Аўся́нка, вярхоўка (Leucaspius delineatus) — від рыб сямейства карпавых, адзіны прадстаўнік рода Leucaspius. Адна з самых дробных рыб у беларускай іхтыяфаўне, народная назва маляўка.
Дасягае даўжыні 8—9 см, часцей 6 см, маса да 5 г. Цела умерана доўгае, сціснутае з бакоў, укрытае буйнай луской, якая лёгка ападае. Бакавая лінія няпоўная. Галава цёмная. Спіна зеленавата-жоўтая, бакі серабрыстыя, бліскучыя, плаўнікі бясколерныя.
Шматлікі від, чародная рыба, жыве ў паверхневых слаях вады. Пашырана ў рэках Еўропы: басейны Рэйна, Дуная, Дняпра, Прыпяці, Волгі, Заходняй Дзвіны, Нёмана і іншых. Ёсць у некаторых азёрах басейнаў Анегі і Паўночнай Дзвіны, у рэках Паўночнага Каўказа.
Трымаецца чародкамі. Днём плавае ля паверхні, сілкуючыся паветранымі насякомымі, ноччу апускаецца на глыбіню і сілкуецца зоапланктонам. Таксама корміцца ікрой рыб.
Жыве да 5 гадоў. Палавая спеласць надыходзіць на другім годзе жыцця. Плоднасць да 4 тыс. ікрынак. Нераст парцыённы, пачынаецца ў 2-й палове мая — чэрвені. Ікру адкладвае на лісце ўрэчніку, стрэлкалісту, гарлачыку.
З-за сваіх малых памераў аўсянка прамысловай каштоўнасці не ўяўляе, пры гэтым з’яўляецца кармавой базай для многіх драпежных відаў рыб. У рыбалоўстве выкарыстоўваецца як прынада.