[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Алеуты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алеуты
(Unangan, Unangas, Унаӈан)
Фота з вострава Ату, 1941 г.
Агульная колькасць каля 7500
Рэгіёны пражывання  ЗША — 6752 (2015 г.)[1]

 Расія — 482[2]

Мова алеуцкая мова
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы эскімосы

Алеу́ты (саманазва: Unangan, Unangas, Унаӈан «берагавыя людзі») — народ, карэннае насельніцтва Алеуцкіх астравоў, паўднёва-заходняй часткі паўвострава Аляска і прылеглых да яго астравоў. У XVIII—XX стагоддзях з-за прымусовага або добраахвотнага перасялення алеуты фактычна страцілі некаторыя традыцыйныя тэрыторыі на Алеуцкіх астравах, аднак узніклі іх паселішчы на ўсходніх астравах Чукоцкага мора, Камандорскіх астравах і ў розных месцах Аляскі.

У нашы дні ў ЗША і Расіі жыве каля 7 500 алеутаў. У 2009 годзе на Беларусі жыло 3[3] чалавекі, якія атаяснялі сябе з алеутамі.

Да першай трэці XX ст. даследчыкі высунулі 2 асноўныя гіпотэзы аб паходжанні алеутаў з Азіі і Паўночнай Амерыкі[4]. Усталяванне лінгвістамі ў сярэдзіне XX ст. існавання эскімоска-алеуцкай сям’і моў паказала, што праблема паходжання алеутаў больш складаная і можа быць вырашана праз сукупнае вывучэнне паходжання алеутаў і эскімосаў.

Значным штуршком для вывучэння старажытнай гісторыі Алеуцкіх астравоў сталі археалагічныя даследаванні, арганізаваныя Смітсанаўскім інстытутам ў 1938 г. Іх удзельнікамі былі адкрыты найстаражытнейшыя паселішчы на астравах — Анангула і Чалука[5]. Антраполаг Алеш Хрдлічка сцвярджаў на аснове вывучэння рэшткаў людзей з Чалукі, што продкі сучасных алеутаў з’явіліся на астравах толькі 1000 гадоў таму, ім папярэднічалі плямёны да-алеутаў[6]. Уільям Лафлін[en], першаадкрывальнік Анангулы, меркаваў, што стваральнікі знойдзеных старажытных паселішчаў былі прамымі продкамі алеутаў[7]. Паводле яго гіпотэзы, мангалоіднае насельніцтва Берынгіі падзялілася на продкаў індзейцаў, эскімосаў і алеутаў у выніку таго, што продкі індзейцаў асвойвалі ўнутраныя тэрыторыі, а продкі эскімосаў і алеутаў — прыбярэжныя. Пасля заканчэння ледавіковага перыяду і затаплення Берынгіі продкі алеутаў апынуліся на астравах, дзе экалагічныя ўмовы мала адрозніваліся ад папярэдніх, выдатна прыстасаваліся да іх і стварылі грамадства з высокай працягласцю жыцця. Аднак геалагічныя даследаванні абверглі гіпотэзу У. Лафліна, паколькі высветлілася, што Алеуцкія астравы ў час існавання Берынгіі былі пакрыты ледавіком і не маглі быць населенымі, а экалагічныя ўмовы моцна змяняліся пад уздзеяннем вывяржэння вулканаў.

Сучасныя палеагенетычныя даследаванні паказалі, што эскімосы і алеуты найхутчэй з’яўляюцца нашчадкамі прадстаўнікоў асобнай міграцыі з Азіі ў Паўночную Амерыку, якая адбылася ўжо пасля знікнення Берынгіі[8]. Найбліжэйшымі да алеутаў народамі з’яўляюцца азіяцкія эскімосы і чукчы. Палеагенетыкі выявілі, што 6 539 ± 3 511 — 6 035 ± 2 885 гадоў таму продкі алеутаў адасобіліся ад продкаў эскімосаў. Гэта прыкладна супадае са сведчаннямі археолагаў і лінгвістаў[9][10]. Засяленне Алеуцкіх астравоў найхутчэй адбывалася з Азіі не наўпрост з Камчаткі праз Камандорскія астравы, а з усходу на захад праз паўвостраў Аляска.

