[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Мокаш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мокаш
Міфалогія беларуская міфалогія
Сфера ўплыву багіня-заступніца жанчын, жаночай долі і жаночых заняткаў
Пол жанчына
Муж Пярун
Звязаныя паняцці Маці-Зямля, Параскева Пятніца
Дзень тыдня Пятніца
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мокаш або Макаш — агульнаславянскае боства кіеўскага пантэона, багіня-заступніца жанчын, жаночай долі і жаночых заняткаў, асабліва прадзення. Яе ўшаноўвалі і як багіню шлюбу, родаў, урадлівасці. У беларускай міфалогіі прыйшло з найстаражытнейшага культу Маці-Зямлі [1][2][3][4].

Паводле некаторых меркаванняў, Мокаш атаясняецца з вільгаццю (вадой), цемрай, прадзівам, належнасцю да жаночага. На думку У. М. Тапарова, імя Мокаш лічыцца звязаным з *mok — «вільгаць, мокры, вільготны», а таксама з *mokos — «прадзенне»[1][3].

Акрамя некаторых мікратапонімаў, у пісьмовых і фальклорных крыніцах няма сведчанняў пра ўшанаванне багіні з імем Мокаш на тэрыторыі сучаснай Беларусі, таксама вядомы беларускі дыялектызм Максоніха — «злосная жанчына»[3][4]. Але пра існаванне вераванняў у багіню з такімі функцыямі сведчыць распаўсюджанне культу яе хрысціянскага аналага — Параскевы Пятніцы[1]. На думку Т. Габрусь, адной з першых мураваных цэркваў Вільні ў 1345—1346 гадах быў храм пад тытулам гэтай святой [5]. Паводле Яна Ласіцкага, у канцы XVI ст. праваслаўныя (на думку С. Санько, «беларусы»[3]) вельмі ўшаноўвалі, акрамя Бога і Божай Маці, таксама святога Міколу і Пятніцу. З пісьмовых крыніц XV—XVI стст. вядома, што быў звычай прысягаць імёнамі Бога, Божай Маці і святой Пятніцы[крыніца?]. Дзень Параскевы Пятніцы адзначалі 15 (28) кастрычніка. У яе верхняй іпастасі Мокашы ёй была блізкая палабская Жыва[крыніца?].

Некаторыя навукоўцы лічаць Мокаш жонкай Пяруна. Ёсць міф здрады Грымотніку з ягоным праціўнікам — падземным боствам. У пакаранне Мокаш пазбаўлена боскага і сямейнага статусу, саслана з неба на зямлю, у хтанічныя воды [1][3]. У тапаніміі гэта атаясняецца з урочышчамі «Мокашава балота», «Мокіш»[3][6]. Акрамя таго, у паганскім календары чацвер атаясняўся з днём Пяруна, што найлепш прасочана ў палабскай традыцыі, а пятніца — з яго жонкай Мокашу[3]. Пасля прыняцця хрысціянства ў 988 годзе кіеўскім князем Уладзімірам, ідалы былі знішчаны, паганства і яго абрады забаронены. Роля Мокашы перайшла да Святой Параскевы[крыніца?], якую называлі Параскева Пятніца. Але і пазней жанчыны тайна збіраліся і ўшаноўвалі Мокаш ахвяраваннямі ёй жыта і мёду[1]. Як багіня плоднасці вядома на вышыўках у выглядзе выявы жанчыны з вялікай галавой і паднятымі ўверх рукамі, што сімвалізуе сувязь неба і зямлі[крыніца?].

Мокаш у пісьмовых і фальклорных крыніцах

[правіць | правіць зыходнік]

Мокаш згадваецца ў Аповесці мінулых гадоў, як адзін з ідалаў пастаўленых Уладзімірам у Кіеве. Пра яе паведамлялася таксама ў рукапісе XIV ст. «О требокладении идольском» адзначана пра ўшанаванне жанчынамі Мокаш і пра тое, што існавалі адмысловыя служкі гэтага культу, жрыцы — ідаламольцы: «… и Макошъ и да ище ся не явъ молять, да стаи призываюче идоломольц бабы, то же творят не токмо худши люди, нъ и богатых мужин жены»[1][3][4].

Ідал багіні Мокаш у вёсцы Макошын у Чэхіі.

У гаворках Падмаскоўя слова «мокосья» абазначае жанчыну лёгкіх паводзін. У старажытнарускіх тэкстах ушанаванне багіні супастаўлялася з блудам. Са «Слова некоего Христолюбца» вынікае, што Мокаш атаяснялі з сексуальным жыццём: «И Мокошъ чтут и Кылоу; и Малакию иже есть роучьный блоудъ велми почитают, рекуще Буякини». На думку Г. Ільінскага, сувязь Мокаш з сексуальным жыццём «вынікае з яе суседства з малакіяй або рукаблюддзем». У перакладзе з грэцкай мовы слова «малакія» азначае «спешчанасць, расслабленасць, мяккасць»[1][3].

Ёсць меркаванне, што з дзён тыдня Мокашы была прысвечана пятніца[3]. Напярэдадні гэтага дня і ў гэты дзень жанчынам забараняліся пэўныя віды працы (прадзенне, ткацтвам, нават кранаць калаўрот або верацяно, мыццё бялізны), на сексуальнае жыццё[крыніца?]. За парушэнне табу багіня магла цяжка пакараць — знявечыць жанчыну, пакалоць яе верацяном і прымусіць прасці па начах[крыніца?]. У студзені ў ахвяру Пятніцы кідалі кудзелю, выпрадзеную воўну і тканіну[крыніца?]. Паводле падання, з Пятніцай звязвалася практыка родаў у лазні[крыніца?]. Пятніца разглядалася як павітуха.[крыніца?].Нярэдка на абразах Пятніцу малявалі з распушчанымі валасамі[крыніца?]. Выява Пятніцы ў шэрагу выпадкаў змяшчалася на зрубе студні[крыніца?].[1][3]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Дучыц, Л., Клімковіч, І. Язычніцтва старажытных беларусаў / Л. Дучыц, І. Клімковіч. — Мн. : Харвест, 2018. — 368 с.
  2. Аўсейчык, У. Я. Міфалогія: вучэб.-метад. комплекс для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 03 01 «Гісторыя» / У. Я. Аўсейчык. — Наваполацк : ПДУ, 2013. — 156 с.
  3. а б в г д е ё ж з і к Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выданне, дапоўненае. — Мінск: Беларусь, 2006. — 500 с.
  4. а б в Дудзюк, З. І. Вяртанне забытага міфа / З. І. Дудзюк. — Мінск : Беларусь, 2013. — 144 с.
  5. Габрусь, Т. Саборы помняць усё. Готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т.Габрусь. — Мінск : Беларусь, 2007. — 148 с.
  6. Скварчэўскі, З. Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі  / З. Скварчэўскі. — Мінск : Медысонт, 2019. — 160 с.
  • Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выданне, дапоўненае. — Мінск: Беларусь, 2006. — 500 с.
  • Дучыц, Л., Клімковіч, І. Язычніцтва старажытных беларусаў / Л. Дучыц, І. Клімковіч. — Мн. : Харвест, 2018. — 368 с.
  • Аўсейчык, У. Я. Міфалогія: вучэб.-метад. комплекс для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 03 01 «Гісторыя» / У. Я. Аўсейчык. — Наваполацк : ПДУ, 2013. — 156 с.