[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Мойва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мойва
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Mallotus villosus Müller, 1776


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  162035
NCBI  30960
FW  263571

Мойва (Mallotus villosus) — марская рыба сямейства корушкавых.

Цела выцягнутае, стройнае, гладкае, даўжыня да 22 см, маса да 36 г. Самцы буйнейшыя за самак. Грудныя плаўнікі вялікія, акругленыя; адзнака палавога дымарфізму — аснова анальнага плаўніка ў самцоў уздутая. Луска дробная. У полаваспелых самцоў луска па бакавой лініі і па баках бруха падоўжаная і тырчаць канцамі вонкі, утвараючы валікі з шчаціністай паверхняй. Спіна аліўкава-зялёная, бакі і бруха серабрыста-белыя, з дробнымі бурымі крапінкамі, плаўнікі шэрыя з чорнай аблямоўкай. Вочы вялікія. Ніжняя сківіца выдаецца наперад. Ротавая шчыліна шырокая, зубы слаба развіты. Самцы зграбнейшыя і з больш вострай пысай.

Жыве ў паўночных час­тках Ат­лан­тычнага і Ціхага акіянаў і ў Паўночным Ледавітым акіяне. Пашырана ля берагоў Канады, Грэнландыі, Ісландыі, Нарвегіі, Расіі.

Адрозніваюцца 2 падвіды. Мойва атлантычная пашырана у паўночнай частцы Атлантычнага акіяна, Баранцавым, Белым і Карскім морах; мойва ціхаакіянская, або ўёк — каля берагоў Канады, у Ахоцкім, Берынгавым, Чукоцкім, Японскім морах, моры Лапцевых.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Чародная пелагічная рыба. Корміцца зоапланктонам, галоўным чынам дробнымі ракападобнымі.

Не­растуе ў моры недалёка ад берага, на пяс­ча­ных водме­лях і бан­ках з сакавіка па кастрычнік. Пло­днасць ад 6 да 40 тыс. ікрынак; ікра донная, клейкая. Жыве каля 5 год. Звычайна рыбіны гінуць пасля нерасту.

Служыць пажывай мар­скім жывёлам: рыбам, цюленям, кітам, а таксама птушкам.

Промысел і выкарыстанне

[правіць | правіць зыходнік]
Сушаная мойва, Грэнландыя.

Аб’ект промыслу. Выкарыстоўваецца рыбаловамі як прынада. Сушаная мойва — традыцыйная страва ў Грэнландыі.