[go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Бітва на Ізэры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бітва на Ізэры
Уцёкі немцаў ад бэльгійскага войска ў бітве на Ізэры
Дата: 16–31 кастрычніка 1914
Месца: Ізэр, Бэльгія
Вынік: Перамога хаўрусьнікаў
  • Зьяўленьне Ізэрскага фронту
Супернікі
Бэльгія Бэльгія
Сьцяг Францыі Францыя
Сьцяг Вялікабрытаніі Вялікабрытанія
Нямецкая імпэрыя Нямеччына
Камандуючыя
Сьцяг Бэльгіі Кароль Альбэрт I
Сьцяг Бэльгіі Эміле Дасэн
Сьцяг Бэльгіі Агюстэн Мішэль
Сьцяг Бэльгіі Альфонс Жак
Сьцяг Францыі П’ер Алексыс Ранарк
Сьцяг Вялікабрытаніі Горас Гуд
Сьцяг Нямеччыны Альбрэхт Вюртэмбэрскі
Сьцяг Нямеччыны Ганс фон Бэзэлер
Колькасьць
Бэльгія: 65 000 чалавек
Францыя: ?
(1 дывізія пяхоты,
1 брыгада марскіх фузылёраў)
6 корпус (12 дывізіяў)
Страты
Бэльгія: 40 000
Францыя: 15 000
76 250

Бі́тва на Ізэ́ры (па-француску: Bataille de l'Yser, па-нідэрляндзку: Slag om de IJzer) — бітва ў часе Першай сусьветнай вайны, якая адбылася ў кастрычніку 1914 року паміж бэльгійскімі местамі Ньюпорт і Дыксмэйдэ уздоўж ракі Ізэр[1]. Бэльгійскае войска здолела цаной вялікіх стратаў спыніць прасоўваньне немцаў, упершыню пасьля ўварваньня кайзэраўскай Нямеччыны ў Бэльгію замацаваўшы лінію фронту па Ізэры пасьля таго, як пад кантролем немцаў апынулася 95% тэрыторыі Бэльгіі. Дзякуючы перамозе ў бітве Бэльгія здолела ўтрымаць кантроль над рэштай сваёй тэрыторыі, а кароль Альбэрт стаў нацыянальным героем бэльгійцаў.

2 жніўня 1914 Бэльгія адмовілася прапусьціць нямецкія войскі праз сваю тэрыторыю. Пасьля гэтага 4 жніўня Нямеччына напала на сваю суседку вялізнымі сіламі[2]. Ня маючы падтрымкі ад Францыі і Вялікабрытаніі, бэльгійская армія пачала адыход да Антвэрпэну. Бэльгійскі ўрад пераехаў туды ж, пакінуўшы сталіцу без абароны; 20 жніўня Брусэль бяз бою быў заняты нямецкімі войскамі. 24 жніўня паў Намюр.

У кастрычніку пасьля атакі немцаў на некалькі фортаў вакол Антвэрпэну бэльгійскае войска са стратамі працягнула адступленьне. 9 кастрычніка горад здаўся, ягоны 33-тысячны гарнізон (к. ⅓ бэльгійскай арміі) адышоў у Нідэрлянды, дзе быў інтэрнаваны[3].

Адначасна з аблогай Антвэрпэну нямецкія войскі разьбілі французаў на граніцы з Бэльгіяй (7 жніўня — 13 верасьня) і адагналі іх у паўднёвым напрамку. Сэрыя ўзаемных спробаў француска-брытанскай і нямецкай арміяў абысьці паўночны флянг ворага вылілася ў бег да мора празь Пікардыю, Артуа ды Фляндрыю, які скончыўся на паўночнаморскім узьбярэжжы Бэльгіі, дзе заставаліся рэшткі бэльгійскіх войскаў з Антвэрпэну[4].

Здача Антвэрпэну і адступленьне хаўрусьнікаў.

11 кастрычніка, з падыходам немцаў да Генту, бэльгійскі гарнізон пакінуў места і далучыўся да рэгулярнага войска. Пасьля гэтага ў Гент зайшла нямецкая армія.

Да 18 кастрычніка бэльгійскія, брытанскія і францускія войскі на поўначы Францыі і ў Бэльгіі стварылі абарончую лінію ад Ля-Басэ да Дыксьмёйдэ[5].

Пляны нямецкага наступу па Фляндрыі і поўначы Францыі.

14 кастрычніка пасьля працяглага адступленьня бэльгійская армія пачала акопвацца ўздоўж Ізэру, Хаўрусьнікі забясьпечвалі марскую падтрымку пад кіраўніцтвам брытанскага адмірала Гораса Гуда.

