[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Ісіхазм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ікона Феафана Грэка з выявай Праабражэння і «фаворскага святла»

Ісіха́зм (грэч. Ησυχασμός) — хрысціянская сузіральная практыка, характэрная для праваслаўя.

Ісіхазм сфарміраваўся ў сярэднявеччы ў Візантыі на аснове манаскіх практык, вядомых з часоў раннехрысціянскіх пустэльнікаў накшталт Антонія Вялікага. У XIV ст. яго асноўным цэнтрам стаў Афон, а галоўным багасловам — Грыгорый Палама. Канчаткова ісіхазм быў прыняты Праваслаўнай Царквою ў другой палове 1350-х гг. у выніку перамогі Грыгорыя ў дыспуце з яго крытыкам Варлаамам з Калабрыі і асуджэннем Варлаама з боку Царквы.

Ісіхазм адыгрываў значную ролю ў рэлігійным жыцці праваслаўных манастыроў Сербіі, Валахіі, ВКЛ і Расіі ў XV — XVII стст. Ісіхазм практыкаваў Іасафат Кунцэвіч, член грэка-каталіцкага Ордэну Базыльян. Адыход ад ісіхазму быў абумоўлены разрывам шчыльных сувязей праваслаўных і грэка-каталіцкіх манахаў з Афонам. Тым не меней, спробы яго адраджэння прадпрымаліся ў Расійскай імперыі ў канцы XIX — пачатку XX ст.

Нягледзячы на крытыку ісіхазму з боку каталіцкіх і пратэстанцкіх тэолагаў, ён актыўна вывучаецца імі з XIX ст.

Ісіхазм уяўляе сабою форму пустэльніцкага малення, падчас якога чалавек адчувае ісіхію — блаславенны спакой. Гэтаму садзейнічаюць аскетызм, спакой цела і волі, у некаторых выпадках — дыхальныя практыкаванні, пэўныя паставы цела, нямое паўтарэнне малітваў. Некаторыя манахі бачаць містычнае святло. Раннія прыхільнікі ісіхазму называлі яго «фаворскім святлом», убачаным апосталамі падчас праабражэння Ісуса і тлумачылі яго сузіранне як найвышэйшую мэту.

Галоўны ранні крытык ісіхазму, праваслаўны манах Варлаам з Калабрыі (каля 1290—1348 гг.) сцвярджаў, што афонскія манахі ў сваёй прастаце прызнаваліся, быццам бы бачылі ў святле аблічча Бога. Гэта супярэчыла хрысціянскім уяўленням пра немагчымасць назіраць Бога чалавечымі вачыма, бо Бог спазнаваем толькі дзякуючы яго стварэнням. Грыгорый Палама адказваў яму, што «фаворскае святло» мае нетварны характар і бачыцца не фізічнымі, а «змененымі» вачыма сілай Духа Святога. Далейшы дыспут паміж двума багасловамі закранаў існасць Бога. У апошнім выпадку аргументацыя Грыгорыя Паламы была бліжэй да існуючай праваслаўнай традыцыі, а таму была прынята Праваслаўнай Царквою.