[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Бунд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Бунд, Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (ідыш: אַלגעמײַנער ײדישער אַרבעטער בונד אין ליטע פוילין און רוסלאַנד, да 1901 Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы) — яўрэйская сацыял-дэмакратычная партыя, якая дзейнічала на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны з 1897.

У Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Бунд утварыўся 25-27.9(7-9.10)1897 ў Вільні на з'ездзе прадстаўнікоў яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных груп, якія ўзніклі ў некаторых гарадах Беларусі, Літвы і Польшчы. У рабоце з'езда ўдзельнічалі 11 дэлегатаў ад Беластока, Варшавы, Вільні, Віцебска, Мінска і ад рэдакцыі газеты «Арбейтэр Штыме» («Рабочы голас»): А. Крэмер, Л. Голдман, А. Мутнік, М. Жалудская, Дж. Міль, Д. Кац, П. Берман, I. Абрамаў, У. Касоўскі і інш. Ідэю пра неабходнасць утварэння асобнай экстэрытарыяльнай яўрэйскай рабочай арганізацыі ў Расійскай імперыі сфармуляваў у 1895 Ю. Цэдэрбаўм (Мартаў) у сваёй прамове на першамайскім сходзе яўрэйскіх сацыял-дэмакратаў у Вільні. У якасці галоўнага аргумента выстаўлялася спасылка на тое, што расійская рабочая партыя, стварэнне якой тады наспявала, не будзе належным чынам абараняць спецыфічныя палітычныя і грамадзянскія інтарэсы яўрэйскіх рабочых. Неўзабаве Мартаў адмовіўся ад гэтай ідэі як памылковай. Аднак нацыянальна настроеныя яўрэйскія сацыял-дэмакраты на віленскім з'ездзе прынялі рашэнне аб утварэнні Бунда. З'езд зацвердзіў назву арганізацыі, выбраў ЦК, прызнаў цэнтральнымі органамі Бунда газеты «Арбейтэр Штыме» (у Расіі) і часопіс «Ідышэр Арбейтэр» («Яўрэйскі рабочы»), які выдаваўся за мяжой.

Сацыяльную апору Бунд знайшоў сярод шматлікіх рабочых-яўрэяў, якія ў пераважнай большасці былі заняты ў рамеснай і дробнакапіталістычнай прамысловасці, гандлі і іншых сферах абслугоўвання. Абмежавальныя законы царызму (мяжа яўрэйскай аселасці, забарона сяліцца ў сельскай мясцовасці ўнутры гэтай мяжы і інш.) спрыялі таму, што ў многіх гарадах і мястэчках Беларусі і Літвы яўрэі складалі большасць насельніцтва. У сувязі з адносна слабым развіццём прамысловасці значная іх частка не магла знайсці пастаяннай работы. Сацыяльна адсталае асяроддзе, у якім разгортвалася дзейнасць Бунда, наклала адбітак на яго ідэалогію, тактыку, формы арганізацыі.

Першапачатковай праграмай дзейнасці Бунда стала напісаная ў 1894 брашура А. Крэмера «Пра агітацыю» (выдадзена за мяжой у 1897). У ёй абгрунтоўвалася неабходнасць пераходу сацыял-дэмакратаў ад гуртковай прапаганды марксізму да масавай агітацыі сярод рабочых на аснове эканамічных патрабаванняў: скарачэнне рабочага дня, павелічэнне зарплаты, паляпшэнне ўмоў працы і інш. Палітычная і сацыялістычная агітацыя адкладвалася на няпэўную перспектыву, бо лічылася, што рабочыя, не прайшоўшы школу эканамічнай барацьбы, не зразумеюць заклікаў да звяржэння царызму, сацыялістычных ідэй. Гэта праграма ў 2-й пал. 1890-х гадоў была пашырана ў беларуска-літоўскіх губернях і за іх межамі. Асноўнымі сродкамі рэалізацыі эканамічных патрабаванняў былі стачкі, у ходзе якіх да гаспадароў і штрэйкбрэхераў ужываўся тэрор. Для матэрыяльнага забеспячэння стачачнікаў за кошт уступных і членскіх узносаў ствараліся прафесійныя (цэхавыя) стачачныя касы — зародкі прафесійных саюзаў. Рост стачачнага руху выклікаў неабходнасць аб'яднання цэхавых кас у агульнагарадскія міжкасавыя сходкі. Прафесійныя стачачныя касы ў канцы 1890 — пач. 1900-х гадоў складалі арганізацыйную аснову Бунда.

Адразу пасля віленскага з'езда кіраўнікі Бунда наведалі сацыял-дэмакратычныя яўрэйскія арганізацыі Гомеля, Брэста, Гродна і іншых гарадоў з мэтай далучэння іх да Бунда. Бундаўскія камітэты паўсюдна называлі сябе сацыял-дэмакратычнымі.

