[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Кайман-Брак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кайман-Брак
англ. Cayman Brac
Бераг Кайман-Брака
Бераг Кайман-Брака
Характарыстыкі
Плошча38 км²
Насельніцтва1 877 чал.
Шчыльнасць насельніцтва49,39 чал./км²
Размяшчэнне
19°42′50″ пн. ш. 79°48′00″ з. д.HGЯO
АрхіпелагКайманавы астравы
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
Кайман-Брак (Кайманавы астравы)
Кайман-Брак
Кайман-Брак
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ка́йман-Брак (англ.: Cayman Brac) — востраў у Карыбскім моры ў складзе Кайманавых астравоў. Плошча — 38 км². Насельніцтва — 1877 чал. (2010 г.)

Геаграфія і прырода

[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Кайман-Брак знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Карыбскага мора ў 7,49 км на ўсход ад суседняга вострава Літл-Кайман і 130 км на паўночны ўсход ад вострава Гранд-Кайман. Выцягнуты з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Даўжыня — 19,4 км, найбольшая шырыня — 3 км.

Востраў сфарміраваны вапнякамі арганічнага паходжання, якія месцяцца на вяршыні падводнага вулканічнага хрыбта. Само слова «Брак» паходзіць з валійскай або корнскай мовы і значыць «вапняк». Бераг атачаюць каралавыя рыфы, у якіх, аднак, існуюць 11 разрываў, што дазваляе займацца суднаходствам. У выніку эрозіі назіраюцца агаленні вапняковага карсту. Гэта асабліва характэрна для паўночнага захаду, дзе скальны масіў Блаф узвышаецца на 42 м. Кіпрыя глебы выдатна ўсмоктваюць вільгаць, таму паверхневых вадацёкаў няма.

Клімат трапічны пасатны. Летам частыя ўраганы.

Прырода сушы найлепей захавалася на паўночным захадзе вострава, дзе ксерафітныя дрэвы і хмызнякі ўтвараюць густыя гаі, населеныя пераважна яшчаркамі, агуці і птушкамі. На ўзбярэжжы селяцца ігуаны і чарапахі. Вельмі багаты падводны свет каралавых рыфаў.

Востраў разам з суседнім Літл-Кайманам быў адкрыты Х. Калумбам 11 мая 1503 г. і названы Лас-Тартугас (ісп.: Los Tortugas, літаральна «Чарапахавыя»). Сучасная назва з’явілася толькі ў 1530 г., але канчаткова прыжылася ў XVIII ст. Кайманы ніколі не насялялі Кайман-Брак. Мяркуецца, што мараплаўцы пераблыталі іх з мясцовымі ігуанамі.

Востраў доўгі час прыцягваў піратаў, якія палявалі тут на чарапах, але сталых паселішчаў не стваралі. У сярэдзіне XVII ст. англійскія дэзертыры з Ямайкі Валтар і Баўдэн заснавалі першае паселішча, знішчанае праз некалькі гадоў іспанцамі. Пасля 1670 г. Кайман-Брак афіцыйна ўваходзіў у склад каланіяльных валоданняў Англіі. Паўторна востраў быў населены толькі ў пачатку XIX ст. перасяленцамі з вострава Гранд-Кайман.

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

Насельніцтва пераважна засяроджана на паўднёвым усходзе вострава, дзе ўтворана паселішча Вест-Энд, маецца кабатажны порт і аэрапорт. Асноўная галіна эканомікі — турызм. Кайман-Брак вядомы як адно з самых прыцягальных месцаў для аматараў нырання з аквалангам.