[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Палац Румянцавых — Паскевічаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Палац
Палац Румянцавых і Паскевічаў
Галоўны фасад палаца
Галоўны фасад палаца
52°25′20″ пн. ш. 31°00′59″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гомель
Архітэктурны стыль рускі класіцызм[d][1] і паладыянства
Архітэктар Адам Ідзкоўскі
Дата заснавання 1796
Будаўніцтва 17771796 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 310Г000044шыфр 310Г000044
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Палац Румянцавых і Паскевічаў — помнік архітэктуры XVIIIXIX стагоддзяў, галоўная славутасць горада Гомеля, кампазіцыйны цэнтр Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, які ўключае, апроч палаца, гарадскі парк, Петрапаўлаўскі сабор, капліцу-магільны склеп і інш.

Палац быў пабудаваны на месцы драўлянага замка, які пабудаваў апошні гомельскі стараста Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі з роду Чартарыйскіх.

Палац пры Румянцавых

[правіць | правіць зыходнік]

Збудаваны ў 1777—1796 гадах расійскім палкаводцам П. А. Румянцавым[2], якому Гомель быў падораны імператрыцай Кацярынай II «для забавы». Архітэктарам палаца быў, відаць, Іван Староў, які праславіўся будаўніцтвам Таўрыйскага палаца, Казанскага сабора і Троіцкага сабора Аляксандра-Неўскай лаўры  (руск.) ў Санкт-Пецярбургу. Сярод аўтараў праекта таксама называюць архітэктара Юрыя Фельетэна, вучня Растрэлі[3]. Непасрэдна працэсам будаўніцтва палаца кіраваў архітэктар Я. М. Аляксееў[2], а кансультаваў яго Карл Бланк[2][4]. Адной з крыніц натхнення для архітэктараў была віла Ратонда  (руск.) знакамітага італьянскага архітэктара Андрэа Паладыа.

Пабудаваны палац стаў адным з ранніх узораў расійскага паладыянства. Гэта быў кампактны двухпавярховы будынак на высокім цокалі, завершаны ў цэнтры кубападобным бельведэрам. Кампазіцыйным цэнтрам палаца стала квадратная зала з купалам. Знешні дэкор палаца быў цалкам выкананы ў стылі ранняга класіцызму. Галоўным упрыгожваннем фасадаў былі порцікі карынфскага ордару — чатырохкалонны парадны і шасцікалонны паркавы. Па ўсім перыметры будынка прастакутныя аконныя праёмы, размешчаныя ў два шэрагі, чаргаваліся з пілястрамі, што надавала палацу велічную манументальнасць. На высокім першым паверсе размяшчаліся выключна парадныя памяшканні, на другім — жылыя пакоі, а цокальны выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб і размяшчэння прыслугі.

Пасля смерці Румянцава палац атрымаў у спадчыну яго сын — вядомы дыпламат, дзяржаўны дзеяч і мецэнат Мікалай Румянцаў. Мікалай Пятровіч Румянцаў запрасіў з Англіі архітэктара Джона Кларка, які жыў і працаваў у Гомелі з 1800 па 1826 гады. Кларк не толькі перабудаваў палац Румянцава, але таксама спраектаваў фактычна ўсю архітэктуру Гомеля першай паловы XIX стагоддзя, у тым ліку рэалізаваў праект Петрапаўлаўскага сабора. У час перапланіроўкі і рэканструкцыі палаца, якая прайшла з 1800 па 1805 гады, Кларк злучыў службовыя флігелі з галоўным будынкам галерэямі[2], упрыгожанымі порцікамі іанічнага ордара[5].

Мікалай Румянцаў захоўваў у палацы багатую калекцыю кніг, якая пасля яго смерці стала асновай для стварэння Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі  (руск.) ў Маскве.

У 1826 годзе Мікалай Румянцаў памёр, і палац перайшоў другому сыну П. А. Румянцава — Сяргею Пятровічу Румянцаву  (руск.), які ўжо ў 1828 годзе аддаў замак у заклад, а ў 1834 — прадаў яго ў казну.

