Гарадзішча
Гарадзі́шча — тып помніка археалогіі, рэшткі колішняга ўмацаванага паселішча. Звычайна ўзвышаюцца над навакольнай мясцовасцю і захаваліся ў выглядзе валоў і рвоў. Адносяцца да часоў першабытнаабшчыннага ладу (бронзавы, жалезны век) і Сярэдніх вякоў. Назва ўжывалася яшчэ ў сярэднявечных летапісах.
Асноўныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Гарадзішчы ўзніклі ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу, калі ад збіральніцтва, рыбалоўства і палявання людзі пераходзілі да земляробства і жывёлагадоўлі. На тэрыторыі Беларусі будаўніцтва гарадзішчаў пачалося ў бронзавым веку. Асабліва важнае значэнне яны мелі ў жалезным веку.
Умацаванае паселішча будавалі на беразе ракі з высокімі адхіламі — паміж двума ярамі, якія выходзілі да ракі; альбо ў іншым прыдатным для абароны месцы. Пры будаўніцтве адхілы рабілі яшчэ больш крутымі, а знятую зямлю выкарыстоўвалі для насыпкі валоў. Па краях пляцоўкі насыпалі валы, на якіх узводзілі сцены і іншыя абарончыя збудаванні. На месцы яроў і паміж імі (з напольнага боку) выкопвалі роў, які запаўнялі вадой. Уезд на паселішча праз вароты размяшчаўся з напольнага боку.
На многіх гарадзішчах спачатку існавалі паселішчы першабытнага часу, а затым — ранняга Сярэднявечча (звычайна гарады). Познія гарадзішчы — гэта ўмацаваныя часткі сярэднявечных гарадоў. Па меры роста гораду на гарадзішчы маглі пабудаваць замак. Такія гарадзішчы адначасова з'яўляюцца замчышчамі.
Часта гарадзішчы маюць мясцовыя назвы, напр.: Гарадзішча, Гарадок, Замкавая гара, Замэчак. Шэраг гарадзішчаў далі назву пазнейшым паселішчам, размешчаным каля іх (напр., г. п. Гарадзішча Баранавіцкага раёна).
Існавалі таксама неўмацаваныя паселішчы, рэшткі якіх называюць селішчамі.
Тыпы гарадзішчаў
[правіць | правіць зыходнік]- Мысавыя гарадзішчы. Размяшчаліся на мысах на берагах рэк, азёр і ўмацоўваліся валамі і равамі. Часцей за ўсё мелі трох- і чатырохвугольную ў плане форму.
- Узгоркавыя гарадзішчы. Размяшчаліся на ўзгорках, узвышшах.
- Балотныя гарадзішчы. Размяшчаліся сярод балот у лясістай мясцовасці, на нізкіх берагах азёр і рэк. Умацоўваліся валамі і равамі. Часцей за ўсё мелі круглую або прамавугольную форму. Выкарыстоўваліся як сховішчы на час небяспекі.
Форт-пагорак
[правіць | правіць зыходнік]«Форт-пагорак» (англ.: hill fort) — збудаванне часоў старажытнасці, відавочна, жалезнага веку каля пачатку новай эры. Складаецца са сцяны або валу, якімі цалкам акружаны пагорак. Адрозніваецца ў брытанскай і ірландскай літаратуры.
Абвядзенне сцяной ці валам пагорку цалкам утварае галоўную розніцу паміж такімі «фартамі» і дунамі, якія маглі будавацца на версе пагорку. Памеры «фартоў» часта бываюць надзвычай вялікімі, што, відаць, рабіла іх непрыдатнымі для абарончых мэтаў, і што прымушае дапускаць для іх нейкую іншую функцыю, магчыма, культавую або грамадскую.
Грод
[правіць | правіць зыходнік]Грод (або горад у раннефеадальны час) — умацаванае паселішча ва Усходняй Еўропе часу ранняга феадалізму. Паходзіць ад слова «гарадзіць», што значыць умацоўваць драўлянымі сценамі, парканам ці тынам.
У VIII—ІХ стст. побач з вясковымі ва Усходняй Еўропе пачалі паўставаць першыя ўмацаваныя паселішчы — гроды, якія выконвалі адміністрацыйную, ваенную і рэлігійную функцыі. Азначэнне грод роднаснае і характэрнае для ўсіх усходне- і заходнеславянскіх моў. Па сваіх ваенных і адміністрацыйных функцыях яно набліжаецца да замка, аднак у дасярэднявечны перыяд не магло з'яўляцца прыватнай уласнасцю і ў дафеадальным грамадстве займала іншае месца, чым замак.
Ва ўсходнеславянскіх мовах галоўнай характарыстыкай гроду быў яго абарончы характар у адрозненні ад неўмацаваных сяла ці весі. Таму горадам называлі любое ўмацаванае месца — як горад у сацыяльна-эканамічным значэнні гэтага слова, так і менавіта крэпасць, феадальны замак ці ўмацаваную сядзібу феадала. Словам горад называлі да ХVII ст. нават самі сцены.
У далейшым ва ўсходніх славянаў само паняцце грод ці горад прыняла значэнне рамесна-гандлёвага гораду, у той час, як прыкладам у чэхаў, гродамі сталі называць замкі.
Захоўванне і выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Гарадзішчы — месцы археалагічных даследаванняў, а таксама выкарыстоўваемыя альбо патэнцыйныя аб'екты турызму і экскурсій. На некаторых гарадзішчах дзейнічаюць музеі-павільёны з раскапанымі рэшткамі старадаўніх пабудоў (археалагічны музей «Бярэсце» ў г. Брэсце, гісторыка-археалагічны комплекс «Старажытны Тураў» у г. Тураве Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці і інш.).
Як і іншыя помнікі археалогіі, гарадзішчы ахоўваюцца дзяржавай. На кожным помніку павінен быць усталяваны ахоўны знак; таксама складаецца пашпарт і заключаецца дамова аб ахоўных абавязках з землекарыстальнікам, на тэрыторыі якога знаходзіцца помнік. У Беларусі за арганізацыю аховы помнікаў адказваюць аддзелы і ўпраўленні культуры органаў мясцовага і абласнога кіравання; а ў цэлым па краіне — Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Пашкоджанне альбо знішчэнне помнікаў цягне адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць.
Навуковую працу ў гэтай галіне ажыццяўляе аддзел захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (г. Мінск).
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Раскопкі на гарадзішчы Гарадок ля пас. Чырвоная Горка, з удзелам школьнікаў. Луцкі сельсавет, Жлобінскі р-н, Гомельская вобл.
-
Рэканструкцыя ўмацаванняў на гарадзішчы Біруў, в. Падзамчэ. Гміна Аградзенец, Завярценскі павет, Сілезскае ваяводства, Польшча.
Гл.таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзі́шча // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 208. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Побаль, Л. Д. Гарадзішча // Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя. У 5 т. / Рэдкал.: П. У. Броўка і інш.. — Мінск.: БелСЭ, 1978. — Т. 1. — 15 000 экз.
- Гарадзішча // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мінск.: БелСЭ, 1985. — Т. 2. — С. 37. — 9 500 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гарадзішча
- Расповед пра экспедыцыю да гарадзішча Вартавога на сайце belpohod.info