Кіраўнікі Віленскай яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі як цэнтральнай на Беларусі і ў Літве яшчэ да ўтварэння Бунда мелі сувязь з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі Пецярбурга, Масквы, Кіева, Екацярынаслава, з замежным «Саюзам рускіх сацыял-дэмакратаў» і ўдзельнічалі ў перагаворах аб правядзенні з'езда ў Кіеве ў сакавіку 1897 з мэтай аб'яднання ў Расійскую сацыял-дэмакратычную партыю. Аднак, кіруючыся сепаратысцкімі мэтамі, у Кіеў яны не прыехалі і гэтым сарвалі з'езд, а тым часам правялі свой з'езд (віленскі). Толькі пасля ўтварэння Бунда яго лідары зноў уключыліся ў падрыхтоўку агульнарусійскага з'езда, прычым паставілі за мэту не дапусціць прадстаўніцтва на ім асобных мясцовых сацыял-дэмакратычных арганізацый; на з'езд не быў запрошаны Рабочы саюз Літвы, у якім бундаўцы бачылі канкурэнта ў барацьбе за ўплыў. Па прапанове Бунда Першы з'езд РСДРП адбыўся 1-3(13-15).3.1898 ў Мінску, куды да гэтага часу перабраўся ЦК Бунда. Тэхнічнымі пытаннямі арганізацыі з'езда займаліся кіраўнікі Мінскага сацыял-дэмакратычпага камітэта Бунда (Я. Гурвіч, П. Берман і інш.). Бунд уступіў у РСДРП на агульных падставах з іншымі арганізацыямі — удзельнікамі з'езда, з правам аўтаноміі ў мясцовых справах. Ён мог самастойна прымаць рашэнні, якія датычыліся спецыфічных інтарэсаў яўрэйскага пралетарыяту. Дэлегаты з'езда РСДРП належным чынам не ацанілі нацыянальна-экстэрытарыяльную спецыфіку Бунда, якая дастаткова ясна была акрэслена ў яго назве — Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы. Пытанне пра тэрытарыяльныя межы дзейнасці Бунда на з'ездзе не ўзнімалася. Прадстаўнік Бунда, член яго ЦК Крэмер быў абраны адным з 3 членаў ЦК РСДРП. Пасля з'езда ён удзельнічаў у дапрацоўцы і зацвярджэнні тэксту «Маніфеста РСДРП», арганізаваў яго выданне ў Бабруйскай друкарні Бунда. У канцы ліпеня 1898 Дэпартаменту паліцыі ўдалося арыштаваць увесь ЦК Бунда, захапіць яго Бабруйскую (цэнтральную) і Мінскую друкарні. 3 мясцовых арганізацый асабліва пацярпела Мінская. Аднак да пач. 1899 дзейнасць Бунда аднавілася і пашырылася. У складзе Бунда дзейнічалі цэнтралізаваныя рэгіянальныя прафсаюзы шчаціннікаў і прыказчыкаў, яўрэйскае аддзяленне Федэратыўнага прафсаюза гарбароў.

У першыя гады ХХ ст. Бунд паступова перайшоў да палітычнай барацьбы. Гэта было звязана з эканамічным крызісам, што абмежаваў магчымасці эканамічнага рабочага руху, асабліва ў сферы дробнай прамысловасці, з рэпрэсіямі царызму ў адносінах да ўдзельнікаў эканамічных стачак, а таксама з поспехам прапаганды «паліцэйскага сацыялізму» сярод рамесных рабочых у Мінску, дзе большасць бундаўскіх прафсаюзаў у 1901 перайшла ў Яўрэйскую незалежную рабочую партыю (ЯНРП). Пэўную ролю адыграла і барацьба газеты «Искра». V канферэнцыя Бунда ў 1902 прыняла рашэнне аб перабудове мясцовых арганізацый, ліквідацыі выбарнасці і ўзмацненні цэнтралізму ў кіраўніцтве імі. 3 гэтага часу і да восені 1905 Бунд як партыя будаваўся «зверху ўніз»: ЦК назначаў членаў мясцовых камітэтаў, апошнія фарміравалі падпарадкаваныя ім структуры. Радавыя члены толькі выконвалі рашэнні вышэйшых устаноў і зусім не ўплывалі на праграмныя, тактычныя і арганізацыйныя пытанні. На той жа канферэнцыі Бунд прыняў рэзалюцыю «Аб арганізаванай помсце», якая дапускала індывідуальны палітычны тэрор супраць царскіх чыноўнікаў і паліцыі ў адказ на рэпрэсіі з іх боку. «Арганізаваная помста» Бунда па сутнасці нічым не адрознівалася ад эсэраўскага палітычнага тэрору і засведчыла яго адыход у пытаннях тактыкі ад асноўных прынцыпаў міжнароднай сацыял-дэмакратыі.

У перыяд крызісу ў РСДРП, калі Бунд фактычна дзейнічаў як самастойная арганізацыя, у яго вярхах узмацніліся сепаратысцкія тэндэнцыі. Адкрыта яны выявіліся на IV з'ездзе (1901, Беласток), у якім удзельнічалі дэлегаты ад Беластока, Бярдзічава, Варшавы, Вільні, Віцебска, Гомеля, Гродна, Дзвінска, Жытоміра, Коўна, Лодзі, Мінска, а таксама з'ездах саюзаў гарбароў і шчаціннікаў. З'езд фактычна прызнаў сіянісцкую ідэю пра існаванне яўрэйскай нацыі, а Бунд — адзіным прадстаўніком яўрэйскага пралетарыяту. Зыходзячы з гэтых пасылак, з'езд выставіў патрабаванне аб пераўтварэнні РСДРП у «федэратыўнае аб'яднанне сацыял-дэмакратычных партый усіх нацый, што насяляюць Расійскую дзяржаву»; будучы дзяржаўны лад Расіі вызначаў як «федэрацыю нацыянальнасцей з поўнай нацыянальнай аўтаноміяй кожнай з іх, незалежна ад займаемай тэрыторыі». Але, адзначыўшы небяспеку «распальвання нацыянальнага пачуцця сярод яўрэйскага насельніцтва на шкоду класавай свядомасці пралетарыяту», з'езд адмовіўся выставіць лозунг барацьбы за «поўную нацыянальную аўтаномію» для яўрэяў у Расіі як бліжэйшую задачу Бунда і прыняў рашэнне змагацца за адмену абмежавальных законаў.