Палац на палатне М. Залескага (XIX стагоддзе)

Палац пры Паскевічах

[правіць | правіць зыходнік]
Палац, 1883 г.

У 1834 годзе палац за 800 тысяч рублёў быў выкуплены вядомым расійскім палкаводцам І. Ф. Паскевічам. Пры ім у 1837—1851 гадах пад кіраўніцтвам польскага архітэктара Адама Ідзкоўскага была ажыццёўлена рэканструкцыя палаца і разбіты пышны парк[2][6].

Перабудову палаца Ідзкоўскі пачаў з флігеляў. У паўночным флігелі быў надбудаваны трэці паверх, зменена ўнутраная планіроўка, з фасада прыбраныя порцік іанічнага ордара. Паўднёвы флігель палаца быў разабраны да падмурку — на яго месцы Ідзкоўскі ўзвёў чатырохпавярховую вежу (з 1850 па 1851 гады). Вежа вышынёй 32 метры мела гадзіннікавы механізм на апошнім паверсе, а таксама веранду з балконам. Яе ўзвядзенне змяніла сіметрычную кампазіцыю комплексу, але стварыла важны вышынны акцэнт. Ярусы вежы вылучаны згрупаванымі па тры вузкімі аконнымі праёмамі, развітымі стужкамі карнізаў, вертыкалямі пілястраў. Верх будынка вянчае гатычнага выгляду зубчасты парапет, які добра ўспрымаецца здаля. Унутры ярусы вежы аб’яднаны трохмаршавымі лесвіцамі[2]. Гэта збудаванне, якое крыху выбіваецца з агульнай архітэктуры будынка, стваралася як асабістая рэзідэнцыя Паскевіча. Тут была бібліятэка гаспадара дома, захоўвалася калекцыя твораў мастацтва[7]. Паскевіч вядомы як уладальнік багатай калекцыі прадметаў даўніны, карцін, антыкварыяту, значная частка якой захоўвалася ў гомельскім палацы.

Ідзкоўскі таксама ўнёс змены ў архітэктуру галоўнага будынка: былі пераробленыя паўкруглыя вокны бельведэра, зменены франтон шасцікалоннага[2] порціка, які выходзіць на раку Сож. Акрамя таго ён прыбудаваў да гэтага фасада будынка веранду. У ходзе рэканструкцыі на карнізах галоўнага будынка палаца і галерэй былі ўсталяваныя статуі[7]. Працы па афармленні інтэр’ераў палаца курыраваў італьянскі архітэктар Вінчэнцаа Вінцэнці[7][8].

Апошнія ўладальнікі сядзібы — сын фельдмаршала Фёдар Паскевіч і яго жонка Ірына. Традыцыі ўладкавання палаца, калекцыянавання былі працягнутыя і Фёдарам Паскевічам. Паводле яго жадання ў 2-й палове XIX стагоддзя ў паўночным рызаліце палаца была ўладкаваная дамавая царква ў гонар Іаана Багаслова і Св. Лізаветы. У цэнтральнай частцы змянілі ганак з боку горада, быў пабудаваны цяпер існы пандус. У далейшым, аж да пачатку XX стагоддзя, Палац захоўваў свой выгляд без значных змен.

Пасля рэвалюцыі палац быў канфіскаваны і яго калекцыі сталі асновай створанага ў 1919 годзе Гомельскага абласнога краязнаўчага музея, а Ірына Паскевіч была пераселена ў невялікую кватэру.

Помнік М. П. Румянцаву перад палацам

У сакавіку 1919 года пажарам будынку палаца і калекцыям быў нанесены значны ўрон. У перыяд Другой сусветнай вайны музейныя каштоўнасці былі эвакуіраваны, а ў чэрвені 1946 года фонды вернутыя ў Гомель, але выявілася, што з эвакуяваных прадметаў засталося каля 200 экспанатаў, хоць у фондах гомельскага музея ў даваенны час налічвалася 7540 экспанатаў. Значная частка музейнага фонду была згубленая.

