Скарб (манэтны)
Манэтны скарб — грашовая сума, выключаная з абарачэньня і схаваная ў патаемным месцы (часьцей за ўсё закапаная ў зямлі). У мінулым звычайны спосаб захаваньня грошай, якім карысталіся найчасьцей у неспакойныя часы.
Зьвесткі пра прыхаваньне грошай захоўваюцца ў крыніцах антычнага часу.
Манэтны скарб — адзін з найбольш распаўсюджаных фальклёрных сюжэтаў. Багата згадак пра скарбы маецца ў паданьнях і легендах.
У ВКЛ, паводле Статуту 1566 году знойдзены на сваёй зямлі манэтны скарб належаў таму хто яго знайшоў. Знойдзены скарб на чужой зямлі — дзяліўся пароўну паміж землеўласьнікам і тым хто яго знайшоў. Сьвядома знойдзены манэтны скарб належаў землеўласьніку. Скарб знойдзены на закладзенай зямлі належаў напалову таму, хто знайшоў, а другая палова дзялілася пароўну землеўласьнікам і тым хто ўзяў зямлю пад заклад.
Цяпер ўсе скарбы належаць дзяржаве, а таму хто яго знайшоў сплочваецца чвэрць ацэначнага кошту скарбу.
Манэтны скарб зьяўляецца гістарычным помнікам, які дае магчымасьць вызначыць склад грашовага абарачэньня, уяўленьне пра грашовыя вагавыя сыстэмы старажытных дзяржаваў. Дасьледваньне скарбу пачынаецца з вызначэньня яго ўтрыманьня і даты ўхаваньня, якая прымаецца за дату эмісіі самай малодшай манэты ў скарбе. Далейшыя навуковыя дасьледваньні праводзяцца нават не на адным знойдзеным манэтным скарбе, яны заснаваныя на навуковым вывучэньні і аналізе шматлікіх скарбаў у спалучэньні з тапаграфічнымі дадзенымі і пісьмовымі крыніцамі. Правільнае вывучэньне дазваляе ўзнавіць заканамернасьці і інтэнсіўнасьці грашовага абароту, узровень разьвіцьця і асноўныя кірункі эканамічнай, палітычнай і культурнай сувязі розных дзяржаваў.
На Беларусі выяўлена і апісана больш за 1100 манэтных скарбаў з антычных часоў да 20 стагодзьдя. Частка манэтных скарбаў захоўваецца ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, Менскім абласным краязнаўчым музэі, раённых музэях.
Першы навукова зарэгістраваны манэтны скарб на землях нашай дзяржавы — лічыцца Пінскі манэтны скарб 1804 году.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самым багатым манэтным скарбам у сьвеце лічыцца знойдзены ў 1714 годзе каля Мадэны (Італія) — 80 тысяч залатых манэт. Па колькасьці манэт (150 тысяч) самы багаты скарб знойдзены ў Брусэлі ў 1908 годзе.
На Беларусі самым багатым скарбам лічыцца Магілёскі скарб 1936 году — (476 дукатаў і двайных дукатаў 15—18 стагодзьдзяў, зь якіх да навукоўцаў патрапіла 466 манэт), схаваны ў 1790-я. Цяпер ён захоўваецца ў Эрмітажы.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Менск: БелЭн, 1993. — 702 с.: іл. ISBN 5-85700-077-7.
- Валянцін Рабцэвіч. Нумізматыка Беларусі. — Мн.: Полымя, 1995.