Лёзна
Лёзна лац. Lozna | |||||
У цэнтры мястэчка | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1514 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Лёзьненскі | ||||
Вышыня: | 193 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 6684 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2138 | ||||
Паштовы індэкс: | 211220, 211221 | ||||
СААТА: | 2230551000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°1′34″ пн. ш. 30°47′41″ у. д. / 55.02611° пн. ш. 30.79472° у. д.Каардынаты: 55°1′34″ пн. ш. 30°47′41″ у. д. / 55.02611° пн. ш. 30.79472° у. д. | ||||
± Лёзна | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Лёзна — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Мошне. Адміністрацыйны цэнтар Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6684 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 40 км на паўднёвы ўсход ад Віцебску, непадалёк ад граніцы з Расеяй. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Смаленск. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка зь Віцебскам, Воршай, Янавічамі, Смаленскам, Арэхаўскам.
Лёзна — даўняе мястэчка гістарычнай Віцебшчыны, зьвязанае з постацьцю Марка Шагала. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася збудаваная з фундацыі князёў Агінскіх царква Ўваскрасеньня Хрыстова, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Лёзна. Паводле першай зь іх, ён утварыўся ад беларускага выразу «лёзныя людзі». У старабеларускай мове слова лёзны (люзны) азначала 'вольны, нічым не заняты' і, магчыма, мела зьвязак зь нямецкім loze — 'вольны, вызвалены, не зьвязаны ў цэхі'[2]. Тым часам у мясцовых гаворках да нашага часу захавалася слова лёзны (лёзна), якое азначае ‘ласкавы, пяшчотны’[3]. Паводле другога тлумачэньня, назва мястэчка ўтварыўся ад асновы лаза (лознае)[2] або словаў лез, леж, лезна — 'нізіна, рачная западзіна, нізкае багністае месца, парослае лазой'[4]. Трэцяя вэрсія тлумачэць тапонім ад гідроніму, зьвязанага з коранем лезьці 'цячы'[3].
Таксама існуе легенда, паводле якой паселішча заснавалі на «лозным» (парослым кустоўем) месцы брат і сястра, што зьбеглі з свайго дому. Прычынай такога ўчынку стаўся мясцовы бацюшка, што груба заляцаўся да дзяўчыны — і атрымаў адмову, але праз хітрасьць і падман здолеў падбухторыць супраць яе ўласнага бацькі[5].
Традыцыйная гістарычная назва мястэчка — Лёзна. Па першым падзеле Рэчы Паспалітай расейскія ўлады прынялі напісаньне рас. Ліозно — без выкарыстаньня літары «ё», якая толькі пачынала ўжывацца ў расейскай мове. Вымаўляцца спалучэньне «іо» ў гэтым слове мусіла як «ё». Савецкія ўлады зрабілі з расейскага напісаньня Лиозно беларускую трансьлітарацыю без уліку гэтага артаграфічнага нюансу і ўтварылі штучную форму Ліёзна[3]. У гістарычных крыніцах таксама сустракаюцца формы напісаньня Łoźne, Leżno, Lozno, Лезно.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Лёзна традыцыйна зьвязваюць з заваёвай Смаленшчыны Маскоўскай дзяржавай (1514 год)[6], калі паселішча ў складзе Мікулінскай воласьці трапіла да ўсходніх захопнікаў. Аднак паводле сучасных дасьледаваньняў, Лёзна ўзьнікла пазьней — у пачатку XVII стагодзьдзя, а ягоным заснавальнікам быў, відаць, Багдан Агінскі[7]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў гэтая мясцовасьць увайшла ў склад Віцебскага павету Віцебскага ваяводзтва.
У 1625 годзе пры падзеле спадчыны Багдана Агінскага Лёзна перайшло ў валоданьне ягонага сына Самуэля Льва. Пад 1654 годам яно значыцца як мястэчка. У 1657 годзе па сьмерці князя С. Л. Агінскага пры падзеле маёмасьці Лёзна, паводле спадчыны, перайшло да ягонага старэйшага сына Сымона Караля. Па сьмерці апошняга (1699 год) мястэчка падзялілі паміж сабой тры ягоныя сыны Багуслаў, Марцыян Міхал і Аляксандар[7].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Лёзна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Аршанскага павету[8] Магілёўскай губэрні. У 1786 годзе Агінскія збудавалі ў мястэчку мураваную царкву. У вайну 1812 году ў Лёзьне 2 тыдні стаяў 3-і францускі корпус маршала М. Нэя. Гэты факт засьведчыла сэрыя малюнкаў маёра францускай арміі К. В. фон Фабэра дзю Фора. На 1831 год у Лёзьне штогод праводзіліся 4 кірмашы (паводле іншых зьвестак — 2[9]); існавалі разьвітыя сталярнае, сукнавальнае, гарбарнае, кравецкае рамёствы. На 1863 год у мястэчку было 123 двары, дзеялі 2 царквы і 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі школа, лякарня, вадзяны млын і 7 крамаў.
Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1865 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Лёзьне народную вучэльню (47 вучняў, у 1905 годзе — 230). Неўзабаве тутэйшую мураваную царкву перабудавалі ў маскоўскім стылі. У 1867 годзе празь Лёзна прайшла чыгунка Рыга — Арол, а ў 1875 годзе пры чыгуначнай станцыі пачала дзеяць царкоўна-прыходзкая школа (у 1887 годзе рэарганізаваная ў 4-клясную народную вучэльню). З 1870 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Храпавіцкіх, пазьней — А. Шабекі. У 1875 годзе ў Лёзьне збудавалі Аўрамаўскую сынагогу[10]. На 1880 год тут было 216 будынкаў, валасная ўправа, 26 крамаў, лякарня. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 11 мураваных і больш за 1,1 тысячу драўляных будынкаў, працавалі 2 млыны, 2 вучэльні, 2 бібліятэкі і кнігарня; штогод праводзілася 4 кірмашы. У 1900 годзе пачало працаваць лесапільнае прадпрыемства, абсталяванае паравым рухавіком магутнасьцю 18 конскіх сілаў. У 1901 годзе ў Лёзьне адбыўся вялікі пажар, у выніку чаго поўнасьцю згарэла Старавіцебская вуліца, Бабінавіцкая была спаленая да могілак, Вакзальная — да трэцяга Вакзальнага завулка. У пачатку XX стагодзьдзя — 11 цагляных і 1103 драўляныя будынкі, 2 млыны, 2 вучэльні.
-
Бівак ў мястэчку, 4 жніўня 1812 г.
-
На біваку, 6 жніўня 1812 г.
-
Местачкоўцы, 9 жніўня 1812 г.
-
Бівак, 11 жніўня 1812 г.
-
Сядзіба. А. Адам, 1812 г.
-
Аптэка на Папоўскай вуліцы. М. Шагал, 1914 г.
-
Мост цераз раку Мошну. М. Шагал, 1910—11 гг.
-
Дом у мястэчку. М. Шагал, 1908 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лёзна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Лёзна вярнулі БССР, дзе яно стала цэнтрам раёну. 27 верасьня 1938 году мястэчка атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 7 ліпеня 1941 да 8 кастрычніка 1943 году яно знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 16 ліпеня 1941 году пад Лёзнам у палон трапіў сын кіраўніка СССР Сталіна — Якаў Джугашвілі[11]. У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву Ўваскрасеньня Хрыстова.
У ноч з 16 на 17 чэрвеня 1994 году ў ваколіцах Лёзна невядомыя ўчынілі меркаваны замах на Лукашэнку[12]. 27 ліпеня 1995 году на 40-мэтровым коміне побытавага камбінату Мірон упершыню ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг і пакінуў побач зь ім запіску «Вярніце народу гістарычную памяць»[13]. У 2005 годзе адбылося ўрачыстае адкрыцьцё пешага мосту цераз раку Мошну.
-
Станцыя, 1880-я гг.
-
Драўляная забудова, да 1918 г.
-
Драўляная забудова, да 1918 г.
-
Станцыя, 1920-я гг.
-
Пажарная каманда, 1935 г.
-
Пажарная каманда, 1935 г.
-
Царква, 1952 г.
