Рычард Фарыньня
Рычард Фарыньня | |
Richard Fariña | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Richard George Fariña Рычард Джордж Фарыньня |
Нарадзіўся | 8 сакавіка 1937 Бруклін, Нью-Ёрк, Злучаныя Штаты |
Памёр | 30 красавіка 1966 (29 гадоў) Кармэл, Каліфорнія, Злучаныя Штаты |
Сужэнец | Кэралін Гестэр[d] і Мімі Фарынья[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | навэліст, кампазытар, музыка |
Кірунак | контракультура/гіпі |
Мова | ангельская мова[1] |
Дэбют | «Столькі быў у дэпрэсіі, што стаў яе эталёнам» |
Рычард Фарыньня (Richard Fariña; 8 сакавіка 1937, Бруклін, Нью-Ёрк — 30 красавіка 1966, Кармэл, Каліфорнія) — амэрыканскі кампазытар, музыка, пісьменьнік кубінска-ірляндзкага паходжаньня. Быў славуты ў 1960-х як дзеяч контракультуры і фолк-сьпявак. Лічыцца адным з найбольш уплывовых дзеячоў, якія зрабілі ўнёсак у гіпі-культуру 1960-х і 1970-х гг. Аўтар аповесьці «Столькі быў у дэпрэсіі, што стаў яе эталёнам» (анг. Been Down So Long It Looks Like Up to Me), якая лічыцца адным з найвышэйшых дасягненьняў контркультуры 1960-х гг. Быў жанаты зь Мімі Баэз (сястрой фолк-сьпявачкі Джоан Баэз).
Раньнія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фарыньня нарадзіўся 8 сакавіка 1937 году ў Брукліне, Нью-Ёрк у сям’і кубінца Ліборыё Фарыньні і ірляндкі Тэрэзы Крозір (родам з Паўночнай Ірляндыі)[2]. Скончыўшы школу ў Брукліне, ён атрымаў стыпэндыю ва ўнівэрсытэце Карнэл(en), дзе тады выкладаў Уладзімер Набокаў. Спачатку Фарыньня вучыўся па спэцыяльнасьці тэхнічных навук, але пасьля перайшоў на спэцыяльнасьць ангельскай мовы, захапіўшыся літаратурай, не ў апошнюю чаргу праз уплыў лекцыяў Набокава. Робэрт Скоўлз, студэнт у Корнэле ў тыя гады, пазьней сьведчыў, што Фарыньня выказваў вельмі ўзьнёслыя ацэнкі творчасьці Набокава, у прыватнасьці аповесьці «Лаліта»[3]. Студэнтам Фарыньня пачаў публікаваць кароткія апавяданьні ў мясцовых літаратурных часопісах, а таксама ў часопісах «Transatlantic Review і Mademoiselle». У вучэльні Фарыньня пазнаёміўся з будучымі славутымі пісьменьнікамі Томасам Пінчанам, аўтарам «Вясёлкі гравітацыі»(en) (анг. Gravity’s Rainbow) і Дэвідам Шэцлінам. Аднойчы Фарыньня быў затрыманы ўладамі за ўдзел у дэманстрацыі супраць жорсткіх унівэрсытэцкіх правілаў. Дарма што яму было дазволена навучацца далей, ён сышоў з вучэльні ў 1959 годзе, перад самым заканчэньнем.
У сярэдзіне 1950-х гадоў Фарыньня таксама супрацоўнічаў з Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміяй (IRA), а пазьней з баявікамі Фідэля Кастра на Кубе[4].
Першы шлюб
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вярнуўшыся ў Нью-Ёрк, Фарыньня браў чынны ўдзел у жыцьці багемнае суполкі, што склалася вакол кавярні «Белы конь» (анг. White Horse Tavern). Кавярня была вядомым асяродкам контркультуры 1950-х і 1960-х гг., і яе ў розныя часы рэгулярна наведвалі Джэк Кэруак, Боб Дылан, Джым Морысан, Норман Мэйлер, а таксама шматлікія музычныя гурты. Тут Фарыньня пазнаёміўся з сусьветна вядомым ірляндзкім фолк-выканаўцам Томі Мэкэмам.