Палац, які таксама пацярпеў у час Другой сусветнай вайны, быў адноўлены і ў ім размясціліся музей і Палац піянераў. У пачатку 1945 года музею было адведзена 5 пакояў у левым флігелі палаца, а 15 лютага 1946 года адкрыта першая пасля вайны экспазіцыя музея. У 1952 музей стаў называцца «Гомельскі абласны краязнаўчы музей». Вежа палаца (правае або паўднёвае крыло) была вернута музею пасля аднаўлення ў снежні 1970 года. У 1950-я—1980-я гады музей прасоўваў ідэі кампартыі. У 1978 годзе музею былі перададзены капліца і пахавальня (падземны склеп) князёў Паскевічаў.

У 1995 годзе было прынята рашэнне аб правядзенні рэстаўрацыйных работ, у выніку якіх былі адноўлены інтэр’еры пакояў палаца XVIII—XIX стагоддзяў. У 1997 годзе музею была перададзена так званая «Паляўнічая хатка» («Паляўнічы домік»[2]) — помнік архітэктуры XIX стагоддзя, у якой пасля рэстаўрацыі будынка размясціўся мастацкі аддзел музея. Частка палаца — грот, была перададзена музею па рашэнні Гомельскага аблвыканкама ў маі 1998 года, і цэнтральная частка палаца ў лістападзе 1999 года. У верасні 2004 года пасля рэстаўрацыі адкрыты для наведвальнікаў Цэнтральная частка палаца Румянцавых і Паскевічаў. У сувязі з рэарганізацыяй ў 2006 годзе абласны краязнаўчы музей быў паэтапна ператвораны ў дзяржаўную гісторыка-культурную ўстанову «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль».

У студзені 2007 года на франтоне палаца былі ўсталяваныя шэсць антычных скульптур, якія з’явіліся пасля рэканструкцыі палаца пры Іване Паскевічы, праведзенай Адамам Ідзкоўскім, былі прыбраны ў студзені 1856 года паводле загаду Фёдара Паскевіча, а потым зніклі ў перыяд войнаў. Скульптуры Эўрыпіда, Афрадыты, Афіны, Арэса, Німфы і Бахуса выкананы з мармуровай крошкі, белага цэменту і кварцавага пяску, важаць 1000—1300 кілаграм. Аўтар статуй — беларускі скульптар Віктар Смоляр[9].

У наш час у музеі захоўваецца ўсяго каля 300 прадметаў калекцыі Паскевіча. Сярод іх — палотны Я. Сухадольскага, І. Крамскога, У. Машкова  (руск.), М. Залескага, скульптурныя творы Б. Торвальдсена, А. Кановы, бронзавыя гадзіннікі і кандэлябры. Пры гэтым калекцыя музея пастаянна павялічваецца. У прыватнасці, у 2009 годзе яе папоўнілі каля 2000 прадметаў[10]. У 2010 годзе ў палацы адкрыліся рэстаўрацыйныя майстэрні[11].

Палац у нашы дні

Палац ёсць кампактным двухпавярховым будынкам на высокім цокалі, завершаны ў цэнтры кубаподабным бельведэрам з вялікім купалам. Вонкавы дэкор палаца быў цалкам выкананы ў стылі ранняга класіцызму. Галоўным упрыгожваннем фасадаў былі порцікі карынфскага ордара — чатырохкалонны парадны і шасцікалонны паркавы. Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя аконныя праёмы, размешчаныя ў два шэрагі, чаргаваліся з пілястрамі, што надавала палацу велічную манументальнасць.

Белая гасціная

На высокім першым паверсе размяшчаліся выключна парадныя памяшканні, на другім — жылыя пакоі, а цокальны выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб і размяшчэння прыслугі.

Помнік Панятоўскаму, 1860-я гады. Скульптар Бертэль Торвальдсен[12]

Сучасны парк вакол палаца быў закладзены ў час рэстаўрацыі 1837—1851 гадоў. З розных рэгіёнаў Расійскай імперыі і з-за мяжы завозіліся розныя пароды дрэў і кустоў, у тым ліку і экзатычных, ажыццяўлялася разбіўка алей. У гэты ж перыяд фарміраваліся рамантычныя куткі парку. Рэчышча старажытнай рачулкі Гамяюк было ператворана ў Лебядзіную сажалку, уладкоўваліся газоны з кветнікамі, гроты, альтанкі, фантаны, у паркавых алеях ўсталявалі копіі антычнай скульптуры.