Назва алеуты была дадзена рускімі здабытчыкамі ў XVIII ст. Існуюць розныя версіі этымалогіі. Найбольш верагодныя: алеуты паходзяць ад чукоцкага слова алиут («астравіцяне») або ад уласна алеуцкага слова аллитхух («абшчына», «войска»)[11]. Акрамя таго, існавалі мясцовыя саманазвы[12]:7—9. Так, жыхары паўвострава Аляска і астравоў Шумагіна называлі сябе каган таягунгин («усходнія людзі»), Андрэянаўскіх астравоў — намигун («заходнія»), вострава Уналашка — кигигун («паўночна-усходнія»), вострава Атка — нигугин, вострава Ату — сасигнан («выгнаннікі») і г. д.

Малюнак 1818 г.

Вядомая да XVIII ст. культура алеутаў пачала складвацца прыкладна 5500 гадоў таму[13]. У адрозненне ад больш старажытнай традыцыі Анангулы, для яе былі характэрны каменныя прылады з двухбаковай апрацоўкай, гарпуны са шчарбінамі, майстэрская апрацоўка прадметаў з косці. Хаця алеуты не апрацоўвалі металаў і нават не ведалі ганчарства, яны здолелі стварыць грамадства з доўгай працягласцю жыцця ў параўнанні з суседзямі-эскімосамі[14]. Месцамі пасяленняў былі прыбярэжныя раўніны, дзе мора не замярзае на працягу ўсяго года. Гэта дазваляла ў сезоны, калі не вялася здабыча марскіх сысуноў, збіраць беспазваночных. Агульная колькасць насельніцтва да кантактаў з еўрапейцамі ацэньваецца ў 12 — 15 тысяч чалавек.

У 1741 г. Алеуцкія астравы і паўвостраў Аляска былі адкрыты расійскай экспедыцыяй на чале з В. Берынгам. Весткі пра новыя землі, багатыя футрам, спрыялі новым экспедыцыям здабытчыкаў. Першая такая экспедыцыя адбылася ў 1743 г.[15] Арганізатарамі экспедыцый здабытчыкаў былі прыватныя прадпрымальнікі, якіх цікавіў прыбытак. У каманды суднаў набіралі збеглых прыгонных, былых катаржнікаў, даўжнікоў. Часам прадстаўнікі розных экспедыцый варагавалі паміж сабою. Яны жорстка абыходзіліся з мясцовымі жыхарамі, прымушалі забяспечваць сябе ежай, здабываць футра, захоплівалі заложнікаў, у тым ліку дзяцей і жанчын, часам проста забівалі. Так, у 1745 г. здабытчыкі прамыслоўца Якава Бяляева разбурылі 2 алеуцкія вёскі на востраве Ату і забілі каля 40 астравіцян[16].

Першапачаткова прыязна настроеныя да здабытчыкаў алеуты, зацікаўленыя ў еўрапейскіх таварах, пачалі супраціўляцца. У 1762 г. тубыльцы вострава Уналашка, абураныя гвалтам над жанчынамі з боку рускіх[17], паўсталі, знішчылі 4 расійскія караблі і 188 здабытчыкаў[18]. У 1764 г. паўстанне было задушана, пры гэтым загінула болей за 5000 алеутаў[19]. У 1784 г. паўстанне тубыльцаў супраць злоўжыванняў прамыслоўцаў адбылася на востраве Амчытка. Супраціўленне алеутаў было асуджана на паразу, паколькі яны не мелі агнястрэльнай зброі. Алеуцкія вёскі знаходзіліся на ўзбярэжжы і былі лёгка дасягальнымі для караблёў і карабельнай зброі. Акрамя прамога гвалту, насельнікі Алеуцкіх астравоў і паўвострава Аляска пакутавалі з-за выпадкова завезеных еўрапейскіх хвароб, ад якіх не мелі імунітэту. У выніку да 1800 г. колькасць алеутаў скарацілася да 2500 чалавек[13].

Расійскія ўлады рэагавалі па-рознаму на злоўжыванні сваіх падданых у адносінах да тубыльцаў. У 1763 г. Кацярына II загадала адносіцца да алеутаў годна[20]. У 1799 г. Павел I перадаў правы на асваенне паўночнаамерыканскіх тэрыторый Расійска-амерыканскай кампаніі (РАК)[21]. Алеуты пачалі прыцягвацца да каланіяльнай службы, удзельнічалі ў асваенні іншых месц Аляскі і Каліфорніі. Так, у 1820 г. сярод 148 мужчын, што жылі ў Нова-Архангельску, было 116 «алеутаў і аляскінскіх індзейцаў»[22]. У 1821 г. алеуты сталі расійскімі падданымі, многія ўвайшлі ў саслоўе асабіста свабодных астравіцян. Дзеці ад сумесных шлюбаў атрымоўвалі статус крэолаў. Сярод алеутаў распаўсюджвалася праваслаўе. Праваслаўны Пётр Алеут[ru] стаў святым мучанікам[23]. Рускі праваслаўны святар Іаан Веніамінаў пісаў пропаведзі на алеуцкай мове[24], пераклаў на яе частку Бібліі, у 1846 г. апублікаваў першую алеуцкую граматыку[25].