-
Рынак. Царква
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XIX стагодзьдзе: 1846 год — 745 чал.[6]; 1863 год — 985 чал.; 1867 год — 1085 чал.; 1880 год — 1536 чал.; 1897 год — 2473 чал., зь іх 16% пісьменныя
- XX стагодзьдзе: 1910 год — 2885 чал., у тым ліку 14 шляхты і ўраднікаў, 12 духоўнага стану, 1817 мяшчанаў, 731 селянін, 11 іншых станаў[14]; 1917 год — 2055 чал.; 1939 год — 4111 чал.; 1972 год — 5,7 тыс. чал.[15]; 1992 год — 7528 чал.; 1993 год — 8,1 тыс. чал.; 1997 год — 7,7 тыс. чал.; 1998 год — 7,6 тыс. чал.[16]
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 6753 чал., 2006 год — 6,6 тыс. чал.[17]; 2008 год — 6678 чал.; 2009 год — 6766 чал.[18] (перапіс); 2016 год — 6688 чал.[19]; 2017 год — 6740 чал.[20]; 2018 год — 6684 чал.[1]
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць дзьве цэрквы — Уваскрасеньня Хрыстова і Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату), а таксама касьцёл Сьвятога Айца Піё.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дашкольныя ўстановы:
- Лёзьненскі дзяржаўны ясьлі-сад № 2 «Пралеска»
- Лёзьненскі дзяржаўны ясьлі-сад № 3 «Сонейка»
- Лёзьненскі дзяржаўны ясьлі-сад № 4 «Сьвятляк»
Сярэднія школы:
- Дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 1 мястэчка Лёзна
- Дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа № 2 з мастацкім ухілам
Іншыя навучальныя ўстановы:
- Дзяржаўны цэнтар карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі «Вясёлка» Лёзьненскага раёну
- Дзяржаўны дзіцячы сацыяльны прытулак для непаўналетніх Лёзьненскага раёну
- Дзяржаўны цэнтар пазашкольнай працы Лёзьненскага раёну
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэдычнае абслугоўваньне жыхароў мястэчка ажыцьцяўляе ўстанова аховы здароўя «Лёзьненская цэнтральная раённая лякарня» (вул. Садовая, 1). Лякарня мае 120 ложкаў, улучае дзённы стацыянар на 30 ложкаў і паліклініку на 300 наведваньняў у зьмену. У структуры ЦРБ налічваецца 5 аддзелаў: рэанімацыйны, тэрапэўтычны, хірургічны, дзіцячы, інфэкцыйны.
У мястэчку знаходзіцца Цэнтральная аптэка № 16 Лёзьненскага раёну.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць Лёзьненскія раённыя Дом культуры, арганізацыйна-мэтадычны цэнтар і Дом рамёстваў (адкрыўся ў 1995 годзе), Лёзьненскія цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма і дзіцячая школа мастацтваў.
Рэгулярна ладзяцца рэгіянальны фэст аўтарскай песьні і паэзіі «Песьні сунічных бароў»[21] і фэст тэатральнай творчасьці «На мяжы з думкай пра тэатар»[22].
Мас-мэдыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мясцовыя сродкі масавае інфармацыі:
- Раённая газэта «Сцяг Перамогі»
- Праграма радыё «Голас Лёзненшчыны»
Установы разьмяшчаюцца на галоўнай вуліцы Лёзна[23].
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У мястэчку знаходзіцца цэнтральны стадыён на 1500 месцаў. Дзее дзяржаўная дзіцяча-юнацкая спартовая школа Лёзьненскага раёну. Дзеля прыцягненьня жыхароў да рэгулярных заняткаў фізычнай культурай і спортам на базе спартовых будынкаў утварыліся групы здароўя, працуюць гурткі, сэкцыі і клюбы з такіх відах спорту, як футбол, валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка, лыжы, настольны тэніс, шашкі, шахі.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэрыторыю Лёзна з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход перасякае рака і падзяляе яго на дзьве часткі. Асноўны жылы масіў знаходзіцца на левым беразе ракі. Рэгулярная сетка вуліцаў захавалася з XIX стагодзьдзя[24]. Забудова цэнтру — 3—5-павярховыя дамы. Ва ўсходняй частцы ўтварыўся новы мікрараён. Вядзецца будаваньне катэджаў. За чыгункай сфармавалася прамысловая зона.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Гагарына вуліца | Бабінавіцкая вуліца |
Камсамольская вуліца | Мікулінская вуліца Калышанская вуліца |
Леніна вуліца | Папоўская вуліца |
Цэнтральны пляц | Рынак пляц |
Чарняхоўскага вуліца | Старавіцебская вуліца[25] |
З урбананімічнай спадчыны Лёзна да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Вакзальная, Дабрамысьлінская, Станцыйная, Шашэйная і Чарніцкая.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасьці:
- Лёзьненская філія ААТ «Малако» м. Віцебск (вул. Дабрамысьлінская, 34). Выпускае малако, сьмятану, кефір, тварог, масла, паўцьвёрдыя сыры.
- ААТ «Лёзьненскі льнозавод». Асноўныя віды прадукцыі — ільновалакно, швацкія вырабы.
- Унітарнае прыватнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства «БІГІВ» (вул. Дабрамысьлінская, 18а). Вырабляе драўляную тару — барабаны для кабэля.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Празь Лёзна праходзяць аўтамабільныя дарогі Р21 (Віцебск — Лёзна — граніца Расеі) і Р109 (Лёзна — Арэхаўск — траса M8).