На II з'ездзе РСДРП (1903) дэлегацыя Бунда ўльтыматыўна патрабавала прызнання яго адзіным прадстаўніком яўрэйскага пралетарыяту ў Расіі, неабмежаванай тэрытарыяльнай дзейнасці, перабудовы РСДРП паводле федэратыўнага прынцыпу і інш. Калі з'езд адхіліў гэты ультыматум, бундаўскія дэлегаты, якія да гэтага прагаласавалі за праграму РСДРП, заявілі пра выхад Бунда з партыі. Разрыў арганізацыйнай сувязі з РСДРП, імем якой Бунд карыстаўся ў 1898—1903, адкрыў магчымасць для ўтварэння на Беларусі і ў Літве інтэрнацыянальных партыйных арганізацый.

У 1904 камітэты Бунда вялі агітацыю супраць руска-японскай вайны, арганізавалі кампаніі пратэсту супраць суда над палітычнымі ссыльнымі ў Якуцку і расстрэлу сходкі рабочых у Беластоку, шэраг іншых рэвалюцыйных выступленняў. На Амстэрдамскім кангрэсе II Інтэрнацыянала (1904) Бунд упершыню быў прадстаўлены асобнай дэлегацыяй.

VI з'езд Бунда (кастрычнік 1905) уключыў у праграму патрабаванне нацыянальна-персанальнай аўтаноміі. Тым не менш цэнтральная бундаўская прэса з 1901 выступала за прызнанне Бунда ў якасці адзінага прадстаўніка і выразніка інтарэсаў яўрэйскага пралетарыяту ў Расіі і неабходнасць перабудовы РСДРП на прынцыпах федэралізму, прапагандавала ідэю нацыянальна-персанальнай аўтаноміі для яўрэяў. У асобных публікацыях Бунд характарызаваў сябе як самастойную палітычную партыю яўрэйскага пралетарыяту.

Засвоіўшы зыходную сіянісцкую ідэю пра існаванне яўрэйскай нацыі, Бунд разам з тым выступаў супраць сіянізму. IV з'езд Бунда ацэньваў сіянізм як «рэакцыю буржуазных класаў супраць антысемітызму і ненармальнага прававога становішча яўрэйскага народа». Канчатковую мэту сіянізму — набыццё ўласнай тэрыторыі для ўсяго яўрэйскага народа і ўтварэнне яўрэйскай дзяржавы — з'езд прызнаў «утапічнай і неажыццявімай». 3 гэтых пазіцый у бундаўскай літаратуры, у т.л. ў лістоўках мясцовых камітэтаў, і вялася крытыка сіянізму, хоць яна была няпоўнай і непаслядоўнай. Сутнасць барацьбы паміж бундаўцамі і сіяністамі, што часам набывала вострыя формы, вызначалася не прынцыповымі мэтамі, а канкурэнцыяй за ўплыў на «яўрэйскую вуліцу». Пад уплывам барацьбы «Искры» супраць эканамізму і тэрарызму да лета 1903 Бунд пазбавіўся гэтых ухілаў. Мясцовыя камітэты Бунд паступова ўзмацнялі і расшыралі агітацыйную і арганізатгарскую дзейнасць, звязаную са святкаваннем 1 Мая, распаўсюджвалі палітычныя адозвы, заклікалі на барацьбу з царызмам рабочых усіх нацыянальнасцей, праводзілі забастоўкі салідарнасці з рабочымі іншых гарадоў і рэгіёнаў краіны. Выхаванню палітычнай свядомасці і інтэрнацыяналізму садзейнічалі штогадовыя агіткампаніі сярод рабочых, прысвечаныя гадавінам адмены прыгоннага права (19 лютага), паўстання дзекабрыстаў (14 снежня), памяці герояў «Народнай волі» (1 сакавіка) і інш.

Члены Бунда побач з целамі трох сваіх таварышаў, забітых у Адэсе падчас Рэвалюцыі 1905 г.

