[go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Насаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Насаў
Дата заснаваньня: 1695
Краіна: Багамы
Плошча:
  • 207 км²
Вышыня: 34 м н. у. м.
Насельніцтва:
  • 274 400 чал. (2016)
Тэлефонны код: 242
Геаграфічныя каардынаты: 25°4′41″ пн. ш. 77°20′19″ з. д. / 25.07806° пн. ш. 77.33861° з. д. / 25.07806; -77.33861Каардынаты: 25°4′41″ пн. ш. 77°20′19″ з. д. / 25.07806° пн. ш. 77.33861° з. д. / 25.07806; -77.33861
Насаў на мапе Багамскіх астравоў
Насаў
Насаў
Насаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.nassauparadiseisland.com/

На́саў (па-ангельску: Nassau) — сталіца і найбуйнейшы горад Багамаў. Горад разьмешчаны на востраве Нью-Провідэнс, а ягонае насельніцтва ў 2010 годзе складала 246 329 чалавек, або крыху больш за 70 % ад усяго насельніцтва краіны[1]. У красавіку 2023 года папярэднія вынікі перапісу насельніцтва Багамскіх астравоў 2022 году паведамлялі пра колькасьць насельніцтва вострава ў 296 522 чалавекі, што складае 74,26 % насельніцтва краю[2]. Насаў звычайна вызнаецца як галоўны горад краіны, які значна пераўзыходзіць усе іншыя гарады. Гэта цэнтар палітыкі, гандлю, адукацыі, права і СМІ краіны.

Горад быў заснаваны ў 1670 годзе брытанскай шляхтай, якія прывезьлі сюды брытанскіх пасяленцаў. Яны пабудавалі форт і назвалі яго Чарлз-Таўнам у гонар караля Ангельшчыны Карла II[3]. У гэты час адбываліся частыя войны з гішпанцамі, і паселішча часта выкарыстоўваўся ў якасьці базы дзеля барацьбы зь імі. У 1684 годзе форт быў спалены дашчэнту падчас аднаго з набегаў. У 1695 годзе яго аднавілі, дзякуючы намаганьням губэрнатара Нікаласа Трота. Новы горад быў пераназваны ў Насаў у гонар караля Вільгэльма III, які паходзіў з дому Насаў. Вільгэльм быў галяндзкім штатгальтарам, а з 1689 году яшчэ быў каралём Ангельшчыны, Шатляндыі і Ірляндыі. Назва Насаў у канчатковым рахунку паходзіць ад гораду Насаў, які месьціцца ў Нямеччыне[4].

Ўэсьліянская капліца і памяшканнье місіі ва ўсходняй акрузе Нью-Провідэнс блізу 1849 году.

Пасьля Трота места чакала цяжкі час. У 1703 годзе гішпанцкія і францускія войскі ненадоўга занялі Насаў. Пагатоў, Насаў моцна пацярпеў падчас вайны за гішпанскую спадчыну і стаў сьведкам гішпанскіх уварваньняў у 1703, 1704 і 1706 гадах. З 1703 па 1718 гады ў калёніі бракавала прызначанага губэрнатара. Томас Ўокер быў апошнім прызначаным чыноўнікам на востраве, і не зважаючы на брак доказаў, здаецца, што ён выконваў ролю намесьніка губэрнатара па прыбыцьці Бэнджаміна Горніголда ў 1713 годзе. Да гэтага часу малазаселеныя Багамскія астравы сталі пірацкім прытулкам, вядомым як Нью-Провідэнс. Паводле некаторых згадак на сёньня зразумела, што ў Насаў жыло больш за тысячу піратаў і што іхная колькасьць перавышала колькасьць сталых жыхароў гораду. У выніку Насаў быў агалошаны Пірацкай рэспублікай. Гавань Насаў была адмыслова пабудаваная дзеля абароны і магла прыняць каля 500 караблёў, але яна была занадта дробнай, каб сюды маглі зайсьці вялікія чоўны. Бэнджамін Горніголд поруч з сваім вялікім канкурэнтам Гэнры Джэнінгсам стаў неафіцыйным уладаром рэспублікі, а ў месьце паўстала гэтак званая Лятучая банда. Іншымі вядомымі піратамі, якія бавалі час у Насаў, былі Чарлз Вэйн, Томаса Бароў (які абвесьціў сябе «губэрнатарам Нью-Провідэнсу»)[5], Каліка Джэк Рэкгэм, Эн Боні, Мэры Рыд і Эдўард Тыч, больш вядомага як Чорная барада.