Чыгуначная станцыя Лёзна на лініі Віцебск — Смаленск. У мястэчку таксама працуе аўтобусная станцыя, адкуль выконваюцца рэгулярныя аўтобусныя рэйсы ў Віцебск.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Лёзна дзеюць музэі:
- Музэй Марка Шагала
- Лёзьненскі ваенна-гістарычны музэй. Адкрыўся ў 1993 годзе. Асноўны фонд музэю налічае больш за 6 тысячаў экспанатаў, сярод якіх археалягічныя знаходкі і матэрыялы з гісторыі Другой сусьветнай вайны
Помнікі:
- Помнік Вызваленьня
- Вайсковыя могілкі
- Магілы ахвяраў фашызму
Спыніцца можна ў местачковым гатэлі. Зоны адпачынку: Адаменскі гай і Лясныя сажалкі.
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сядзіба Шагалаў (ХІХ ст.) — знаходзілася на месцы дома культуры
- Царква Сьвятой Марыі Магдаліны (драўляная)
- Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (1786 год; Сьвяты Пасад, пазьней у валоданьні Маскоўскага патрыярхату, узарваная савецкімі ўладамі ў 1961 годзе) — знаходзілася перад кінатэатрам «Сьвітанак», на месцы сквэру з фантанам
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладзімер Бандарэнка (1939—2000) — беларускі паэт
- Абрам Забораў (1911—1985) — беларускі маляр і графік
- Галіна Сухаруцкая (нар. 1932) — беларуская паэтка
- Марк Шагал (1887—1985) — беларускі і францускі мастак
- Леанід Шакінка (1927—1996) — беларускі графік
- Рабі Шнэўр-Залман (1745—1812) — стваральнік філязофскай сыстэмы хасыдызму
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 203.
- ^ а б в Вячока В., Карней І. Гарады з «памылкамі» ў назвах: Ліёзна ці Лёзна?, Радыё Свабода, 26 жніўня 2019 г.
- ^ Гісторыя Лёзна (рас.). Liozno.info. Праверана 4 сакавіка 2011 г.
- ^ Легенда пра Лёзна. Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць. Праверана 23 лютага 2019 г.
- ^ а б Ціхамірава Н. Лёзна // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 358.
- ^ а б Насевіч В. Лёзна // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 195.
- ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 765.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 118.
- ^ Карпекін К. Культавыя іўдзейскія збудаванні // Беларуская думка. № 4, 2018. С. 101.
- ^ Сем урокаў беларусазнаўства. Пяты тур // СБ. Беларусь сегодня, 17 сьнежня 2011 г.
- ^ Кур’яновіч А. Першыя прэзідэнцкія, альбо Як абіралі кіраўніка Беларусі, Наша Ніва, 17 ліпеня 2016 г.
- ^ Лялькоў І. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан // ARCHE Пачатак. № 1 (21), 2002.
- ^ Ціхамірава Н. Лёзна // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 359.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 230.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007. С. 291.
- ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Ратнёва А. Свята «Песні сунічных бароў» плануюць зрабіць брэндам раёна // Сцяг Перамогі. 25 ліпеня 2014 г.
- ^ Рэдзько В. На Лёзненшчыне стартавала тэатральная дэкада // Сцяг Перамогі. 27 сакавіка 2017 г.
- ^ Районная газета "Сцяг перамогі" (рас.). Лёзненскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 23 лютага 2019 г.
- ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 262.
- ^ Полёт во времени над Лиозно (рас.). Произведениям жителей Лиозненского района и людей чье творчество связано с Лиозно. Праверана 4 сакавіка 2011 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Грачышнікава А. Мая Лёзненшчына: нарысы па гісторыі і культуры краю. — Лёзна, 2018. — 342 с. — (Лёзназнаўства).
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лёзненскага р-на. — Мн.: БелЭн, 1992. — 591, [1] c.: іл. ISBN 5-85700-063-7.
- Пукшанскі А. Лёзна: Тут тварыў Шагал(недаступная спасылка) // Звязда. № 146 (26011), 7 жніўня 2007 г.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Лёзна , Radzima.org
- Лёзна. Прыдзвінскі край: Гісторыя і сучаснасць. Праверана 23 лютага 2019 г.
- Памяць — Лёзьненскі раён Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Інфармацыйны партал — Лёзна (рас.) Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Лёзна-АРТ (рас.) Праверана 28 жніўня 2011 г.
- Лёзна (рас.). Globus.tut.by. Праверана 23 лютага 2019 г.
|