У рэвалюцыю 1905—07 вядучыя пазіцыі ў рабочым руху на Беларусі і ў Літве занялі арганізацыі РСДРП. Аднак сярод работнікаў дробнай прамысловасці і сферы абслугрўвання, у пераважнай большасці яўрэяў, Бунд пашырыў свой уплыў. Камітэты Бунда ўдзельнічалі ў арганізацыі студзеньскіх выступленняў пратэсту супраць расстрэлу пецярбургскіх рабочых 9(21).1.1905. VI канферэнцыя Бунда, (11-17.2(24.2-2.3).1905, Дзвінск) рэкамендавала камітэтам агітаваць народныя масы набываць зброю і вучыцца страляць, ствараць у кожным горадзе ўзброеныя атрады, аказваць узброенае супраціўленне пры сутычках з паліцыяй і войскам. Канферэнцыя падкрэсліла значэнне ўсеагульнай палітычнай забастоўкі як сродку «выклікаць шырокія масы на вуліцу» і прызнала неабходным у спрыяльныя моманты арганізаваць масавыя ўзброеныя дэманстрацыі і весці падрыхтоўку да ўсеагульнага народнага паўстання. Разам з тым яна выказалася за пашырэнне дзейнасці Бунда сярод неяўрэйскіх рабочых, стварэнне з прадстаўнікоў усіх сацыял-дэмакратычных арганізацый агульных камісій з мэтай забеспячэння адзінства рэвалюцыйных дзеянняў. У 1905 арганізацыі Бунда ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні першамайскіх забастовак, дэманстрацый і мітынгаў, выступленнях салідарнасці з рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, байкоту Булыгінскай думы, Кастрычшцкай і Снежаньскай палітычных стачак. Многія выступленні праводзіліся сумесна з арганізацыямі РСДРП, мясцовымі арганізацыямі ППС у Літве (у Гродне і Брэсце). У кастрычніку-снежні 1905 арганізацыі Бунда былі прадстаўлены ва ўсіх кааліцыйных саветах і камітэтах, што дзейнічалі ў гарадах Беларусі і Літвы. Разам з тым у 1905 яны нярэдка выступалі і адасоблена, арганізоўвалі асобныя стачкі, дэманстрацыі і мітынгі. У канцы 1905 Бунд падтрымліваў лозунг узброенага паўстання, але выказваўся супраць удзелу ў Часовым рэвалюцыйным урадзе. У лістоўцы «Таварышы» (лістапад 1905, на ідыш, рускай і польскай мовах) ЦК Бунда заклікаў рыхтавацца да ўзброенага паўстання, збліжацца з салдатамі, весці сярод іх агітацыю, вывучаць тэхнічныя ўмовы вулічнай барацьбы, ствараць баявыя дружыны. Разам з Пецярбургскім Саветам рабочых дэпутатаў, РСДРП, Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў Бунд у снежні 1905 падпісаў адозву «Да ўсяго народа», якая фактычна заклікала да ўсенароднага ўзброенага паўстання супраць царызму. Разам з іншымі левымі партыямі Бунд удзельшчаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзяржаўную думу.

Практыка рэвалюцыйнай барацьбы штурхала Бунд да саюзу з РСДРП, якая таксама была зацікаўлена ў аб'яднанні сіл усіх нацыянальных сацыял-дэмакратычных партый і арганізацый, што дзейнічалі ў Расіі. У сувязі з гэтым у рабоце IV (Аб'яднаўчага) з'езда РСДРП (красавік 1906) удзельнічала дэлегацыя Бунда. З'езд сфармуляваў умовы аб'яднання з Бундам, якія ў жніўні 1906 былі зацверджаны VII з'ездам Бунда. На той час Бунд налічваў 274 арганізацыі, да 40 тыс. членаў, прызнаваў сябе сацыял-дэмакратычнай арганізацыяй яўрэйскага пралетарыяту, не абмежаванай у сваёй дзейнасці раённымі рамкамі. Ён прымаў праграму РСДРП (пазіцыя па нацыянальным пытанні заставалася адкрытай) і лічыў абавязковымі для сябе ўсе пастановы агульнапартыйных з'ездаў, але захоўваў свае мясцовыя арганізацыі і цэнтральныя ўстановы. Бунд меў права праводзіць з'езды, пасылаць сваіх прадстаўнікоў на з'езды і канфернцыі РСДРП, у яе ЦК. У гарадах шляхам агульных выбараў, без адрознення нацыянальнасці членаў партыі, павінны былі стварацца адзіныя кіраўнічыя камітэты, якія простай большасцю галасоў вырашалі б усе пытанні, агульныя для мясцовага пралетарыяту. Пагаджаючыся з умовамі аб'яднання, выпрацаванымі IV з'ездам РСДРП, VII з'езд Бунда разам з тым заклікаў усе свае арганізацыі весці ўнутрыпартыйную барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі, пацвердзіў сваю вернасць праграме нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Фактычнага аб'яднання Бунда з РСДРП, за выключэннем цэнтраў, не адбылося: агульнагарадскія камітэты па месцах не былі створаны.

У перыяд найвышэйшага ўздыму рэвалюцыі 1905—07 нізавыя арганізацыі Бунда, як і іншых рэвалюцыйных партый, фактычна перайшлі да адкрытай дзейнасці ў масах. Былі паслаблены жорсткія нормы цэнтралізму, уводзіўся выбарны прынцып фарміравання мясцовых кіруючых органаў і ўстаноў Бунда, ствараліся легальныя органы друку. Са снежня 1905 да лютага 1906 у Вільні на ідыш выдавалася штодзённая газета «Дэр Векер» («Будзільнік», 40-45 тыс. экз.), а пасля яе закрыцця з лютага 1906 да жніўня 1907 — «Фолькецайтунг» («Народная газета»). На рускай мове ў Вільні легальна выходзілі штотыднёвікі Бунд «Наше слово» (№ 1-9, чэрвень — жнівень 1906), «Наша трибуна» (№ 1-12, снежань 1906 — сакавік 1907). Легальны друк дапаўняўся нелегальным, у т.л. лістоўкамі. Да верасня 1905 за мяжою працягвалася выданне цэнтральнага органа Бунда «Арбейтэр Штыме», да студзеня 1906 — органа замежнага камітэта Бунда часопіса «Последние известия» (усяго з 1901 выйшла 256 нумароў). Са студзеня 1904 да лістапада 1905 у падполнай друкарні ў Расіі выдаваўся часопіс «Дэр Бунд» (11 нумароў).

