Салто
ᓇᐦᑲᐌ | |
Салто ў зімовай вопратцы, мал. 1822 г.
| |
Агульная колькасць | 24000 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Канада |
Мова | аджыбвэ |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | атава, патаватомі, аджыбвэ |
Салто́ (ад фр.: Saulteaux; саманазва: ᓇᐦᑲᐌ «народ») — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады. Агульная колькасць (2019 г.) — 24 000 чал.[1]
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Назва салто мае французскае паходжанне. Упершыню яна сустракаецца ў XVII ст. у форме Saulteurs («людзі вадаспада»), калі французскія вандроўнікі ўвайшлі ў кантакт з тубыльцамі ракі Святой Марыі. Салто належалі да народа аджыбвэ, таму ў нашы дні часцяком завуцца раўніннымі або паўночна-заходнімі аджыбвэ. Самі салто аддаюць перавагу назве накавэ, што на іх дыялекце значыць «народ». Падчас Бабровых войн яны рушылі на захад і рассяліліся на вялікай тэрыторыі ад Антарыа да Брытанскай Калумбіі.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Міграцыя на захад выклікала некаторыя змены ў культуры салто. Калі іх продкі, што насялялі Вялікія азёры, займаліся земляробствам, то салто былі вымушаны весці вандроўны лад жыцця, у іх занятіках пераважалі паляванне і рыбалоўства. Так, салто Саскачэвана сезонна перамяшчаліся ўздоўж рэк і азёр, будавалі часовыя лагеры. Асноўным жытлом стала тыпі, распаўсюджанае ў іншых качавых народаў Вялікіх раўнін. Яны палявалі на ласёў, аленяў, зайцоў, здабывалі рыбу і водных птушак. Для палявання ўзімку карысталіся снегаступамі. Для палявання і часам для перамяшчэння паклажы трымалі сабак[2].
Узаемаадносіны паміж салто і суседнімі народамі былі складанымі. Яны выціснулі далей на захад гравантраў, мелі ваенныя сутычкі з народамі сіў, аднак падтрымлівалі шчыльныя зносіны з кры, нават стваралі разам з імі супольныя абшчыны. У XIX ст. салто займаліся футравым гандлем, былі пасрэднікамі паміж мясцовымі плямёнамі і еўрапейцамі, карысталіся ў побыце еўрапейскімі зброяй і таварамі. Асноўнай сацыяльнай адзінкай з'яўляліся аб'яднанні некалькіх нуклеарных сем'яў, што разам вандравалі і займаліся здабычай. У ваенных мэтах маглі ствараць большыя па колькасці аб'яднанні на чале выбранага правадыра, але такія аб'яднанні мелі часовы характар.
У другой палове XIX ст., калі прыродныя рэсурсы прэрыі значна скараціліся, салто трапілі ў залежнасць ад еўрапейскіх перасяленцаў. Яны былі вымушаны заключаць пагадненні з уладамі Канады, перадаваць значныя паляўнічыя тэрыторыі і наўзамен атрымоўваць гадавую грашовую дапамогу. У Брытанскай Калумбіі салто карыстаюцца адлічэннямі за транспартаванне газу праз іх тэрыторыі. Разам з гэтым, многія традыцыйныя звычаі апынуліся пад забаронай, была ўведзена абавязковая адукацыя на англійскай мове, што садзейнічала частковай асіміляцыі. У нашы дні адбываецца працэс частковага адраджэння традыцыйных звычаяў і мовы.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Салто на Вікісховішчы |