EDVAC
EDVAC (Electronic Discrete Variable Automatic Computer) — адна з першых электронных вылічальных машын. У адрозненні ад свайго папярэдніка ЭНІАК, гэта быў камп’ютар на двайковай, а не дзесятковай сістэме злічэння. Як і ЭНІАК, EDVAC быў распрацаваны ў Інстытуце Мура Пенсільванскага Універсітэта для Лабараторыі балістычных даследаванняў Арміі ЗША камандай інжынераў і навукоўцаў на чале з Джонам Прэсперам Экертам і Джонам Уільямам Моклі з актыўнай дапамогай матэматыка фон Неймана і Германа Голдстайна.
Гісторыя стварэння
[правіць | правіць зыходнік]Праектаванне EDVAC пачалося нават да таго, як завяршылася работа над ЭНІАКам. Першыя эскізы новай машыны былі зроблены Экертам напачатку 1944 года. У верасні 1944 года да каманды ў якасці навуковага кансультанта далучыўся Джон фон Нейман. Фон Нейман зразумеў, якія прынцыповыя недахопы маюцца ў ЭНІАКа, і падтрымаў ідэю Экерта і Моклі аб стварэнні другой, больш дасканалай машыны. Удзел у праекце такога аўтарытэтнага навукоўца як фон Нейман пераканаў Армію ЗША прафінансаваць з восені 1944 года даследаванні і праектныя работы па EDVAC.
Вынік працяглых плённых дыскусій у групе канструктараў ЭНІАК фон Нейман падвёў у маі 1945 года ў рукапісу пад назвай «Першы праект справаздачы аб EDVAC». У чэрвені 1945 года фон Нейман даслаў гэты рукапіс па пошце з Лос-Аламаса, дзе тады знаходзіўся, Герману Голдстайну, як куратару праектаў ЭНІАК і EDVAC з боку Арміі ЗША. Герман Голдстайн, які сам быў навукоўцам да службы ў Арміі ЗША, высока ацаніў навуковую каштоўнасць працы і, перадрукаваўшы яе на 101 старонцы, разаслаў 24 копіі шырокаму шэрагу навукоўцаў у навуковых установах ЗША і Вялікабрытаніі. На копіях справаздачы ў якасці аўтара змяшчалася толькі прозвішча фон Неймана, што стварала памылковае ўражанне, што менавіта фон Нейман з’яўляецца аўтарам усіх ідэй, якія выкладзены ў дакуменце. У прыватнасці ў справаздачы згадваўся прынцып захоўвання праграмы ў памяці камп’ютара разам з данымі. Камп’ютар EDVAC павінен быў стаць першай машынай, які рэалізаваў гэту ідэю, і атрымаў назву «архітэктура фон Неймана». Гэты ўчынак надоўга сапсаваў зносіны Экерта і Моклі з Голдстайнам і фон Нейманам. Фактычна шырокая публікацыя дадзенага дакумента пазбаўляла Экерта і Моклі права на патэнт ідэй, аўтарамі якіх яны з’яўляліся.
Кантракт W-36-034-ORD-7593 на стварэнне новага камп’ютара з кодавай назвай «Project PY» быў падпісаны 12 красавіка 1946 года, з пачатковым бюджэтам у 100 000 дол.[1] Асноўнай праблемай пры канструяванні машыны быў баланс паміж надзейнасцю і эканоміяй. Тым не менш, канчатковы кошт EDVAC быў параўнальны з коштам ENIAC і быў крыху менш 500 000 дол. — у пяць разоў вышэй першапачатковай ацэнкі.
22 сакавіка 1946 года Моклі і Экерт пакінулі Інстытут Мура з-за спрэчак з Пенсільванскім універсітэтам і Арміяй ЗША наконт патэнтаў на камп’ютары ЭНІАК і EDVAC. У тым жа годзе праект пакінулі фон Нейман і Герман Голдстайн, разам з інжынерам Артурам Бёрксам яны перайшлі ў Інстытут перспектыўных даследаванняў (IAS) Прынстанскага ўніверсітэта, дзе пачалі працаваць над |IAS-машынай. Зыход вядучых інжынераў і навукоўцаў з праекта EDVAC прывёў да таго, што работы над EDVAC зацягнуліся на 3 гады. У выніку першай машынай, дзе была рэалізавана «архітэктура фон Неймана», стаў у маі 1949 года брытанскі камп’ютар EDSAC.
