Абвінаваўчае заключэнне
Абвінава́ўчае заключэ́нне — працэсуальны дакумент, у якім выкладзена і абгрунтавана рашэнне следчага (або асобы, якая праводзіла дазнанне) аб фармулёўцы абвінавачання асобы, прыцягнутай да крымінальнай адказнасці. У ім падсумоўваюцца вынікі папярэдняга следства па справе, робіцца вывад пра ўчыненне злачынства пэўнай асобай, пра дастатковасць падстаў для судовага разгляду справы.
Складаецца з апісальнай і рэзалютыўнай частак. У апісальнай частцы выкладаецца сутнасць справы, у рэзалютыўнай змяшчаюцца звесткі пра абвінавачанага (абвінавачаных) і фармулёўка прад'яўленага абвінавачання са спасылкай на адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчы падпісвае абвінаваўчае заключэнне і разам са справай перадае пракурору, які зацвярджае абвінаваўчае заключэнне і накіроўвае справу ў суд ці вяртае яе для дадатковага следства або спыняе справу. Абвінаваўчае заключэнне ўручаецца абвінавачанаму не пазней як за 3 сут да судовага разгляду, што дае яму магчымасць азнаёміцца з доказамі і падрыхтавацца да абароны.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).