У гэты час Бунд актывізаваў дзейнасць па арганізацыі сваіх прафсаюзаў. У адрозненне ад арганізацый РСДРП, якія выступалі за стварэнне беспартыйных (нейтральных) інтэрнацыянальных прафсаюзаў, Бунд ствараў асобныя прафсаюзы яўрэйскіх рабочых, падпарадкаваныя толькі яму. Камітэты Бунда ўводзілі ў бюро (праўленне) такіх прафсаюзаў сваіх прадстаўнікоў з правам «вета» — прыпынення выканання любога рашэння, якое супярэчыла праграме і тактыцы Бунда. Прафсаюзы, што прызнавалі кіраўніцтва Бунда, адлічвалі на яго карысць да 25 % сваіх даходаў. Гэта дзейнасць прывяла да таго, што ўзніклі паралельныя прафсаюзы — бундаўскія і інтэрнацыянальныя, якія нярэдка варожа ставіліся адзін да аднаго.

У перыяд адступлення рэвалюцыі Бунд усё цясней збліжаўся з меншавікамі, падтрымліваў іх лінію на саюз з кадэтамі. У час выбараў у II Дзяржаўную думу мясцовыя камітэты Бунда на нацыянальн платформе ўзаемадзейнічалі з выбарчымі блокамі іншых яўрэйскіх партый. Ідэйная барацьба з палітычным сіянізмам фармальна працягвалася, але фактычна Бунд станавіўся адной з плыняў сіянісцкага руху, афарбаванай у марксісцкі колер. Пасля задушэння Снежаньскага ўзброенага паўстання рэвалюцыйная агітацыя Бунда рэзка звузілася. Галоўным кірункам у яго дзейнасці стала арганізацыя легальнага эканамічнага і нацыянальна-культурнага рабочага руху ў межах прафсаюзаў. У 1906—07 Бунд удзельнічаў у правядзенні першамайскіх кампаній, якія прайшлі ў форме мірных агульнагарадскіх і групавых забастовак і не суправаджаліся, як раней, вулічнымі дэманстрацыямі і сутыкненнямі рабочых з паліцыяй і войскам.

Рэпрэсіі ў перыяд рэакцыі выклікалі масавы адліў з Бунд дробнабуржуазных элементаў, згортванне дзейнасці яго мясцовых арганізацый. Найбольшы спад адзначаны ў 1908. Аб'езд членамі ЦК Бунда буйных прамысловых цэнтраў Беларусі і Літвы паказаў, што большасць калектываў распалася, у партыі засталося каля 3 тыс. чалавек, якія практычна бяздзейнічалі. У крытычным стане апьшулася фінансавае становішча Бунда. Паступленні ў касы ЦК і замежнага камітэта зменшыліся з 141,5 тыс. франкаў у 1907 да 6,5 тыс. ў 1910. Арганізацыйнаму развалу спадарожнічаў ідэйны разброд, рост нацыяналістычных і ліквідатарскіх настрояў. На нарадзе членаў ЦК Бунда з удзелам прадстаўнікоў 6 найбольш буйных арганізацый у лютым 1908 цэнтральным было пытанне «Аб характары нашай далейшай работы». Частка ўдзельнікаў нарады выступіла з ідэямі трансфармацыі самадзяржаўя ў буржуазную манархію. Адмаўленне ад рэвалюцыі і ад барацьбы за гегемонію пралетарыяту вяло да прызнання толькі легальных форм барацьбы — думскай трыбуны, прафсаюза, культурна-асветных таварыстваў і інш.

Бундаўцы-партыйцы стаялі на антыліквідатарскіх пазіцыях і лічылі, што далейшая работа павінна ісці пад знакам падрыхтоўкі да новага рэвалюцыйнага выбуху. На V Агульнарасійскай канферэнцыі РСДРП (1908) па арганізацыйным пытанні бундаўцы галасавалі за прапанаваную бальшавікамі рэзалюцыю, якая звяртала асаблівую ўвагу на неабходнасць стварэння і ўмацавання нелегальных партыйных арганізацый, выкарыстання для работы сярод працоўных розных легальных таварыстваў.

Збянтэжанасць яўрэйскай рамеснай масы прайшла параўнальна хутка; на змену тым, хто пакінуў арганізацыі Бунда, прыйшло маладое папаўненне. Пэўны ўклад у ажыўленне работы на месцах зрабілі і бундаўскія функцыянеры, якія ў 1908-09 наведалі шэраг населеных пунктаў у мяжы аселасці. У выніку да пачатку новага рэвалюцыйнага ўздыму ў Расіі дзейнічала 12 арганізацый Бунда, у якіх налічвалася 13504 члены, у т.л. ў Вільні 800, Пінску 500, Дзвінску 500, Гродне 450 чалавек.