У 1718 годзе брытанскі ўрад імкнуўся вярнуць кантроль над астравамі і прызначыў капітана Ўудса Роджэрза каралеўскім губэрнатарам. Ён пасьпяхова здушыў выступы піратаў, рэфармаваў цывільную адміністрацыю і аднавіў гандаль. Роджэрз ачысьціў Насаў і аднавіў форт, выкарыстоўваючы ўласнае багацьце. У 1720 годзе гішпанцы зрабілі чарговы напад на Насаў, але ня далі рады ані з захопам гораду, ані з захопам востравам агулам[6]. Падчас войнаў у Трынаццаці калёніях Насаў перажыў эканамічны ўздым. Тут быў пабудаваны новы форт, усталяваны вулічныя ліхтары і ўзьведзена больш за 2300 раскошных дамоў, а сам горад быў пашыраны. Акрамя гэтага, былі засыпаныя камарыныя балоты. У 1776 годзе наступствам бітвы пры Насаў стала кароткая акупацыя места амэрыканскімі кантынэнтальнай марской пяхотай за час вайны за незалежнасьць ЗША. У 1778 годзе пасьля начнога ўварваньня амерыканскія рэйдэры на чале з капітанам Ратбанам сышлі з караблямі, порахам і прыпасамі з Насау пасьля двух тыдня адпачынку. У 1782 годзе Гішпанія ў апошні раз захапіла Насаў, калі генэрал-губэрнатар Кубы дон Хуан дэ Кахігаль атакаваў Нью-Провідэнс з 5-ю тысячамі жаўнераў. У красавіку 1783 году Эндру Дэво вярнуў востраў брытанскай кароне, маючы ўсяго 220 чалавек і 150 мушкетаў.

За час Грамадзянскай вайны ў ЗША Насаў служыў портам для прарывальнікаў блякады, якія прабіваліся з партоў уздоўж паўднёвага ўзьбярэжжа Атлянтычнага акіяну дзеля працягу гандлю з Канфэдэрацыяй. У 1920-я і 1930-я гады Насаў значна зарабіў грошаў у сувязі з забаронаў на продаж алькаголю ў ЗША. За часам Другой сусьветнай вайны на Насаў базаваліся караблі амэрыканскай берагавой аховы, якія змагаліся з падводнымі чоўнамі Крыгсмарынэ. З Кубінскай рэвалюцыяй 1959 году турызм яшчэ больш выйграў праз абмежаваньні, накладзеныя на наведваньне Кубы грамадзянамі ЗША. Дзякуючы свайму разьмяшчэньню Насаў і сёньня наведвае шмат турыстаў з ЗША[7]. З 1968 года ў Насаў месьцілася рэзідэнцыя прэм’ер-міністра самакіравальнай тэрыторыі. У 1973 годзе была абвешчаная незалежная дзяржава Багамскіх астравоў, а Насаў сталася ейнай сталіцай.

Вялікія лайнэры ў порце Насаў.

Гавань Насаў, разьмешчаная на востраве Нью-Провідэнс, спалучае старую каляніяльную архітэктуру і ажыўлены порт. Трапічны клімат і прыроднае асяродзьдзе Багамскіх астравоў зрабілі Насаў прывабным турыстычным напрамкам. Сам горад разьвіваўся беспасярэдне па-за партовай зоны. Рэльеф вострава ўяўляе сабой адносна роўную і нізінную зямлю, перасечаную невысокімі хрыбтамі, але аніводны зь іх не замінаў засяленьню. У цэнтры вострава ёсьць некалькі неглыбокіх азёраз, злучаных паміж сабой пратокамі.

Блізкасьць гораду да ЗША, гэтак ён стаіць усяго за 290 км на паўднёвы-ўсход ад Маямі, спрыяла ягонай папулярнасьці як курорту, асабліва пасьля таго, як ЗША ўвялі забарону на паездкі на Кубу ў 1963 годзе. Дзякуючы гэтаму ў турыстычным бізнэсе працуюць больш за 6 тысячаў багамцаў, такім чынам занятасьць у гэтым сэктары саступае толькі ўрадавым працоўным месцам.

Насаў мае трапічны мусонны клімат на мяжы з трапічным саванным кліматам. У горадзе звычайна гарачае вільготнае лета і мяккая сухая зіма[8][9]. Тэмпэратуры адносна стабільныя цягам усяго году. У вільготны сэзон з траўня па кастрычнік сярэднія дзённыя тэмпэратуры складаюць 30—32 °C, у той час як у сухі сэзон зь лістападу па красавік дзённыя тэмпэратуры складаюць ад 25 да 27 °C, рэдка апускаючыся ніжэй за 15 °C.

 Кліматычныя зьвесткі для Насаў 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 31,5 31,8 33,0 34,5 35,3 36,5 36,0 35,9 35,2 34,5 33,4 31,7 36,5
Сярэдні максымум t, °C 26,1 26,6 27,2 28,7 30,2 31,8 32,7 32,8 32,2 30,6 28,3 26,8 29,5
Сярэдняя t, °C 22,2 22,4 23,1 24,6 26,2 28,1 28,9 28,9 28,3 27,1 24,7 23,2 25,6
Сярэдні мінімум t, °C 18,2 18,5 19,1 21,0 22,4 24,2 25,0 25,0 24,7 23,6 21,2 19,6 21,9
Абсалютны мінімум t, °C 7,9 8,5 9,8 12,6 14,5 17,7 20,6 19,0 18,9 15,0 12,7 9,7 7,9
Норма ападкаў, мм 45 48 54 74 139 220 158 211 196 151 87 43 1426
Крыніца: «Means & extreme values of climatic elements 1991—2020». Bahamas Department of Meteorology.

