[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Гідры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гідры
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Hydra Linnaeus, 1758


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  50845
NCBI  6083
EOL  99065

Гідры (Hydra) — род кішачнаполасцевых жывёл класа гідроідных тыпу жыгучых.

Знешні выгляд

[правіць | правіць зыходнік]

Цела цыліндрычнае, полае, нагадвае выцягнуты мяшэчак, даўжынёй да 3 см, жаўтавата-шэрае, бурае, ярка-зялёнае або чырвонае. На адным канцы цела падэшва, якой гідра прымацоўваюцца да субстрату, на другім — рот, абкружаны 4—20 шчупальцамі з жыгучымі клеткамі.

Да субстрату гідра прымацоўваецца ніжнім плоскім канцом — падэшвай. Тонкая сцяблінка пераходзіць у мешкападобнае цела, на верхнім канцы якога размешчаны рот, з венчыкам з 4—20 шчупальцаў з жыгучымі клеткамі. Памеры цела гідры — каля 5—7 мм, а даўжыня шчупальцаў можа дасягаць некалькіх сантыметраў.

Анатамічная будова, фізіялогія

[правіць | правіць зыходнік]

Гідры — радыяльна-сіметрычныя жывёлы. У іх целе адрозніваюць два слоі клетак: вонкавы, або покрыўны, і унутраны, або стрававальны. Паміж гэтымі слаямі ў выглядзе праслойкі размяшчаецца шчыльная апорная пласцінка, якая не мае клетачнай будовы. Унутры цела гідры ёсць кішэчная поласць. Розныя функцыі выконваюцца спецыялізаванымі клеткамі, размешчанымі ў вонкавым і ўнутраным слаях.

Вонкавы (покрыўны) слой цела гідры ўтвораны клеткамі некалькіх тыпаў. Аснову яго складаюць скурна-мускульныя клеткі, якія ўтвараюць покрыва гідры. У аснове кожнай клеткі ёсць скарачальныя мускульныя адросткі, якія ідуць уздоўж цела гідры. Пры іх скарачэнні жывёла пакарочваецца. Паміж скурна-мускульнымі клеткамі размешчаны пігментныя, жыгучыя, нервовыя і рэзервовыя (прамежкавыя) клеткі.

Пігментныя клеткі надаюць целу гідры афарбоўку (шэрую, бураватую, зялёную).

Жыгучыя клеткі размешчаны на паверхні цела жывёлы, але асабліва іх шмат на шчупальцах. Жыгучая клетка мае капсулу, запоўненую ядавітай вадкасцю і спіральна згорнутую жыгучую ніць. На знешнім краі клеткі ёсць адчувальны валасок, механічнае або хімічнае раздражненне якога выклікае імклівае выкідванне жыгучай ніці. Дзякуючы наяўнасці на ёй шчарбін, накіраваных вастрыём назад, жыгучая ніць замацоўваецца ў целе ахвяры, як гарпун. Яд забівае або паралізуе яе.

Нервовыя клеткі маюць зорчатую форму. Сваімі адросткамі яны злучаюцца адна з адной, утвараючы нервовую сетку. Такі тып будовы нервовай сістэмы называецца дыфузным (рассеяным). Калі дакрануцца да гідры ў любым месцы яе цела, раздражненне ўспрымаецца адчувальнымі клеткамі. Яно хутка распаўсюджваецца па ўсёй сетцы і перадаецца скурна-мускульным клеткам. Мускульныя адросткі скарачаюцца, і гідра сціскаецца ў камяк.

Вялікую ролю ў жыцці гідраў адыгрываюць рэзервовыя, або прамежкавыя, клеткі. Не маючы пэўнай функцыі, яны могуць ператварацца ў любыя іншыя клеткі цела жывёлы. Дзякуючы наяўнасці рэзервовых клетак гідра мае здольнасць да рэгенерацыі — узнаўлення страчаных або пашкоджаных частак цела. Яны могуць аднавіць нават цэлы арганізм з яго часткі (з 1/200 часткі цела).

Унутраны слой цела гідры таксама складаецца з клетак, якія маюць мускульныя адросткі, але ідуць яны ўпоперак цела жывёлы. Іх скарачэнне выклікае змяншэнне таўшчыні цела. Адначасова расслабляюцца мускульныя адросткі покрыўных клетак і гідра становіцца доўгай і тонкай.

Асноўная роля клетак унутранага слоя — стрававальная. Гідры — драпежнікі, жывяцца інфузорыямі, калаўроткамі, ракападобнымі, малашчацінкавымі чарвямі, лічынкамі рыб. Яны паражаюць іх ніцямі жыгучых клетак, схопліваюць шчупальцамі і заглынаюць. Ва ўнутраным слоі ёсць залозістыя клеткі, якія выдзяляюць у кішэчную поласць стрававальныя сокі і забяспечваюць ператраўліванне ежы. Другія клеткі ўнутранага слоя — стрававальныя — маюць жгуцікі і ўтвараюць ілжэножкі. Жгуцікі, верцячыся, падцягваюць напаўператраўленыя часцінкі ежы, а лжэножкі захопліваюць іх, канчаткова ператраўліваючы ўнутры стрававальных клетак. Такім чынам, для гідры характэрна спалучэнне поласцевага і ўнутрыклетачнага стрававання. Неператраўленыя рэшткі выводзяцца вонкі праз рот.

Перамяшчаюцца гідры марудна, за кошт скарачэння скурна-мускульных клетак. Часцей яны вісяць, прымацаваўшыся да раслін, раскінуўшы шчупальцы і рухаючы імі ў пошуках здабычы. Яны здольны «крочыць», прымацоўваючыся да прадметаў ротавым канцом і падцягваючы падэшву, або «перакульваюцца», дакранаючыся да апоры то падэшвай, то ротавым канцом.

Кісларод з вады пранікае праз усю паверхню цела жывёлы. Вуглякіслы газ выдзяляецца гэтак жа.

Вегетатыўнае размнажэнне прэснаводнай гідры Hydra oligactis

Раздзельнаполыя і гермафрадыты. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. У летні час на целе гідры ўтвараецца бугарок — почка. Яна паступова павялічваецца ў памерах. На знешнім канцы почкі ў хуткім часе прарываецца рот і развіваюцца шчупальцы. Маладая гідра аддзяляецца ад мацярынскага арганізма і пераходзіць да самастойнага існавання. Палавое размнажэнне адбываецца ў канцы лета. У знешнім слоі гідры з рэзервовых клетак утвараюцца мужчынскія і жаночыя палавыя клеткі (сперматазоіды і яйцаклеткі). Аплодненая яйцаклетка пакрываецца шчыльнай ахоўнай абалонкай і зімуе на дне. Пасля гідры апладнення звычайна гінуць, а з яец вясной выходзяць маладыя гідры, якія ў цёплы перыяд года пачынаюць размнажацца пачкаваннем.

Распаўсюджанне

[правіць | правіць зыходнік]

Налічваецца каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных (зрэдку саланаватых) вадаёмах усяго зямнога шара; на Беларусі 3 віды: гідра звычайная, або бессцябліністая (Hydra vulgaris), гідра сцябліністая, або бурая (Hydra oligactis) і гідра зялёная (Hydra viridissima).

Індыкатары чысціні вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца ў доследах.