Яшчэ ў 1786 г. расійскі прамысловец Гаўрыла Прыбылоў перасяліў частку алеутаў на раней бязлюдныя астравы Прыбылова для здабычы ластаногіх. У 18251828 гг. РАК стварыла паселішчы алеутаў і сугпіят на Камандорскіх астравах[26][27]. У 1869 г. Расія перадала свае паўночнаамерыканскія калоніі пад кантроль ЗША. Такім чынам, алеуты Алеуцкіх астравоў, астравоў Прыбылова і паўвострава Аляска апынуліся ў складзе ЗША, а алеуты Камандорскіх астравоў засталіся ў складзе Расіі.

75-гадовая алеутка з астравоў Прыбылова. Фота 1915 г.

Алеуты і крэолы Аляскі спярша былі аднесены амерыканскімі ўладамі да нецывілізаваных плямён. У 1915 г. яны былі прыроўнены ў правах да індзейцаў. У 1924 г. атрымалі грамадзянства ЗША[12]:139. З 1880-х гг. на астравах Шумагіна пачала развівацца рыбаперапрацоўчая прамысловасць, куды на працу былі прыцягнуты мясцовыя алеуты. На астравах Прыбылова была адчынена дзяржаўная станцыя, што рэгулявала раней неашчадную здабычу ластаногіх. Яна брала на працу астравіцян. На востраве Уналашка некаторы час дзейнічаў гандлёвы порт. На астатніх тэрыторыях Аляскі, населеных алеутамі, назіраўся эканамічны застой. У гэтых умовах алеуты адраджалі папярэдні лад жыцця, заснаваны на здабычы і збіральніцтве, выпадковым гандлі з амерыканскімі кітабоямі і паляўнічымі на футравых звяроў. Амерыканскія пратэстанцкія арганізацыі, а потым і ўрад ЗША забяспечвалі адукацыю толькі на англійскай мове, што не спрыяла захаванню роднай мовы і культурнай тоеснасці. У 1940 г. 76 % алеуцкіх дзяцей наведвалі школы[12]:143, што значна перавышала адпаведны паказчык сярод індзейцаў і эскімосаў Аляскі.

Падчас II сусветнай вайны Алеуцкія астравы ператварыліся ў раён ваенных дзеянняў паміж японцамі і амерыканцамі. 7 — 8 чэрвеня 1943 г. войскі Японіі захапілі востраў Ату. 40 алеутаў, што жылі на ім, былі прымусова накіраваны на паднявольную працу ў Японію. З-за ваеннай пагрозы амерыканцы інтэрніравалі грамадзянскае насельніцтва Алеуцкіх астравоў і астравоў Прыбылова на паўднёвы ўсход Аляскі. Інтэрніраваныя алеуты пакутавалі ад нястач[28] і высокай смяротнасці з-за сухотаў. Пасля вяртання яны знайшлі частку сваіх паселішчаў разбуранымі. Толькі ў 1988 г. Кангрэс ЗША прыняў пастанову аб кампенсацыі асабістых страт і прынёс прабачэнні за інтэрніраванне алеутаў[29].

У 1971 г. быў прыняты закон аб урэгуляванні зямельных прэтэнзій карэннага насельніцтва Аляскі. Паводле яго алеуты атрымалі права на туземныя вёскі — тэрыторыі з традыцыйным абшчынным кіраваннем. У нашы дні існуе 13 такіх вёсак[30]. З 1972 г. у школах пачала выкладацца алеуцкая мова. У 1997 г. Цэнтр па вывучэнню моў карэнных народаў Аляскі апублікаваў першую поўную граматыку алеуцкай мовы. Важную ролю ў адражэнні алеуцкай культуры і ахове эканамічных і культурных інтарэсаў адыгрываюць грамадскія арганізацыі. Тым не меней, большасць алеутаў Аляскі не карыстаюцца ў паўсядзённым побыце роднай мовай, былі згублены многія традыцыі.