У перадваенныя гады лідары Бунда паступова зблізіліся з меншавікамі. Рэвізія рашэнняў V Агульнарасійскай канферэнцыі РСДРП пачалася фактычна адразу пасля сканчэння яе работы. VIII канферэнцыя Бунда (кастрычнік 1910) заклікала Бунд сканцэнтраваць увагу на пытаннях, што абмяркоўваюцца ў Дзяржаўнай думе, папулярызаваць выступленні сацыял-дэмакратаў, нацыянальныя патрабаванні яўрэяў і барацьбу за іх ажыццяўленне. Галоўнае месца ў рабоце занялі пытанні пра абарону правоў яўрэйскай абшчыны, мовы, суботняга адпачынку. Кіраўнікі Бунд адмовіліся ад удзелу ў VI (Пражскай) канферэнцыі РСДРП (1912), павялі барацьбу за зрыў яе рашэнняў. Ужо на нарадзе сацыял-дэмакратаў 29.2(13.3).1912, намаганнямі Бунда, была прынята рэзалюцыя, якая кваліфікавала канферэнцыю як узурпацыю бальшавікамі «партыйнага сцяга», заклікала ўсе арганізацыі ў Расіі і за мяжой пратэставаць супраць учыненага перавароту і не прызнаваць выбраныя ёю партыйныя цэнтры. IX канферэнцыя Бунда (чэрвень 1912) зняла патрабаванні дэмакратычнай рэспублікі і канфіскацыі памешчыцкіх зямель. Зацверджаная на ёй платформа прадугледжвала: барацьбу за адказнае міністэрства, свабоду кааліцый, скасаванне надзвычайнага становішча, шырокія грамадзянскія правы, мясцовае і гарадское самакіраванне, ліквідацыю мяжы аселасці і нацыянальнае раўнапраўе, пашырэнне рабочага заканадаўства на рамеснікаў. Асноўныя рашэнні гэтай канферэнцыі паўтарыла палітычная платформа меншавізму, зацверджаная ў 1912 т.зв. «жнівеньскім блокам». У раздзеле па нацыянальным пытанні сцвярджалася, што бундаўская тэорыя культурна-нацыянальнай аўтаноміі не пярэчыць праграме расійскай сацыял-дэмакратыі.

У залежнасці ад змены палітычнай праграм мяняліся адносіны вярхоў Бунда і да рэвалюцыйнай барацьбы яўрэйскіх рабочых. Прыкладна да сярэдзіны 1908 ЦК і мясцовых арганізацый прымалі актыўны ўдзел у кіраўніцтве стачкамі гарбароў, шчаціннікаў, панчошніц і інш., наладзілі некалькі буйных палітычных выступленняў. У далейшым Бунд фактычна адмовіўся ад удзелу ў агульнарускіх выступленнях. Асноўнай формай барацьбы Бунда былі «петыцыйныя кампаніі», або збор подпісаў пад рознымі зваротамі ў Дзяржаўную думу з просьбамі дазволіць свабоду прафсаюзам, рабочым таварыствам і справаводства ў іх весці на яўрэйскай мове, адмяніць мяжу аселасці, за нацыянальнае раўнапраўе, вызваленне арыштаваных членаў сацыял-дэмакратычнай фракцыі і інш.

У 1913 пад кіраўніцтвам Бунда дзейнічалі 26 легальных і 65 нелегальных прафсаюзаў яўрэйскіх рабочых. Дзейнасць бундаўскага падполля мала чым адрознівалася ад легальных арганізацый, у ёй пераважала палітыка-культурна-асветніцкая прапаганда.

3 пачаткам 1-й сусветнай вайны Бунд фактычна адмовіўся ад антыўрадавай дзеннасці. ЦК Бунда разам з Краявым камітэтам СДКПіЛ і ЦК Польскай партыі сацыялістычнай (ППС)  (руск.) у ліпені 1914 выдалі сумесную адозву «Да пралетарыяту Польшчы», у якой выкрывалі прычыны і імперыялістычны характар вайны, заклікалі пралетарыят ваюючых дзяржаў да барацьбы за звяржэнне капіталістычнага ладу. У лістападзе 1914 на пашыраным пасяджэнні ЦК Бунда сфармулявана афіцыйная пазіцыя пра адносіны да вайны і прыняты маніфест «Аб вайне», у якім вызначаны антымілітарысцкія дэмакратычныя патрабаванні. У далейпшм, калі пачалося масавае высяленне яўрэяў з прыфрантавой паласы, ЦК Бунда страціў сувязь з мясцовымі арганізацыямі і распаўся. Уцалелі арганізацыі ў Вільні, Гомелі, Бярдзічаве і Кіеве. Але і яны страцілі сувязі паміж сабой, адмовіліся ад рэвалюцыйнай дзеннасці. Толькі ў Гомелі 18 красавіка (1 мая) 1915 у некалькіх майстэрнях былі распаўсюджаны першамайскія адозвы. Дзейнасць бундаўцаў у прыфрантаврй зоне была абмежавана арганізацыяй дабрачыннай дапамогі высяленцам, бежанцам і беспрацоўным. Канферэнцыя Бунда (чэрвень 1915, Кіеў) пад уплывам узросшых антываенных настрояў найважнейшымі былі прызнаны 2 лозунгі — неадкладнае звяржэнне манархіі і барацьба за мір. Свае надзеі на дэмакратычную рэспубліку канферэнцыя звязала з сацыял-дэмакратычнай фракцыяй Дзяржаўнай думы. Але вясной 1916 на нарадзе пры ЦК Бунда, у якой удзельнічалі прадстаўнікі арганізацый з 7 гарадоў, верх узялі абаронцы.

У рэвалюцыйнай Расіі (1917 — 1923)

[правіць | правіць зыходнік]
Дэманстрацыя Бунда, 1917 г.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 колькасць арганізацый Бунда стала хутка павялічвацца. У сакавіку 1917 ЦК Бунда аднавіў выданне газеты «Арбейтэр Штыме». Праграма і тактыка Бунда па асноўных пытаннях супадалі з меншавіцкімі. X канферэнцыя Бунда (1-6(14-19).4.1917, Петраград) у сваіх резалюцыях выказалася супраць удзелу сацыял-дэмакратаў у кааліцыйным Часовым урадзе, за скліканне Устаноўчага сходу. На ёй была вызначана сутнасць нацыянальна-культурнай аўтаноміі для яўрэяў і метады яе ажыццяўлення, прыняты рэзалюцыі: пра ўдзел у рабоце агульнарасійскага яўрэйскага з'езда, аб партыйнай прэсе, адносінах да яўрэйскіх дэмакратычных партый, правах яўрэйскай мовы, адмене нацыянальных абмежаванняў і інш. Выбраны новы склад ЦК, з удзелам якога пазней сфарміраваны абласныя камітэты. Бундаўцы ўдзельнічалі ў стварэнні мясцовых Саветаў, камітэтаў грамадскай бяспекі, харчовых камітэтаў і інш.

