[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Блок (востраў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Блок
англ. Block
Знешні выгляд
Знешні выгляд
Характарыстыкі
Плошча25,21 км²
Насельніцтва1 051 чал.
Шчыльнасць насельніцтва41,69 чал./км²
Размяшчэнне
41°10′03,20″ пн. ш. 71°35′26,80″ з. д.HGЯO
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
Блок (востраў) (ЗША)
Блок
Блок
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Блок (англ.: Block) — востраў у Атлантычным акіяне каля ўзбярэжжа штата Род-Айленд (ЗША). Плошча — 25,21 км². Насельніцтва — 1051 чал. (2010 г.)

Востраў Блок месціцца ў 15 км на поўдзень ад узбярэжжа Род-Айленда, у 527 км на паўночны захад ад Вашынгтона, сталіцы ЗША. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 9,4 км. Найбольшая шырыня — 5,74 км.

Востраў Блок сфарміраваны марэнамі, што ўзніклі на працягу апошніх 40 000 гадоў падчас ледавіковых максімумаў. Змены ўзроўню акіяна садзейнічалі ўтварэнню ўнутраных заліваў і замкнёных саляных азёр, якія мясцовыя жыхары называюць сажалкамі. Пераважаюць асадкавыя пароды, на месцы старажытных балот і азёр — тарфянікі.

Клімат мяккі акіянічны. Улетку тут больш прахалодна, чым на мацерыковай частцы Род-Айленда. Сярэдняя тэмпература ліпеня і жніўня вагаецца ад +16,9 °C да +25,5 °C. Найбольш халодны месяц — студзень, калі тэмпература можа апускацца ніжэй 0 °C. У студзені 1994 г. быў зафіксаваны абсалютны мінімум −22 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1082 мм.

Для вострава Блок характэрна спалучэнне палявых, балоцістых і прыморскіх пясчаных ландшафтаў. Фаўна сушы адрозніваецца беднасцю ў параўнанні з мацерыковай Новай Англіяй. Востраў насяляюць алені, чарапахі, змеі, мышы, пацукі, андатры, лугавыя палёўкі, шмат розных птушак і казурак. У прыбярэжныых водах сустракаюцца мноства марскіх сысуноў, рыб і ракападобных. Каля 47 % паверхні вострава знаходзіцца пад аховай.

Захоп вострава Блок англійскімі каланістамі ў 1638 г.

Першымі насельнікамі вострава Блок былі індзейцы нехантукет. На мове алганкінаў востраў зваўся Manisses («востраў маленькага бога»). Лічыцца, што першым еўрапейскім першаадкрывальнікам мог быць Джавані да Верацана ў 1525 г. Але першае пэўнае паведамленне пра існаванне вострава пакінуў у 1614 г. галандскі гандляр і пірат Адрыен Блок. Ён даў востраву сваё імя.

У 1638 г. у часе вайны з пеквотамі англійскія каланісты з Масачусетса арганізавалі карную экспедыцыю супраць нехантукет. Карэнныя жыхары былі забіты або прададзены ў рабства. У 1658 г. зямля на востраве Блок была перададзена ў прыватную маёмасць. У 1661 г. яе набылі 16 англійскіх каланістаў на чале Джона Алкака. У 1663 г. пасяленец Томас Тэры перадаў 6 акраў у маёмасць 4 індзейскім правадырам, магчыма ўцалелым нехантукет. Да канца XVII ст. індзейская грамада складала большасць астравіцян, але на працягу XVIII ст. колькасць індзейцаў скарацілася да некалькіх дзясяткаў. Апошні памёр у 1886 г. маючы 100 гадоў.

З 1672 г. востраў Блок з’яўляецца часткай Род-Айленда. У 18121814 гг. ён быў акупаваны брытанскім флотам. Асноўным заняткам мясцовых жыхароў была пераважна сельская гаспадарка. У 1895 г. былі пабудаваны прычалы, дзе можна прымаць вялікія пасажырскія судны. З канца XIX ст. развіваецца турызм. У нашы дні гэта галіна гаспадаркі пераважае над іншымі.

На востраве існуе два помнікі гісторыі — Паўночны маяк і Паўднёва-ўсходні маяк.