Пасля ліквідацыі РАК пасяленцы Камандорскіх астравоў апынуліся ў значнай ступені ізаляванымі як ад іншых Алеуцкіх астравоў, так і ад суседняй Камчаткі. Болей за тое, на працягу паўгода астравіцяне Меднага былі ізаляваны ад астравіцян Берынга. Большасць пасяленцаў паходзіла з Андрэянаўскіх астравоў. Вялікую долю сярод іх складалі крэолы. Так, у 1879 г. на абодвух астравах жылі 332 крэолы, 168 алеутаў і 9 камчадалаў[12]:182. Нягледзячы на супольнае існаванне, выхадцы з розных месцаў доўгі час захоўвалі культурныя рысы сваёй радзімы. На востраве Медным размаўлялі на крэольскай гаворцы, што адрознівалася ад алеуцкай мовы Берынга і была незразумелай для носьбітаў рускай мовы. Матэрыяльная культура камандорцаў вельмі змянілася ўжо да пачатку XX ст. Вопратка, хатняе начынне, паляўнічая зброя і нават жытло былі прамысловага паходжання, увозіліся на астравы звонку. З часоў РАК камандорцы трымалі агароды і свойскую жывёлу. На востраве Берынга мелася прыхадская школа.

Расійскія ўлады прылічалі алеутаў Камандорскіх астравоў да іншародцаў. У 1905 г. да гэтага статусу былі аднесены і крэолы. Звычайна ў Расійскай імперыі тубыльцы, якія лічыліся іншародцамі, выплачвалі ясак. Аднак камандорцы павінны былі бязвыплатна адпрацоўваць на здабычы і нарыхтоўках. У рэвізіі 1861 г. іх статус прыраўноўваўся да прыгонных[12]:187. З 1871 г. Камандорскія астравы здаваліся ў канцэсію спачатку амерыканскай, а потым расійскім кампаніям. Яны карысталіся працай астравіцян за плату, хаця расцэнкі заставаліся нізкімі. Большая частка сямейных прыбыткаў трацілася на тавары, што ўвозіліся тымі ж кампаніямі. У пачатку XX ст. драпежніцкае вынішчэнне ластаногіх прывяло да рэзкага змяншэння здабычы і адпаведна даходаў камандорцаў. Медыцынская дапамога практычна не аказвалася. Многія пакутавалі з-за сухотаў, рэўматызму, мочапалавых і скурных захворванняў, таму назіралася змяншэнне насельніцтва. Да 1923 г., калі была ўсталявана савецкая ўлада, колькасць алеутаў і крэолаў упала да 354 чалавек[12]:198.

У міжваенны перыяд савецкае кіраўніцтва імкнулася палепшыць існаванне камандорцаў. У 1924 г. была створана дзяржаўная гаспадарка па гадаванню пясцоў. Некалькі дзесяцігоддзяў гэта галіна была асноўнай. Паколькі астравіцяне не мелі вялікіх асабістых гаспадарак, калектывізацыя 1930-х гг. не аказала на іх разбуральнага ўздзеяння. У 1928 г. астравы Берынга і Медны ўвайшлі ў склад Алеуцкага раёна. У даваенны час выкладанне ў школе адбывалася на алеуцкай мове. Настаўніца Лізавета Арлова распрацавала алфавіт і граматыку для берынгійскага дыялекта на аснове лацінкі. Аднак у пасляваенны час выкладанне алеуцкай мовы спынілася. Камандорскія алеуты хутка гублялі родныя мову і традыцыі. У 1970 г. жыхары вострава Меднага былі пераселены на востраў Берынга[31]. У 1990-я гг. узнавіліся адносіны паміж алеутамі Камандорскіх астравоў і Аляскі. У 1998 г. была створана Алеуцкая міжнародная асацыяцыя[32].

Матэрыяльная культура

[правіць | правіць зыходнік]
Алеуты ў народных строях. Малюнак 1862 г.

Традыцыйна алеуты сяліліся ўздоўж незамярзальнай берагавой лініі, і іх жыццё прама і ўскосна залежала ад марскіх рэсурсаў. Яны здабывалі розных марскіх сысуноў ад каланаў да кітоў, сезонна лавілі рыбу і палявалі на марскіх птушак, збіралі ўздоўж берага марскіх малюскаў і ігласкурых, на скалах — птушыныя яйкі. Калі здабыча лічылася мужчынскім заняткам, то ў астатняй дзейнасці ўдзельнічалі ўсе члены абшчыны, ад малых да старых. Нават пры страце падтрымкі жанчыны, дзеці і старыя мелі шанцы забяспечыць сябе харчам[14]. Мяса і рыбу для захавання сушылі, у зімовы перыяд замарожвалі. Мяса некаторых ластаногіх і малюскаў часам ужывалі сырымі. Як паказалі археалагічныя даследаванні, такая дыета прыводзіла да распаўсюджвання гельмінтозаў[33]. Відавочна, да кантактаў з еўрапейцамі алеуты ўжывалі мясцовыя расліны[34], але ў пазнейшы перыяд яны былі выціснуты прывазнымі прадуктамі.

