The Languages of China. Princeton University Press, Princeton New Jersey ISBN 0-691-06694-9
  • Tulisow, Jerzy. 2000. Język mandżurski, Języki Azjii i Afryki, Dialog, Warszawa, 192 ст. ISBN 83-88238-53-1
Wikimedia Incubator
Wikimedia Incubator
У Інкубатары Wikimedia ёсць тэставы раздзел Вікіпедыі на мове