.22 Short
.22 Short | |
---|---|
Тып патрона: | дробнакалібравы пісталетны набой, кальцавога ўзгараньня |
Гісторыя вытворчасьці: | |
Вытворца: | КПЗ |
Гады вытворчасьці: | з 1857 |
Характарыстыкі: | |
Даўжыня патрона, мм: | 17,4 |
Сапраўдны калібр кулі, мм: | 5,7 (0,223 цалі) |
.22 Short (.22 Шорт, .22 Kurz, .22 Курц) — дробнакалібравы ўнітарны патрон кальцавога ўзгараньня 22-га калібру (5,6 мм), адзін з найменш магутных у сваёй клясе.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Патрон .22 Short — найстарэйшы патрон з усіх патронаў, якія цяпер вырабляюцца. Быў створаны прыкладна ў 1857 годзе амэрыканскай зброевай фірмай Smith & Wesson для рэвальвэра Smith and Wesson Model 1. У першыя гады патрон менаваўся проста .22 (г. зн. меў калібр 0,22 дзюйма), але пасьля зьяўленьня ў 1871 годзе даўжэйшага патрона .22 Long ён атрымаў сваё цяперашняе найменьне short, г. зн. «кароткі». Назва адпавядае вонкаваму выгляду гэтага сапраўды малюсенькага боепрыпасу — даўжыня патрона ўсяго 17,5 мм. Аднак гэты патрон можа пры энэргіі 95 Дж разьвіць хуткасьць 319 м/с.
Патрон быў першапачаткова прызначаны для малагабарытных рэвальвэраў, якія служылі сродкам самаабароны. Аднак пад яго зьявілася шмат мадэляў і доўгай зброі.
У першыя гады ён выпускаўся з зарадам з дымнага пораху. Усьлед за вынаходніцтвам бяздымнага пораху ў 1887 годзе, гэты тып патрона атрымаў у спартовых стралковых колах самае шырокае распаўсюджваньне.
Асаблівасьці і ўжываньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу].22 Short — маламагутны патрон. Аддача пры стральбе ім практычна не адчуваецца. Пачатковая хуткасьць кулі ў яго невялікая, звычайна ў межах 320—350 м/с, што прыкладна роўна хуткасьці шроту паляўнічай стрэльбы. Адсутнасьць аддачы, адносна слабы гук стрэлу (пры выкарыстаньні глушыцеля, гук стрэла амаль ня чутны) і малая дальнасьць палёту кулі робяць гэты патрон прыдатным для пачатковага навучаньня стральбе, напрыклад у школьных тырах. Патрон .22 Short апынуўся моцна пацесьнены патронам .22 Long Rifle, але па-ранейшаму ўжываецца даволі шырока.
Ён выпускаецца пераважна са сьвінцовай безабалонкавай куляй, аднак існуюць варыянты і з амяднённай куляй (мае ў галаўной частцы экспрэсную пустэчу). Зрэшты, для паляваньня ён падыходзіць дрэнна — дульная энэргія кулі дастатковая толькі для стральбы жывёл, ня большых за буйнага пацука, хаця ў прынцыпе, гэтым патронам можна біць птушку. Аднак эфэктыўная далёкасьць стральбы — максымум 50 мэтраў — абмяжоўвае яго ўжываньне па птушцы. Таму асноўная ніша патрона .22 Short — спартовая стральба.
Патронам .22 Short пры неабходнасьці можна страляць з зброі пад даўжэйшыя патроны сямейства .22 зь мінімальнымі стратамі, паколькі дыямэтар кулі ў яго, як і ў даўжэйшых «субратаў» такі жа, як і ў гільзы. Паляўнічыя часам у якасьці змушанага захаду ўжываюць яго пры здабычы пушнога зьвера, устаўляючы яго ў «мялкашкі» (напрыклад, стрэльбу ТОЗ-8) разьлічаныя на патрон .22 Long Rifle.
У продажы патрон .22 Short знайсьці нескладана — яго вырабляе большасьць зброевых фірмаў. Кошт яго вельмі невялікі, што яшчэ больш падвышае яго значэньне як масавага вучэбнага боепрыпасу.