Панама
Пана́ма, Рэспубліка Панама (ісп.: República de Panama) — краіна ў Цэнтральнай Амерыцы, самая паўднёвая краіна рэгіёну. Мяжуе з Коста-Рыкай на захадзе і Калумбіяй на ўсходзе, з поўдня абмываецца Ціхім акіянам, а з поўначы — Карыбскім морам. Сталіца — Горад Панама. Выключна выгоднае эканоміка-геаграфічнае становішча на Панамскім перашыйку на стыку дзвюх Амерык паспрыяла таму, што менавіта ў Панаме ў пачатку XX ст. быў збудаваны суднаходны канал паміж Ціхім і Атлантычным акіянамі. Канал фактычна прынёс Панаме незалежнасць і ўжо больш як 100 гадоў служыць асноўнай крыніцай даходаў.
| |||||
Дэвіз: «Pro Mundi Beneficio (лац. "На выгоду свету")» | |||||
Гімн: «Himno Istmeño» | |||||
Дата незалежнасці | 3 лістапада 1903 года (ад Калумбіі) | ||||
Афіцыйная мова | іспанская | ||||
Сталіца | Панама | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Панама | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт |
Рыкарда Марцінэлі Хуан Карлас Варэла | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
115-я ў свеце 75 517 км² 2,9 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Шчыльнасць |
3 753 142[1] чал. 49,5 чал./км² | ||||
ВУП • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$99,430 млрд [2] (86-ы) $24300 | ||||
Валюта | Панамскі бальбоа; Панамскі долар | ||||
Інтэрнэт-дамен | .pa | ||||
Код ISO (Alpha-2) | PA | ||||
Код ISO (Alpha-3) | PAN | ||||
Код МАК | PAN | ||||
Тэлефонны код | +507 | ||||
Часавыя паясы | -5 |
Этымалогія
правіцьПершая версія: ад дрэва Sterculia apetala, вядомага як «дрэва панама»; паводле другой версіі, ад індзейскага слова «матылёк» — першыя пасяленцы з Еўропы прыбылі ў жніўні, калі ўзбярэжжа кішыць матылькамі; згодна з трэцяй версіяй, «панама» азначае месца, багатае рыбай.
Геаграфічнае становішча
правіцьТранскантынентальная дзяржава: размешчана ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы на Панамскім перашыйку паміж Карыбскім морам і Ціхім акіянам, мяжуе з Коста-Рыкай на захадзе і Калумбіяй на ўсходзе. У Ціхім акіяне Панамме належаць астравы Койба і Жамчужныя астравы
Прырода
правіцьРэльеф Панамы пераважна горны. З захаду заходзіць як бы хвосцік Кардыльераў (Цэнтральная Кардыльера), на ўсходзе ўздымаюцца працягі хрыбтоў калумбійскіх Анд. Хрыбет у зоне Панамскага канала моцна эрадаваны. Найвышэйшы пункт — вулкан Бару (3475 м), які знаходзіцца ў правінцыі Чырыкі на захадзе краіны.
Клімат субэкватарыяльны; з траўня па студзень цягнецца сезон дажджоў, са студзеня па май — сухі сезон. У вільготны сезон, ды і ўвогуле на працягу года высокая вільготнасць, воблачнасць. Тэрыторыю Панамы закранаюць моцныя ўраганы.
Самая працяглая рака — Чагрэс, з рукатворным возерам Гатун ў сваёй даліне (1907—1913 пабудовы), што ўваходзіць у сістэму Панамскага канала. Найбуйнейшая рака басейна Ціхага акіяна — Рыа-Турыя, адзіная суднаходная ў Панаме.
Лясістасць Панамы, нягледзячы на актыўныя высечкі, да гэтага часу каля 40 %. Вільготныя лясы, распаўсюджаныя ў так званым Дар’енскім прабеле — працяг паўднёваамерыканскай сельвы; вільготныя трапічныя лясы растуць на Карыбскім узбярэжжы і у гарах захаду. Ціхаакіянскія схілы пакрытыя саванамі. Часта здараюцца лясныя пажары.
Натуральныя рэсурсы — медзь, драўніна, морапрадукты, маецца магчымасць будаўніцтва гідраэлектрастанцый.
Рэкі забруджваюцца сельскагаспадарчымі адходамі, якія наносяць шкоду рыбным рэсурсам. Бескантрольная высечка трапічных лясоў прыводзіць да дэградацыі зямлі, ўрадлівыя пласты глебы змываюцца дажджамі, што наносіць шкоду таксама і Панамскаму каналу.
Гісторыя
правіцьТэрыторыя Панамы заселена чалавекам каля 10 тысяч гадоў назад. Карэннае насельніцтва — індзейцы плямён карыбаў і чыбча.
У пачатку XVI ст. заваявана іспанскімі канкістадорамі. У 1502 падчас чацвёртага плавання тут пабываў Калумб. У 1510 Васка Нуньес дэ Бальбоа заснаваў горад Партабэла (сённяшні Калон) ды калонію вакол яго і стаў губернатарам рэгіёну. У 1519 быў заснаваны горад Панама, які даў назву ўсёй краіне. З 1542 Панама была у складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1560 — генерал-капітанства Гватэмала, у 1718—1723 і 1740—1810 — віцэ-каралеўства Новая Гранада. Неўзабаве пасля заснавання Партабэла стаў месцам перапраўкі золата інкаў ў Еўропу, прыцягваючы англійскіх піратаў ў гэтыя мясціны: Генры Морган некалькі разоў рабаваў Партабэла і ў 1671 — Панаму).
У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—1826 Панама 28 лістапада 1821 абвясціла незалежнасць ад Іспаніі і ўвайшла ў склад федэратыўнай рэспублікі Вялікая Калумбія. З 1831 Панама — дэпартамент Новай Гранады (з 1886 Калумбія). У 2-й палове XIX ст. панамцы неаднаразова (1885, 1895, 1899, 1900) узнімалі антыкалумбійскія паўстанні.
3 лістапада 1903 пасля «Тысячадзённай вайны», пры ваеннай дапамозе ЗША абвешчана незалежная Панамская Рэспубліка, яе першым прэзідэнтам (1904—1908) стаў М. А. Герэра. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновую арэнду паласу тэрыторыі краіны ад Атлантычнага да Ціхага акіянаў для будаўніцтва і наступнай эксплуатацыі Панамскага канала (у 1879—1902 яго будавала Францыя, дабудаваны ЗША у 1904—1914). Паводле Канстытуцыя 1904 ЗША мелі права высаджваць войскі ў любой частцы Панамы.
З канца 1950-х пад уплывам рэвалюцыі на Кубе і нацыяналізацыі Суэцкага канала (1956) адносіны Панамы з ЗША пагоршыліся, узмацніліся патрабаванні перадачы Панаме канала і яго зоны. У 1968 годзе ваенны пераварот прывёў да ўлады патрыятычную хунту на чале з генералам А. Тарыхасам Эрэрам, які нацыяналізаваў уласнасць кампаній ЗША і мясцовых буйных уласнікаў. Амерыкана-панамскія дагаворы 1977 прадугледжвалі паэтапную перадачу Панаме Панамскага канала і яго зоны, ліквідацыю амерыканскіх ваенных баз. