Страфа
Страфа (стар.-грэч.: στροφή — паварот) — гэта змацаваная пэўнай рыфмоўкай або кляўзацыяй інтанацыйна-сінтаксічная еднасць двух ці больш вершаваных радкоў, якая рэгулярна паўтараецца ў вершаваным творы. У антычнай паэзіі, якая не ведала рыфмаў, страфу арганізоўвала метрыка — строга ўпарадкаванае размяшчэнне вершарадоў пэўных памераў. У пазнейшым вершы, у тым ліку і ў сучасным сілаба-танічным, метрычная арганізацыя страфы часткова засталася — у ёй нярэдка паўтараюцца ў строгай паслядоўнасці разнастопныя радкі аднаго памеру (напрыклад, спалучэнне шасцістопнага і чатырохстопнага ямба, чатырохстопнага і трохстопнага дактыля і г. д.). Аднолькавасць рыфмоўкі або кляўзацыі — важны, але толькі знешні элемент страфічнага комплексу. Асноўнае ў страфе — гэта рытмічная цэласнасць, якая прадвызначае аднароднасць рытмічнага малюнка ў межах аналагічных строф, а таксама інтанацыйна-сінтаксічная еднасць, дзякуючы якой строфы набываюць адносную змястоўную завершанасць і самастойнасць і выразна аддзяляюцца адна ад другой міжстрофнымі паўзамі, а на пісьме яшчэ і графічна — прабеламі.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Рагойша В. Р. Страфа́ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 203. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.