Гарадзкое ўладкаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мапа Насаў 1884 году.
Лесьвіца каралевы.

Цягам XIX стагодзьдзя Насаў пачаў урбанізавацца, прыцягваючы сельскіх жыхароў. Пачынаючы з 1950-х горад значна пашырыўся. Сэрцам Насаў 1788 году зважаюцца ўсяго некалькі кварталаў будынкаў паміж Домам урада і гаваньню, але горад паступова пашыраўся на ўсход да парку Малькольма, на поўдзень да Ўулф-роўд і на захад да вуліцы Насаў. Грантс-Таўн і Бэйн-Таўн на поўдзень ад гораду сталі жылымі раёнамі дзеля пераважна асобаў афрыканскага паходжаньня. Раней гэта была самая густанаселеная частка места.

Залесьнікі эўрапейскага паходжаньня традыцыйна будавалі дамы ўздоўж берага на ўсход да форту Мантэгю, на захад да Сондерз-Біч і ўздоўж хрыбту, які акаймоўвае горад. Цягам XX стагодзьдзя горад буйнеў, рушыўся на ўсход да Віладж-Роўд і на захад да Форт-Шарлат і Оўкс-Філд. Гэтае паўкола жылой забудовы было асноўнай зонай паселішча да заканчэньня Другой сусьветнай вайны. Заможныя жыхары працягвалі будаваць дамы на ўсход і захад ад гораду.

Цэнтар гораду прыцягвае турыстаў. Тысячы людзей наведваюць яго штодня, каб зрабіць закупы, падсілкавацца ды агледзець славутасьці. У той час як самая ажыўленай часткай цэнтру зважаецца вуліца Бэй-стрыт і алея Ўудс-Роджэрз-Ўолк, разьмешчаныя праз дарогу ад порту і паралельна Бэй-стрыт, тэрыторыя цэнтральнага кварталу, насамрэч, распасьціраецца на некалькі кварталаў у кожны бок.

Гатэльны комплекс у Насаў.

На пачатку вуліцы Бэй-стрыт месьціцца гатэль Брытыш-Калоніял. Пірацкі музэй Насаў знаходзіцца насупраць будынку Брытыш-Калоніял-Гілтан. На наступных некалькіх кварталах Бэй-стрыт месьцяцца крамы і рэстараны. Тут жа месьцяцца і некаторыя гістарычныя славутасьці, як то Хрыстова катэдра і гарадзкая бібліятэка. Саламяны рынак — знаны турыстычны аб’ект у цэнтры гораду. Новы будынак рынку быў адкрыты ў 2011 годзе, бо пажар 2001 году цалкам зьнішчыў гістарычную пабудову. На рынку можна знайсьці некалькі багамскіх рамесных крамаў[10].

Кэйбл-біч зважаецца гатэльным раёнам Насаў. Тут пабудаваныя некалькі гасьцёўняў, дзьве зь якіх працуюць паводле сыстэмы «ўсё ўключана». Раён славіцца сваімі рэстаранамі, большасьць зь якіх разьмешчаныя наўпрост у гатэлях альбо насупраць іх. У гэтым раёне працуюць казіно, а таксама ёсьць гульнявы і канфэрэнц-цэнтры, якія зважаюцца найбуйнешымі ў карыбскім рэгіёне.

  1. ^ «New Providence 2010 Census of Population and Housing». Government of The Bahamas.
  2. ^ «Census of Population and Housing 2022 Preliminary Results». Commonwealth of The Bahamas. — С. 3.
  3. ^ «History of New Providence». The Bahamas Guide.
  4. ^ Marley, David (2005). «Historic Cities of the Americas: An Illustrated Encyclopedia». ABC-CLIO. — С. 6. — ISBN 1-57607-027-1.
  5. ^ Headlam, Cecil (1930). «America and West Indies: July 1716». British History Online (Vol 29 ed.). London: His Majesty’s Stationery Office. — С. 139—159.
  6. ^ Little, Bryan (1960). «Crusoe’s Captain». Odhams Press. — С. 193—194.
  7. ^ «Frequently Requested Tourism Statistics Brochure 2019». Tourism Today.
  8. ^ «Nassau, The Bahamas Köppen Climate Classification». Weatherbase.
  9. ^ Muller, M. J. (6.12.2012). «Selected climatic data for a global set of standard stations for vegetation science». Springer Science & Business Media. — ISBN 9789400980402.
  10. ^ Ingraham, Hubert. «Remarks: A Celebration of Bahamian Imagination & Ingenuity». The Government of The Bahamas.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]