У 1842—1922 гадах на тэрасе парку палаца знаходзіўся помнік князю Юзафу Панятоўскаму працы Бертэля Торвальдсена, які прызначаўся для Варшавы і вывезены Паскевічам з крэпасці Модлін. У 1921 годзе пасля Рыжскага мірнага дагавора, які прадугледжваў вяртанне Польшчы культурных каштоўнасцяў, вывезеных з яе пасля 1772, помнік быў вернуты ў Варшаву.

У 1996 годзе ў парку насупраць палаца быў усталяваны помнік Мікалаю Румянцаву працы скульптара М. А. Рыжанкова[13]. На помніку Румянцаў паказаны з планам пабудовы горада, на якім крыжам адзначаны будучы Петрапаўлаўскі сабор. Помнік упрыгожвае герб роду Румянцавых з дэвізам «Не толькі зброяй»[14].

Плошча парку каля 25 га. Размешчаны на абрывістым беразе паўнаводнага Сожа і яра з ручаём Гомій. Большая частка парку — пейзажная і толькі перад галоўным фасадам палаца ён мае рэгулярны характар[15]. Насаджэнні парку складаюцца з мясцовых і прывезеных відаў раслін. Ёсць дуб, граб, клён, ясень, лістоўніца, каштан, акацыя, а таксама рэдкія пароды пірамідальнага дуба, веймутавай хвоі, ніцага ясеню, маньчжурскага арэха і інш. Розныя пароды дрэў скампанаваныя ў маляўнічыя групы, якія ўзмацняюць эфект ўспрымання пейзажу[15].

Зноскі

  1. Гомельский городской исполнительный комитет
  2. а б в г д е ё ж Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 350-352. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  3. Андрей Самусик. Дворцово-парковый комплекс Румянцевых-Паскевичей(недаступная спасылка). "Отдых и путешествия", № 12, 2002 г.. Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2014. Праверана 14 сакавіка 2014.
  4. Татьяна Литвинова. Дворец Румянцевых и Паскевичей в Гомеле(недаступная спасылка). Информационный бюллетень IATP, № 10 (апрель-июнь 2004 г.). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2014. Праверана 14 сакавіка 2014.
  5. Дворцово-парковый ансамбль г. Гомель (кадастр)(недаступная спасылка). Национальное агентство по туризму. Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2014. Праверана 15 сакавіка 2014.
  6. История, Гомельский дворцово-парковый ансамбль
  7. а б в А.С.Кузьмич. История формирования дворцово-паркового ансамбля Румянцевых, Паскевичей(недаступная спасылка). Гомельская городская централизованная библиотечная система. Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2014. Праверана 15 сакавіка 2014.
  8. Гомельские укрепления. Форты Гродненской Крепости. Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2014. Праверана 14 сакавіка 2014.
  9. Сергей Вершинин. 150 лет спустя…(недаступная спасылка). Гомельские ведомости (28 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2014. Праверана 15 сакавіка 2014.
  10. Фонды дворца Румянцевых и Паскевичей в Гомеле обогатились тысячами предметов, Naviny.By
  11. На минском часовом заводе «Луч» начат выпуск GPS-навигаторов, Народная газета Архівавана 15 сакавіка 2014.
  12. То́рвальдсен Бертэль // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 490. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  13. Александр Рогалёв. Гомельские курьёзы. Памятник княгине Ирине Ивановне Паскевич. Блог Александра Рогалёва (15 снежня 2013). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2014. Праверана 15 сакавіка 2014.
  14. Дворцово-парковый ансамбль Гомеля (текст для гидов-экскурсоводов)(недаступная спасылка). Гомельская область (информационный портал). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2014. Праверана 15 сакавіка 2014.
  15. а б Палац Румянцавых — Паскевічаў на сайце Глобус Беларусі (руск.)