Пасля завяршэння EDVAC Інстытут Мура больш не займаўся стварэннем камп’ютараў.
Тэхнічныя характарыстыкі
[правіць | правіць зыходнік]Камп’ютар ужываў двайковую сістэму злічэння, валодаў убудаванымі аперацыямі складання, аднімання і множання, а таксама праграмнай рэалізацыя дзялення; аб’ём памяці складаў тысячу 44-разрадных слоў (пазней дапоўнены да 1024 слоў, што дае 5,5 кілабайт у сучаснай тэрміналогіі).
Фізічна камп’ютар складаўся з наступных кампанентаў:
- прылада чытання/запісу з магнітнай стужкі;
- кантралюючая прылада з асцылографам;
- прылада-дыспетчар, якая прымае інструкцыі ад кантралюючай прылады і з памяці і накіроўвае іх у іншыя прылады;
- вылічальная прылада, якая выконвае за раз адну арыфметычную аперацыю над парай лікаў і адсылае вынік у памяць;
- таймер;
- прылада памяці, якая складаецца з двух набораў па 64 ртутныя акустычныя лініі затрымкі, у кожнай лініі захоўвалася па 8 слоў;
- тры гадзіннікавыя рэгістры, у кожным з якіх захоўвалася адно слова.
Час аперацыі складання — 864 мікрасекунды, множання — 2900 мікрасекунд (2,9 мілісекунды).
Камп’ютар складаўся амаль з 6000 электравакуумных лямп, 12 000 дыёдаў і спажываў 56 кВт энергіі. Займаная плошча — 45,5 м², маса — 7850 кг. Поўны склад абслуговага персаналу — 30 чалавек на кожную 8-гадзінную змену.
Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]EDVAC быў пастаўлены Балістычнай Лабараторыі ў жніўні 1949 года. Пасля ліквідавання няспраўнасцей камп’ютар нарэшце пачаў працаваць у 1951 годзе і прарабіў да 1961 года, калі ён быў заменены на больш дасканалую машыну BRLESC.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- ENIAC — першы ўніверсальны электронны камп’ютар, створаны камандай Моклі і Экерта ў Інстытуце Мура пры Пенсільванскім універсітэце (1946)
- EDSAC — брытанскі камп’ютар, першы рэалізаваў «архітэктуру фон Неймана» (1949)
- Eckert-Mauchly Computer Corporation — кампанія, заснаваная ў 1946 годзе Экертам і Моклі, якая стварыла першыя камерцыйныя камп’ютары BINAC і UNIVAC I
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Herman H. Goldstine. The Computer from Pascal to von Neumann. — Princeton University Press, 1980. — 365 p. — ISBN 9780691023670. (англ.)
- William Aspray. John von Neumann and the Origins of Modern Computing. — MIT Press, 1990. — 394 p. — ISBN 0262011212. (англ.)
- Scott McCartney. ENIAC: The Triumphs and Tragedies of the World's First Computer. — Berkley Books, 2001. — 262 p. — ISBN 9780425176443. (англ.)
- Raúl Rojas, Ulf Hashagen. The First Computers: History and Architectures. — MIT Press, 2002. — 471 p. — ISBN 9780262681377. (англ.)
- Arthur L. Norberg. Computers and Commerce: A Study of Technology and Management at Eckert-Mauchly Computer Company, Engineering Research Associates, and Remington Rand, 1946-1957. — MIT Press, 2005. — 384 p. — ISBN 9780262140904. (англ.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- інтэрв’ю Джона Прэспера Экерта Архівавана 7 чэрвеня 2013., Інстытут Чарльза Бебіджа, Універсітэт Мінесоты
- Oral history interview with Carl Chambers Архівавана 17 чэрвеня 2013., Інстытут Чарльза Бебіджа, Універсітэт Мінесоты
- Oral history interview with Irven A. Travis Архівавана 17 чэрвеня 2013., Інстытут Чарльза Бебіджа, Універсітэт Мінесоты
- Oral history interview with S. Reid Warren Архівавана 17 чэрвеня 2013., Інстытут Чарльза Бебіджа, Універсітэт Мінесоты
- Oral history interview with Frances E. Holberton Архівавана 17 чэрвеня 2013., Інстытут Чарльза Бебіджа, Універсітэт Мінесоты