Таксама ў гэтай кавярні пісьменьнік пазнаёміўся з Кэралін Гэстэр, тады ўжо вядомай фолк-сьпявачкай. У іх пачаўся завірушны раман, і праз 18 дзён, 17 чэрвеня 1960 году, яны ажаніліся. Фарыньня стаўся агентам Гэстэр і яны пачалі езьдзіць па розных краёх з гастролямі: Фарыньня пісаў сваю аповесьць, а Гэстэр сьпявала на канцэртах. Фарыньня прысутнічаў пры запісе Гэстэр ейнага трэцяга альбому на «Columbia Studios» у верасьні 1961 году, дзе акампанэмэнт на гармоніку выконваў тады невядомы Боб Дылан. Фарыньня стаўся блізкім сябрам Дылана.
Другі шлюб
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увесну 1962 году падчас гастроляў па Эўропе Фарыньня пазнаёміўся з 16-гадовай Мімі Баэз — сястрой фолк-сьпявачкі Джоан Баэз. Неўзабаве Фарыньня разьвёўся з Гэстэр. Фарыньня і Мімі Баэз патаемна (бязь ведама бацькоў Мімі) ажаніліся ў Парыжы ў красавіку 1963 году. Мімі тады было 17 гадоў. Пасьля сканчэньня Мімі школы яны пераехалі ў Кармэль, Каліфорнія, дзе жылі побач з домам Джоан Баэз. Тут яны афіцыйна ажаніліся ў жніўні 1963 году і была зладжана афіцыйная цырымонія для чальцоў сям’і Баэз. Падкосьнікам на вясельлі быў Томас Пінчан.
Жывучы ў невялікім дамку ў Кармэле, Рычард і Мімі пісалі песьні. Мімі іграла на гітары, а Рычард на цытры. Упершыню яны выступілі на фолк-фэсьце ў Біг Сэр у 1964 годзе (анг. Big Sur Folk Festival), 1964), і былі заўважаныя прадстаўніком «Vanguard Records», які падпісаў зь імі кантракт.
У 1965 годзе яны запісалі першы альбом «Гімны шэрага дня» (анг. Celebrations For a Grey Day). У запісе ўдзельнічаў Брус Лэнгарн, які раней іграў з Бобам Дыланам. У тым жа 1965 годзе выйшаў другі альбом «Адбіткі ў крыштальным ветру» (анг. Reflections in a Crystal Wind). Праз сваё кароткае жыцьцё, Фарыньня пасьпеў запісаць адно тры альбомы, прытым трэці — «Успаміны» (анг. Memories) — выйшаў пасьмяротна, увосені 1968 году. Альбомы выходзілі пад брэндам «Рычард і Мімі Фарыньні» (анг. Richard and Mimi Fariña).
Аповесьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фарыньня таксама вядомы праз сваю аповесьць «Столькі быў у дэпрэсіі, што стаў яе эталёнам» (Been Down So Long It Looks Like Up to Me), якая выйшла ў 1966 годзе. Напісаная ў стылі «круцельскай аповесьці» кніжка падае шырокую карціну амэрыканскага жыцьця канца 1950-х — пачатку 1960-х. Дзеі адбываюцца на амэрыканскім Захадзе, на Кубе падчас рэвалюцыі, у нью-ёрцкім унівэрсытэце. Аповесьць добра вядома аматарам контркультуровай літаратуры 60-х. Томас Пінчан казаў пра аповесьць, як пра «пацешную, жудасную, сэксуальную, грунтоўную, маніакальную, прыгожую ды абуральную адначасна» (hilarious, chilling, sexy, profound, maniacal, beautiful and outrageous all at the same time). Па кніжцы быў зроблены фільм у 1971 годзе.