Для здабычы і транспарціроўкі алеуты карысталіся лёгкімі марскімі суднамі — байдарамі[35]. Мужчыны рабілі каркас для іх з драўняных карчоў, што выкідвала морам на бераг, а жанчыны шылі абалону са скур ластаногіх. Пасля таго, як байдара была гатова, жанчынам не дазвалялася мець з ёй справы. Да байдары адносіліся як да жывой істоты, бераглі яе. Да кантактаў з еўрапейцамі пераважалі байдары для 1 — 2 чалавек. Адзін чалавек выконваў ролю грабца, другі — паляўнічага. У каланіяльны перыяд інтэнсіўная здабыча запатрабавала большай умяшчальнасці, аднак і якасць суднаў пагоршылася.

Да каланізацыі алеуты не здабывалі і не апрацоўвалі металаў, не ведалі ганчарства і ткацтва, затое па-майстэрску апрацоўвалі камяні і косць. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што алеуцкая традыцыя апрацоўкі камянёў працягваецца з перыяду Анангулы[36] (6 400 г. да н. э.). Аднак звычайна ўласна алеуцкую традыцыю вылучаюць з перыяду, які пачаўся на тысячагоддзе пазней і працягваўся да XVIII ст. Для яе характэрны шліхтаванне і двухбаковая апрацоўка. Гэта тэхналогія распаўсюджвалася ўздоўж ланцуга Алеуцкіх астравоў з усходу на захад і набыла класічны выгляд прыкладна ў сярэдзіне 3 тысячагоддзя да н. э. З камянёў выраблялі лёзы, агмені, тлушчавыя лямпы і інш.

Косткі і іншыя часткі здабытых жывёл таксама знаходзілі шырокае ўжыванне[37]. З костак качак выразалі лыжкі, касцянымі клінамі калолі дровы, складаныя рыбалоўныя крукі майстраваліся з 2 костак, у страўніках ластаногіх захоўвалі тлушч, выраблялі з іх буі для гарпуноў, цягліцы ўжывалі замест нітак. Хатнія пасудзіны і частку вопраткі плялі з травяных валокнаў[38]. Для гэтага выбіралі метлюжковыя, што раслі на беразе, сцябло расшчаплялі пазногцямі, атрыманыя валокны часам афарбоўваліся.

Найбольш распаўсюджанай вопраткай была доўгая футравая кашуля тыпу паркі з двайной падшэўкай[39]. Яна выраблялася са скуры ластаногіх або птушак. Па-над ёй апраналі камлейку — непрамакальную кашулю з кішак марскіх сысуноў[40]. Для гэтага кішкі прамывалі і чысцілі тупым скрэблам, потым надзімалі, звязвалі і сушылі некалькі дзён. Пасля сушкі кішкі разрэзалі на ленты і скручвалі ў звязкі, надаючы патрэбную форму. Камлейкі выкарыстоўваліся падчас палявання на сушы і на вадзе. Мужчыны насілі на галаве драўляныя капелюшы з доўгімі брылямі, адкрытым або закрытым верхам[41][42]. Правадыры ўпрыгожвалі іх пацеркамі, вусамі ластаногіх, фарбамі і г. д.

Асобы абодвух палоў упрыгожваліся татуіроўкай, праколваннем цела, вушэй, носа і вуснаў[43]. Татуіроўку рабілі з дапамогай касцяных іголак і драўнянага вугалю. Дзяўчынам пачыналі татуяваць ніжнюю сківіцу пасля першай менструацыі. У жанчын з высокім статусам было больш татуіровак, чым у іншых. Звычай праколвання носа і ўстаўкі доўгай косткі сустракаўся на ўсіх Алеуцкіх астравах.

Звычайна кожная супольнасць жыла ў сталых вёсках на марскім беразе. Акрамя таго, існавалі часовыя лагеры для здабытчыкаў[44]. Галоўным тыпам жытла з’яўлялася паўзямлянка барабара, уваход у якую быў праз дзярновы дах.

