Byzantinische Zeitschrift
Byzantinische Zeitschrift (скар. BZ і ByzZ) - адзін з вядучых навуковых часопісаў па візантыністыцы. Часопіс заснаваў Карл Крумбахер у 1892 годзе.
Часопіс публікуе артыкулы, якія ахопліваюць увесь спектр тэм з візантыйскай гісторыі і культуры (гісторыя, крыніцазнаўства, гістарычная геаграфія, багаслоўе, літаратуразнаўства, дапаможныя гістарычныя дысцыпліны, археалогія, гісторыя мастацтва). У часопісе збіраюць і сістэматызуюць бібліяграфічную інфармацыю пра ўсю навуковую літаратуру, выдадзеную ў свеце ў галіне візантыністыкі. Часопіс падзяляецца на тры секцыі:
- артыкулы;
- рэцэнзіі;
- бібліяграфія, паведамленні, некралогі.
Выходзіць штогод у двух сшытках, якія складаюць адзін том. Часопіс часова не выдавалі падчас Першай і Другой Сусветных войнаў. У 2010 годзе выйшаў 103 том часопіса.
Першым галоўным рэдактарам часопіса быў Карл Крумбахер (1892-1909). Пасля яго смерці выдаўцамі Byzantinische Zeitschrift былі: Паўль Марк (1909-1927) і Аўгуст Гейзенберг (1910-1930); Франц Дзюльгер (1928-1963); Ганс-Георг Бек (1964-1977), Фрыдрых Вільгельм Дайхман (1964-1980) і Герберт Хунгер (1964-1980); Армін Голвег (1978-1980); Пітэр Шрайнер (1991-2004); Альбрэхт Бергер (з 2001).
На сённяшні дзень рэдакцыя часопіса знаходзіцца ў Мюнхене пры Інстытуце візантыністыкі, навагрэчаскіх даследаванняў і візантыйскага мастацтва (Institut für Byzantinistik, Neogräzistik und Byzantinische Kunstgeschichte) Мюнхенскага ўніверсітэта Людвіга-Максіміліяна. Часопіс друкуюць у выдавецтве Walter de Gruyter (Германія).
Выдаўцы часопіса таксама выдаюць базу дадзеных бібліяграфіі па візантыністыцы — Byzantinische Zeitschrift-Bibliographie. Бібліяграфічныя запісы, якія змяшчаюцца ў часопісе, змяшчаюць у базу дадзеных, якую выдаюць на CD. У базе бібліяграфічныя запісы падзелены на 14 прадметных абласцей і да многіх з іх прыкладзены анатацыі або каментары. Існуе магчымасць пошуку бібліяграфіі па розных крытэрыях. У 2005 годзе выйшла трэцяе выданне CD, якое змяшчае прыкладна 63 000 бібліяграфічных запісаў з нумароў часопіса 83 (1990) — 97(2004) [1].
Дадаткова да часопіса выдаюць серыю Byzantinisches Archiv (з 1898) і Supplementum bibliographicum (з 1994).
Зноскі
- ↑ Byzantinische Zeitschrift – Bibliographie 83. Jg. (1990) – 97. Jg. (2004)(недаступная спасылка)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Byzantinische Zeitschrift у выдавецтве Walter de Gruyter Архівавана 15 мая 2008.
- Byzantinische Zeitschrift - Bibliographie у выдавецтве Walter de Gruyter(недаступная спасылка)