У пачатку жніўня 1917 ЦК Бунда надрукаваў зварот «Да ўсіх арганізацый» з заклікам правесці выбары дэлегатаў на аб'яднаўчы з'езд РСДРП асобна ад меншавікоў. На гэтым з'ездзе (19-26.8(1-8.9).1917, Петраград, каля 40 дэлегатаў ад 20 тыс. членаў Бунда) дэлегаты-бундаўцы падзяляліся на інтэрнацыяналістаў (каля 15) і абаронцаў. З'езд даў Бунду права мець сваіх прадстаўнікоў ва ўсіх мясцовых камітэтах і ў ЦК РСДРП. У час карнілаўшчыны Бунд выступіў у падтрымку А. Керанскага, супраць перадачы ўлады Саветам. Восенню 1917 у Бундзе налічвалася 30 тыс. членаў. У той жа час узмацніліся разыходжанні па карэнных пытаннях рэвалюцыі, з'явіліся фракцыі ў многіх арганізацыях. У ліпені-кастрычніку 1917 бундаўцы стварылі свае фракцыі ў шэрагу Саветаў і органаў самакіравання, удзельнічалі ў фарміраванні атрадаў самаабароны ў час яўрэйскага пагрому. На II Усерасійскім з'ездзе Саветаў разам з меншавікамі і эсэрамі бундаўцы пакінулі з'езд.

Правыя бундаўцы варожа аднесліся да Кастрычніцкай рэвалюцыі, левыя былі схільны падтрымаць яе, значная частка вагалася. Нарада пры ЦК Бунда 20.11(3.12).1917 расцаніла Кастрычніцкую рэвалюцыю як справу «неарганізаваных і несвядомых мас», якія пайшлі за бальшавікамі, і прыйшла да высновы, што «дэмагагічныя заклікі бальшавікоў цяпер не могуць быць ажыццёўлены, яны прывядуць пралетарыят да расчаравання, адчаю, да поўнага разгрому і страты даверу да ідэі сацыялізму». Нарада заклікала не прызнаваць савецкай улады, змагацца за пераход улады да ўсей рэвалюцыйнай дэмакратыі.

У снежні 1917 адбыўся VIII з'езд Бунда, на якім выявіліся разыходжанні поглядаў на многія праблемы. Па пытанні пра дзяржаўнага ладу Расіі частка дэлегатаў выступала за федэрацыю, большасць сцвярджала, што гэта прывядзе да сепаратызму, пашкодзіць кансалідацыі класавых сіл пралетарыяту Расіі. У сувязі з роспускам бальшавікамі 5(18).1.1918 Устаноўчага сходу бундаўцы разам з іншымі апазіцыйнымі сіламі ўдзельнічалі ў правядзенні палітычнай забастоўкі ў Віцебску, супраць разгону Устаноўчага сходу пратэставалі многія іншыя арганізацыі Бунда.

Напачатку 1918 году бундаўцы былі кааптаваныя ў склад Рады і Народнага сакратарыяту БНР. Пазней прадстаўнікі гэтай арганізацыі ў адносінах да БНР сталі ў апазіцыю.

XI канферэнцыя Бунда (16-22.3.1919, Мінск) прызнала савецкую ўладу і заклікала падтрымліваць яе, актыўна змагацца супраць унутранай і знешняй контррэвалюцыі. Аднак Бунд заявіў, што ў дачыненні да бальшавікоў ён застаецца «партыяй апазіцыі».

Прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў вышэйшыя органы савецкай улады. Дзеля кампрамісу з левымі бундаўцамі ў студзені 1919 ў складзе Камуністычнай партыі Беларусі была створана Яўрэйская камуністычная партыя Беларусі, якая праз месяц была перайменавана ў Яўрэйскі камуністычны саюз. У красавіку 1919 бундаўскі ЦК аб'явіў мабілізацыю членаў партыі ў Чырвоную Армію, заклікаў яўрэйскі пралетарыят стаць на абарону рэвалюцыі і Савецкай улады. Была створана яўрэйская ваенная секцыя, якая адпраўляла бундаўцаў на фронт.