Ужо да XVIII ст. у алеуцкім традыцыйным грамадстве адбылося сацыяльнае распластаванне. Вышэйшы пласт насельніцтва складалі заможныя спадчынныя старэйшыны, сярэдні — простыя абшчыннікі, ніжэйшы — рабы. І. Веніамінаў пісаў у 1840 г., што раней улада належала старэйшынам і мела патрыярхальны характар, нагадвала ўладу бацькоў над дзецьмі[45]. Старэйшыны toukkoukk (рускія каланісты называлі іх таёнамі) падтрымлівалі парадак у вёсках, разглядалі спрэчкі, не працавалі, але атрымлівалі сваю долю ад супольнай працы. Яны насілі асаблівыя знакі пашаны — рэдкія ракавіны, каштоўнае футра, пацеркі і г. д. Таёны не маглі выносіць пакаранні без згоды іншых абшчыннікаў, але прэстыж старэйшыны распаўсюджваўся на ўсю вёску, таму яго абраза была абразай для ўсіх аднавяскоўцаў.

Пашана toukkoukk распаўсюджвалася на іх блізкіх сваякоў, асабліва на сыноў і пляменнікаў. Менавіта яны з дазволу старэйшыны арганізоўвалі і ўзначальвалі ваенныя паходы супраць іншых алеутаў або эскімосаў на ўсходзе. Падчас паходаў захоплівалі каштоўную маёмасць і рабоў. Большасць рабоў з’яўлялася ваеннапалоннымі або іх нашчадкамі. Вядомы выпадак, калі рабом стаў сірата-аднавясковец, але звычай закабалення свабодных аднавяскоўцаў за даўгі звычайна абмяжоўваўся перыядам адпрацоўкі доўга[46]. Некаторыя старэйшыны валодалі да 20 рабоў. Рабы выконвалі хатнюю працу, удзельнічалі ў здабычы і часам — у ваенных рэйдах, рабоў абменьвалі на карысныя рэчы і прыносілі ў ахвяру пасля смерці ўладальніка. Рабоў маглі адпускаць на волю, але раўнапраўнымі абшчыннікамі яны не станавіліся.

У каланіяльны перыяд адбылося ўраўнованне алеутаў у правах. РАК забараніла тубыльцам мець рабоў, а тых, што ўжо меліся, канфіскавала «на вечное услужение»[12]:103. Такім чынам старэйшыны ператварыліся ў падрадчыкаў кампаніі, а іх высокі статус вызначаўся толькі матэрыяльнымі каштоўнасцямі і знакамі пашаны.

Алеуты падзяляліся на экзагамныя матрылакальныя лініі[47]. Былі распаўсюджаны палігінічныя, радзей паліандрычныя шлюбы. Найбольш выбітным жаніхом лічыўся сын брата маці. У якасці выкупа за жонку маладыя жаніхі сяліліся ў сям’і нявесты і некалькі гадоў адпрацоўвалі права на шлюб. Калі гэта значыла пераход у іншую абшчыну, жаніх атрымоўваў сацыяльны статус, ніжэйшы за абшчынніка, але вышэйшы за раба. Пасля жаніцьбы маладыя маглі пераехаць да яго сваякоў або застацца ў сям’і нявесты.

Фальклор і прыкладное мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]
Драўляная маска

Асаблівасцю алеуцкай вуснай спадчыны з’яўляецца яе сінкрэтызм[48]. Алеуцкія казкі ўмоўна падзяляюцца на міфалагічныя, гісторыка-апавядальныя і забаўляльныя. Першыя адлюстроўваюць дахрысціянскія погляды алеутаў, апавядаюць пра ўзнікненне пэўных месцаў і рэчаў. Другія ўтрымоўваюць пераказ як сапраўдных, так і міфічных генеалагічных паданняў пра продкаў або выбітных асоб. Забаўляльныя казкі маюць павучальны і сатырычны характар. Папулярны герой казак — крумкач Qanglaagix.

У мінулым святы арганізоўваліся пераважна ўзімку і мелі рытуальны характар. Іх суправаджалі песні і танцы пад гукі бубна і цытры. Вядомы старажытныя танцы крумкача, палтуса, надвор’я, паляўнічага[49] і інш. У нашы дні адраджэнне песенна-танцавальных традыцый з’яўляецца моцным стымулам для захавання тоеснасці алеутаў. На астравах Прыбылова і Камандорскіх астравах створаны алеуцкія музычныя калектывы. У 2017 г. камандорскі танцавальны калектыў «Ангих» стаў лаўрэатам міжнароднага харэаграфічнага турніра «Танцавальны час»[50]. Са святамі і іншымі рытуаламі таксама звязаны выраб масак. Маскі часцяком знаходзяць у пахаваннях[51].

