[go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Лазар Богша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Лазар Богша

лац. Łazar Bohša
Дата нараджэньня XII стагодзьдзе
Занятак ювэлір
Гады дзейнасьці XII стагодзьдзе
Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Манэта Нацыянальнага банка Беларусі. 2007 г.

Ла́зар Бо́гша — полацкі майстар-ювэлір XII стагодзьдзя, вольны рамесьнік.

У 1161 годзе для Саборнай царквы Спаскага манастыра стварыў шэдэўр[1] рускага мастацтва — напрастольны крыж Эўфрасіньні Полацкай. Мастацкія асаблівасьці крыжа сьведчаць пра повязі з традыцыямі кіеўскай ювэлірнай школы.

Імя майстра захавалася ў надпісе, пакінутым ім на адваротным боку крыжа:

« Г[оспод]и, помози рабоу своему Лазорю, нареченомоу Богъши, съделавшемоу крьстъ сии црькви стаго Спаса и Офросиньи »

Дакладная дата стварэньня вырабу і пазначэньня імя аўтара ёсьць рэдкім выняткам для мастацтва таго пэрыяду. Некалькі ананімных работ таго пэрыяду паводле тэхнікі вырабу таксама залічваюць да твораў Лазара Богшы (напрыклад, мэдальён барм нагруднага княскага упрыгожваньня з Кіеўскага скарбу 1824 году, апісаны Нікадзімам Кандаковым), якія лічацца найлепшымі ўзорамі эмалевага мастацтва Русі.

Існуюць работы больш позьняга пэрыяду, створаныя ў традыцыях Лазара Богшы — іх залічваюць да твораў яго вучняў.

Выказваліся здагадкі, што паводле паходжаньня Лазар мог быць выхадцам з Паўднёва-Заходняй Русі[2] або з заходніх славянаў[3].

Мяркуецца, што Лазар — гэта імя, атрыманае ім у хрышчэньні, а Богша — скарачэньне ад паганскага імя Багуслаў, пашыранага ў заходніх славянаў у XII стагодзьдзі. Датычна таго, дзе ён пазнаёміўся з мастацтвам перагародкавай эмалі, называюцца як Бізантыя, так і Грузія (першая з краінаў, якая пераняла зь Бізантыі гэтае мастацтва). Да моманту стварэньня крыжа на заказ княгіні Эўфрасіньні майстар быў не малады — надпісы на крыжы блізкія да датаваных надпісаў 1130-х гадоў і мяркуецца, што Лазар засвоіў манеру пісьма ў сваёй юнацкасьці і карыстаўся ёю ўсё жыцьцё.

  1. ^ Богша Лазарь // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 67. — 737 с.
  2. ^ Тихомиров М. Н. Старажытнарускія гарады = Древнерусские города. — М.: 1946. — С. 85.
  3. ^ Толстой И., Кондаков Н. Рускія старажытнасьці ў помніках мастацтва = Русские древности в памятниках искусства. — СПб.: 1899. — С. 170.
  • Алексеев Л. В. Лазар Богша - майстар-ювелір 12 ст. = Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в // Сов. археология. — 1957. — № 3.