Паводка на Ізэры, заходняя Бэльгія.

16 кастрычніка немцы атакавалі Дыксьмёйдэ, але бэльгійцы і французы зь вялікімі стратамі здолелі адстаяць места. Палкоўнік Альфонс Жак за сваю ролю ў абароне гораду пазьней атрымаў тытул «дэ Дыксьмёйдэ». 18 кастрычніка нямецкі наступ адкінуў хаўрусьнікаў ад Ньюпорту да Арасу (Францыя), намагаючыся таксама пазбавіць брытанцаў прахону да Кале, Булёні і Дункерку. Немцы, ня лічачыся са стратамі, прарвалі бэльгійскую абарону, захапілі Кэем, Шур і часткова Манэкэнсвэрэ і выйшлі да Ізэру, нягледзячы на агнявую падтрымку ад ангельска-францускае флятыліі.

21 кастрычніка нямецкія войскі пад ударамі францускай 42-й дывізіі ўсё ж стварылі на заходнім беразе ракі невялікі пляцдарм, адкуль бамбавалі Дыксьмёйдэ. Бэльгійская армія пачала падрыхтоўку да затапленьня тэрыторыі паміж Ізэрам і прытокамі, каб спыніць наступ ворага. Уночы 26-29 кастрычніка падчас прыліваў шлюзы былі адкрытыя, паступова ўзровень вады падняўся на тэрыторыі даўжынёй 1,6 км, на поўдні дасягнуўшы Дыксьмёйдэ[6].

30 кастрычніка немцы правялі яшчэ адзін наступ на Ізэры, прарвалі другую лінію абароны бэльгійцаў і дайшлі да Рамскапэлі і Пэрвэйзэ[7]. Контратакай бэльгійска-францускае войска адбіла Рамскапэлю. Пасьля гэтага на затопленай тэрыторыі ваенныя дзеяньні праводзіць было немагчыма, і немцы адышлі ўночы на 31 кастрычніка[8]. 10 лістапада паў Дыксьмёйдэ.

Нямецкае войска ня здолела канчаткова перамагчы Бэльгію, абарона якой апошняга лапіку зямлі ўздоўж мора спыніла бег да мора і пэрыяд актыўных сутыкненьняў. Лінія фронту стабілізавалася ўздоўж ракі Ізэр і ўтрымлівалася бэльгійскім войскам да 1918 року зь нязначнымі зьменамі.

Страты нямецкіх войскаў ў пэрыяд 18 кастрычніка — 30 лістапада ацэньваюцца ў к. 76 250 чалавек[9]. Бэльгійская армія панесла меншыя страты, хоць усё ж значныя — каля 20 000 чалавек[10].

  1. ^ Barton 2005. С. 17.
  2. ^ Falls 1959. С. 41.
  3. ^ Dumoulin et al. 2005. С. 93.
  4. ^ Doughty 2005. С. 103—104.
  5. ^ Edmonds 1925. С. 117–119, 125.
  6. ^ Edmonds 1925. С. 257.
  7. ^ Edmonds 1925. С. 300.
  8. ^ Edmonds 1925. С. 300–301.
  9. ^ Edmonds 1925. С. 468.
  10. ^ Sheldon 2010. С. 91.
  • Barton, P. Doyle, P.; Vandewalle, J. Beneath Flanders Fields: the Tunnellers' War, 1914–1918. — Staplehurst: Spellmount, 2005. — ISBN 0-7735-2949-7
  • R. A. Doughty Pyrrhic Victory: French Strategy and Operations in the Great War. — Cambridge, MA: Belknap Press, 2005. — ISBN 0-67401-880-X
  • M. Dumoulin, E. Gerard,M. Van den Wijngaert, V. Dujardin Nouvelle Histoire de Belgique. — Brussels: Éd. Complexe, 2005. — Т. II: 1905–1950. — ISBN 2-8048-0078-4
  • J. E. Edmonds Military Operations France and Belgium, 1914: Antwerp, La Bassée, Armentières, Messines and Ypres October–November 1914. — 1. — London: Macmillan, 1925. — Т. II. — (History of the Great War Based on Official Documents by Direction of the Historical Section of the Committee of Imperial Defence).
  • C. Falls The Great War 1914–1918. — New York: Putnam, 1959.
  • J. Sheldon The German Army at Ypres 1914. — 1. — Barnsley: Pen and Sword Military, 2010. — ISBN 978-1-84884-113-0

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]