Алеуты вядомы шматкаляровым роспісам і арнаментаваннем зброі і пабытовых рэчаў, разьбой па дрэву і косці[52].

Алеуцкая мова належыць да эскімоска-алеуцкай сям’і моў. Першы алфавіт і граматыка на аснове кірыліцы былі распрацаваны ў 1846 г. У нашы дні ў ЗША карыстаюцца алеуцкім алфавітам на аснове лацінкі (варыянт 1997 г.), у Расіі — кірыліцы[25]. Аднак колькасць носьбітаў алеуцкай мовы ў нашы дні невялікая — каля 200 чалавек. Усе яны з’яўляюцца білінгвамі.

Звесткі пра дахрысціянскія вераванні алеутаў захаваліся дзякуючы запісам праваслаўных місіянераў XIX ст., археалагічным знаходкам і некаторым міфалагічным сюжэтам, таму маюць фрагментарны характар. Алеуты верылі ў бога-творцу Агугум (Agugux)[53][54], аднак асобна не шанавалі яго. Вернікі былі перакананы, што навакольны свет населены шматлікімі духамі прыроды. Важную ролю адыгрывалі культы, звязаныя са здабычай, шанаванне духаў мора і здабытых жывёл[55]. Духі прыроды ўяўляліся як міласэрнымі, так і помслівымі. Напрыклад, сонца магло асляпіць, а месяц — забіць камянямі таго, хто іх абразіў. Мужчыны гуртаваліся для перадачы патаемных ведаў, арганізоўвалі супольныя рэлігійныя відовішчы[56], прыносілі ахвяры духам на пагорку каля роднага паселішча. Практыкавалася абарончая магія ў выглядзе замоў, абярэгаў, арнаментаваных малюнкаў. У алеутаў меўся інстытут шаманаў, але іх роля ў грамадстве не была значнай[57]. Лічылася, што яны залежаць ад духаў, з якімі кантактуюць, звычайна былі беднымі і рэдка прымалі ўдзел у супольным жыцці.

Алеуты верылі ў замагільны свет, дзе памерлыя быццам бы жылі ў вёсках, падобных да зямных[58]. Нябожчыкаў хавалі седзячы каля барабары або ў пячоры. Разам са старэйшынамі хавалі рабоў-падлеткаў, якіх да пачатку цырымоніі душылі[59]. Некаторых нябожчыкаў муміфікавалі[60], іх рэшткі перыядычна наведваліся сваякамі для пашаны[61]. Целы забітых ворагаў абавязкова рассякаліся на часткі, каб душа памерлага не магла адпомсціць жывым.

Першымі распаўсюджвальнікамі хрысціянства сярод алеутаў маглі быць рускія здабытчыкі. Першыя місіянеры, прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы, прыбылі на Аляску толькі ў 1796 г.[62] Асаблівае месца ў гісторыі хрысціянізацыі алеутаў набылі святары Іаан Веніамінаў і Якаў Няцветаў[63], якія працавалі ў XIX ст. З канца XIX ст. алеутаў наведвалі прадстаўнікі пратэстанцкіх місій. Дзякуючы іх намаганням вернікі-алеуты спавядаюць хрысціянства, прычым большасць з’яўляецца праваслаўнымі.