Скон
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]30 красавіка 1966 году, праз два дні па выхадзе аповесьці, Фарыньня наведаў аўтограф-сэсію ў кнігарні Thunderbird ў Кармэле. Крыху пазьней у той дзень, на сьвяткаваньні 21-га дня народзінаў Мімі, Фарыньня ўбачыў госьця з роварам «Гарлі» і папрасіў госьця пракаціць яго па дарозе ў даліне Кармэль. На адным з паваротаў кіроўца згубіў кантроль, ровар зваліўся на дарогу і праз плот вылецеў на поле. Кіроўца ацалеў, а Фарыньня імгненна памёр. Згодна з дадзенымі паліцыі, ровар імчаўся на хуткасьці 90 міляў за гадзіну (140 км/г), у той час як бясьпечная хуткасьць на гэтай дарозе была 30 міляў за гадзіну (48 км/г).
Рычард і Мімі пасварыліся незадаўга да паходу ў кнігарню на аўтограф-сэсію, бо Рычард не зрабіў Мімі падарунку ў гэты дзень, які быў днём яе народзінаў (на фатаздымках з сэсіі відаць, што Мімі ўсьміхаецца досыць напружана). Пазьней яна вернулася ў іх дом і знайшла букеты кветак, якія былі дастаўленыя па ягонай папярэдняй замове, падчас іхняга знаходжаньня на аўтограф-сэсіі.
Рычард Фарыньня быў пахаваны ў Мантэрэі, Каліфорнія. На ягонай магіле намаляваная пацыфіка. Сьмерці Фарыньні, журбе Мімі, ейнаму агаеньню і паўторнаму шлюбу прысьвечана песьня Джоан Баэз «Sweet Sir Galahad».
Уплыў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Творчасьць Фарыньні зрабіла вялікі ўнёсак у разьвіцьцё амэрыканскай і сусьветнай музыкі і культуры гіпі. Некаторыя песьні Фарыньні былі прысьвечаныя палітычным тэмам, і ён лічыўся сьпеваком-змагаром (protest singer), як Боб Дылан. Ягоныя найбольш вядомыя песьні — гэта «Pack Up Your Sorrows» і «Birmingham Sunday» (прысьвечаная падрыву Ку-Клукс-Кланам царквы ў Бірмінггэме, Алабама 15 верасьня 1963 году, у выніку чаго загінулі чатыры дзяўчыны). «Birmingham Sunday» стала галоўнай песьняй дакумэнтальнага фільму «4 Little Girls» 1997 году, прысьвечанага гэтай трагедыі.
Некаторыя крытыкі лічылі Фарыню адным з найлепшых талентаў, якія вырасьлі зь нью-ёрскай фолк-музычнай школы. Крытык Эд Ўорд казаў: «Калі б Рычард ацалеў у тым няшчасьці з роварам, ён лёгка мог бы супарнічаць з Дыланам».
Адметнасьці музыкі Фарыньні — спалучэньне лацінаамэрыканскіх, кельцкіх (ірляндзкіх) і амэрыканскіх блюзавых матываў — зрабілі вялікі ўплыў на фолк і рок-гурты Амэрыкі і Эўропы, такія як Fairport Convention і The Doors. Многія адметнасьці музычнага стылю, тэкстаў і гучаньня The Doors былі ўпершыню вынайшаны Фарыньням.
Дадатковыя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аповесьць Рычарда Фарыньні «Been Down So Long It Looks Like Up to Me» стала культавай клясычнай кнігай сярод аматараў гіпі-культуры 1960-х і 70-х.
- Песьня The Doors з альбому L.A. Woman — «Been Down So Long» — прысьвечана аповесьці Фарыньні «Been Down So Long It Looks Like Up to Me».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Richard Fariña (анг.)
- ^ Richard Fariña: Been Down So Long It Looks Like Up To Me; New York: Random House, April 28, 1966. (анг.)
- ^ Richard Fariña // Encyclopædia Britannica (анг.)