[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Догрыб

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Догрыб
(Tłı̨chǫ)
Малюнак XIX ст.
Агульная колькасць 1935 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання Канада
Мова тлычо
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы славі, данэ-заа, чыпеўян

Догрыб (англ.: Dogrib), саманазва данэ-тлычо (Doné Tłı̨chǫ літаральна «свойскі народ») — паўночны атабаскі народ, карэнныя жыхары Паўночна-Заходніх тэрыторый Канады. Агульная колькасць (2016 г.) - 1935 чал.

Да прыходу еўрапейцаў догрыб традыцыйна насялялі тэрыторыі паміж Вялікім Мядзвежым возерам і Вялікім Нявольніцкім возерам. Догрыб сталі вядомы еўрапейцам у 1823 г. у сувязі з сутычкамі з індзейцамі кры. Менавіта з вымовы кры пайшла традыцыйная назва гэтага народа. У 1853 г. Кампанія Гудзонава заліва заснавала на іх землях гандлёвую факторыю. З 1859 г. пачалася хрысціянізацыя дзякуючы дзейнасці каталіцкіх місіянераў.

У 1899 г., 1921 г. і 2005 г. урад Канады падпісаў з догрыб узаемныя дагаворы. Згодна апошняму дагавору догрыб кантралююць землі агульнай плошчай 39 000 км² на Паўночна-Заходніх тэрыторыях.

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным заняткам догрыб да сярэдзіны XX ст. з'яўлялася вандроўнае паляванне на карыбу, ласёў, зайцоў і іншых жывёл. Дадатковую ролю адыгрывала рыбалоўства. Паляванне лічылася мужчынскім заняткам. Жынчыны аказвалі дапамогу пры апрацоўцы здабычы, разам з мужчынамі лавілі рыбу, займаліся збіральніцтвам. Адзінай свойскай жывёлай доўгі час заставаўся сабака. Да заснавання факторыі ў 1853 г. догрыб амаль не вялі абмен з суседнімі народамі.

Вандравалі невялікімі сваяцкімі групамі, за якімі не замацоўваліся пэўныя тэрыторыі, а выбіраліся ў залежнасці ад багацця паляўнічых рэсурсаў. Тыповым жытлом было часовае тыпі, пакрытае галлём і лісцем. Першаснай сацыяльнай адзінкай была нуклеарная сям'я на чале мужчыны. Пасля яго смерці значная частка асабістай маёмасці знішчалася. Сваяцкія ўзаемадзеянні і мова гуртавалі догрыб разам, дазвалялі адрозніваць сябе ад суседзей.

У другой палове XX ст. улады Канады садзейнічалі перасяленню сем'яў у сталыя сучасныя жытлы. Значна змянілася эканамічная дзейнасць. У нашы дні догрыб наймаюцца на працу ў мясцовыя кампаніі, развіваюць турызм.

Догрыб добра захавалі традыцыйныя танцавальнае мастацтва, музыку і спевы.

У выніку хрысціянізацыі, што пачалася ў 1859 г., догрыб згубілі большую частку традыцыйных вераванняў. Захаваліся ўяўленні пра духаў звяроў і птушак, якія быццам бы могуць кантактаваць з людзьмі, некаторыя абрады ачышчэння і лекавання. У нашы дні большасць вернікаў прытрымліваюцца каталіцтва.