  1. factfinder.census.gov
  2. gks.ru
  3. belstat.gov.by
  4. Происхождение алеутов
  5. W. S. Laughlin. THE EARLIEST ALEUTS
  6. Hrdlicka’s Aleutian Population-Replacement Hypothesis
  7. Laughlin, William S. Aleuts: Survivors of the Bering Land Bridge. — New York: Holt, Rinehart and Winston, 1980.
  8. Origins of Arctic Peoples Revealed Through Study of Ancient DNA Архівавана 29 верасня 2016.
  9. Mitochondrial DNA variation and the origins of the Aleuts
  10. Aleuts — Laboratory of Biological Anthropology
  11. Алеуты — Этнография Камчатки
  12. а б в г д е ё Ляпунова Р. Г. Алеуты: Очерки этнической истории. — Ленинград: Наука, 1987.
  13. а б History — Aleutian Pribilof Islands Association
  14. а б William S. Laughlin. Aleuts: Ecosystem, Holocene Historys, and Siberian Origin
  15. Southwest Alaska — Alaska History and Cultural Studies Архівавана 9 лістапада 2021.
  16. Andreĭ Valʹterovich Grinëv. Russian Colonization of Alaska: Preconditions, Discovery, and Initial Development, 1741—1799
  17. А. Из сочинений г. [В.Н Берха] // Русская Америка в неопубликованных записках К.Т. Хлебникова. Л.: Наука, 1979.
  18. Russian Fur Traders Clash with Aleut Natives
  19. В США считают, сколько индейцев убили русские на Аляске
  20. Advance: похоже, что русским придётся вечно жалеть о продаже Аляски за бесценок
  21. РОССИЙСКО-АМЕРИКАНСКАЯ КОМПАНИЯ (РАК) Архівавана 21 ліпеня 2021.
  22. Федорова С. Г. ЭТНИЧЕСКИЕ ПРОЦЕССЫ В РУССКОЙ АМЕРИКЕ
  23. СВЯТОЙ МУЧЕНИК ПЕТР АЛЕУТ
  24. ИННОКЕНТИЙ
  25. а б Aleut (Unangam Tunuu / Уна́ӈам тунуу́)
  26. История — Алеутский район(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 ліпеня 2021. Праверана 21 ліпеня 2021.
  27. Мозаика судеб: востановление семейных и генеалогических связей алеутов Командорских островов и коренного населения юго-западной Аляски
  28. World War II Aleut Relocation Camps in Southeast Alaska — Chapter 2: Funter Bay Cannery, pt. 1
  29. 1988: U.S. pays restitution; apologizes to Unangan (Aleut) for WWII Internment
  30. Alaska Tribes by Region Архівавана 23 ліпеня 2021.
  31. Впервые создана карта ландшафта острова Медный, входящего в состав Командорского заповедника Архівавана 24 ліпеня 2021.
  32. Aleut International Association
  33. News this Week — Science
  34. Jay Ellis Ransom. ALEUT NATURAL-FOOD ECONOMY Архівавана 25 ліпеня 2021.
  35. Aleut Baidarka (Kayak)
  36. Richard S. Davis, R. A. Knecht. Continuity and Change in the Eastern Aleutian Archaeological Sequence
  37. Alaskool
  38. Aleut Basketry — Native American Netroots Архівавана 25 ліпеня 2021.
  39. All-weather fashion from the Aleuts
  40. ABOUT THIS ARTIFACT
  41. Unangax Chief’s Hat by Scott Jensen
  42. Hunting hat Архівавана 25 ліпеня 2021.
  43. TATTOOING & PIERCING AMONG THE ALASKAN UNANGAX (ALEUT)
  44. Aleut — Settlements
  45. Townsend, J. Ranked Societies of the Alaskan Pacific Rim // Senri Ethnological Studies. Vol. 4. 1980. P. 137.
  46. Кремлев, Н. Историческая социология в 3 ч. Часть 2. Аграрное общество. 2-е изд., испр. и доп. Учебное пособие для бакалавриата и магистратуры. — Москва: Юрайт, 2017. — С. 36.
  47. Aleut — Marriage and Family
  48. Мифология и фольклор алеутов (на материале труда святителя И. Вениаминова «Записки об островах уналашкинского отдела»)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 ліпеня 2021. Праверана 28 ліпеня 2021.
  49. The Unangan | Q Tribe — Qawalangin Tribe of Unalaska
  50. Танцевальный коллектив Камчатки стал лауреатом международного хореографического турнира(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 ліпеня 2021. Праверана 28 ліпеня 2021.
  51. Mask Архівавана 28 ліпеня 2021.
  52. Фольклор алеутов
  53. Религия алеутов
  54. Native American Legends: Agugux
  55. Margaret Lantis. THE ALASKAN WHALE CULT AND ITS AFFINITIES Архівавана 29 ліпеня 2021.
  56. Об алеутских демонах: Рассказ епископа Иннокентия (Вениаминова) о том, как жителям острова Уналашка являются дьяволы, а они их изгоняют
  57. Aleut Beliefs, 1880s
  58. Debra G. Corbett. Journeys to Hakaadan Kuyuudax, the Sky Worlds
  59. Shamans and Seal Oil: Health and Healing in Traditional Alaska Native Societies(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 ліпеня 2021. Праверана 29 ліпеня 2021.
  60. Fascinating Relics Smithsonian’s wide-ranging mummy collection still speaks to us from centuries past
  61. History — Aleutian Pribilof Islands Association
  62. «Истоки Православия на Аляске». Доклад митрополита Калужского и Боровского Климента на конференции «200 лет российско-американских отношений»
  63. THE SPREAD OF RUSSIAN ORTHODOXY IN ALASKA: IOANN VENIAMINOV AND IAKOV NETSVETOV