У чэрвені 1919 ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі прыняў пастанову пра роспуск Яўрэйскага камуністычнага саюза, дзейнасць якога вяла, на думку бальшавікоў, да арганізацыйнага і ідэйнага адасаблення яўрэйскага пралетарыяту. За 1918-19 колькасны склад арганізацый Бунда моцна скараціўся. На XII канферэнцыі (красавік 1920, 61 дэлегат ад 29 арганізацый) пад націскам правячай бальшавіцкай партыі левыя бундаўцы прынялі рашэнне пра выхад Бунда з партыі меншавікоў, прызнанне праграмы РКП(б) і далучэнне да Камінтэрна. Імкнучыся захаваць аўтаномію, яны дамагаліся надаць Бунду функцыі яўрэйскай секцыі пры агітпрапе ЦК РКП(б), але безвынікова. XIII надзвычайная канферэнцыя Бунда (красавік 1920) пасля цяжкай дыскусіі заявіла пра далучэнне яго да РКП(б) на ўмовах Камінтэрна. Правыя бундаўцы, якія не прызналі гэта рашэнне, на сваёй канферэнцыі (красавік 1920, Віцебск) аб'ядналіся ў Бунд сацыял-дэмакратычны. Яго лідары (Р. Абрамовіч, У. Касоўскі, В. Медэм, Г. Арансон) занялі выразна антысавецкія пазіцыі. Левае крыло замежных арганізацый сацыял-дэмакратычнага Бунда на чале з Р. Абрамовічам выступала за негвалтоўнае адхіленне бальшавікоў ад улады.

У пач. 1920-х гадоў Бунд у савецкай краіне знік з палітычнай арэны. У 1923 самаліквідаваліся найбуйнейшыя арганізацыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія іх члены ўступілі ў бальшавіцкую партыю. Распадам і самаліквідацыяй закончылі сваё існаванне астатнія арганізацыі Бунда.

У 1930-я гады беспадстаўна былі рэпрэсіраваны былыя бундаўскія лідары А. Вайнштэйн, М. Рафес, М. Фрумкіна і інш.

У міжваеннай Польшчы

[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі, што паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 адышла да Польшчы, Бунд існаваў да 1939 як самастойная партыя, меў уплыў на яўрэйскіх рабочых і рамеснікаў у гарадах і мястэчках, дзейнічалі яго гарадскія, раённыя і акруговыя камітэты. У асноўным стаяў на пазіцыях легальнай парламенцкай дзейнасці. Яго галоўнае патрабаванне — дазволіць яўрэйскаму насельніцтву мець нацыянальна-культурную аўтаномію. Ставіліся і іншыя дэмакратычныя патрабаванні. У адносінах да Заходняй Беларусі Бунд у цэлым падтрымліваў патрабаванне аб яе самавызначэнні, але не даводзіў яго да права на аддзяленне ад Польшчы.

У 1922 левае крыло Бунда, што аб'ядноўвала каля 1/3 членаў і стаяла на радыкальных сацыялістычных пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арганізацыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у склад Кампартыі Польшчы. Бунд зблізіўся з Польскай сацыялістычнай партыяй (Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС)  (руск.)), з 1930 уваходзіў у склад Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала, выступаў за арганізацыйную самастойнасць яўрэйскіх рабочых і на гэтай падставе ствараў прафсаюзы паводле нацыянальнай прыкметы. Арганізацыі Бунда і яго друкаваны орган газета «Фольксцайтунг» вялі ідэалагічную барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, змагаліся супраць прафсаюзнага актыву, які ішоў за камуністамі. У 2-й пал. 1920-х — 1930-я гады ў шэрагу гарадскіх і акруговых арганізацый Бунда дзейнічала левае крыло, якое стаяла на класавых сацыялістычных пазіцыях, а асобныя групы самастойна выстаўлялі радыкальныя патрабаванні.

У 1933 — пач. 1935 Бунд выступаў супраць утварэння адзінага рабочага фронту, які прапанавала кампартыя. На VI з'ездзе (люты 1935) Бунд выказаўся за стварэнне «арганічнага адзінства рабочага руху». У прынятай з'ездам «Дэкларацыі прынцыпаў» адзначалася неабходнасць «пазітыўных адносін з боку міжнароднага рабочага класа да Савецкага Саюза» з той умовай, каб такіх жа адносін прытрымліваўся і Савецкі Саюз да сацыялістычнага руху. На з'ездзе патрабаванне нацыянальна-культурнай аўтаноміі было заменена новым заклікам — агульнай аўтаноміі яўрэйскага насельніцтва ў культурным, эканамічным і палітычным жыцці. У 2-й пал. 1935 пад націскам антыфашысцкага народнага руху, патрабаванняў рабочых і нізавых арганізацый Бунда яго кіраўніцтва пайшло на ўстанаўленне адзінства дзеянняў з іншымі партыямі, у т.л. камуністамі. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў склад адзінафрантавых камітэтаў і камісій, удзельнічалі ў арганізацыі выступленняў (забастовак, дэманстрацый, мітынгаў), што ў 1936 — 1-й пал. 1937 праходзілі пад лозунгам адзінага рабочага і антыфашысцкага народнага фронту і былі накіраваны супраць фашызму і падрыхтоўкі новай вайны. Аднак у 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы сумесна з КПП. Адной з асноўных прычын адмовы былі палітычныя рэпрэсіі ў СССР.

Нягледзячы на антысіянісцкую фразеалогію, у практычнай дзейнасці (правядзенне выбараў, эканамічных акцый) Бунд часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад яго ўплывам знаходзіўся шэраг кааператыўных, культурных і спартыўных арганізацый, у т.л. «народныя універсітэты» (ахоплівалі пераважна моладзь), яўрэйская школьная арганізацыя, банк яўрэйскіх кааператываў, арганізацыя яўрэйскіх жанчын-работніц. Пад арганізацыйным і палітычным кіраўніцтвам Бунда знаходзілася маладзёжная арганізацыя Югенд-Бунд «Цукунфт».

Бунд спыніў існаванне ў канцы 1939, калі на далучаных да СССР тэрыторыях дзейнасць палітычных партый, акрамя камуністычнай, была забаронена савецкім урадам.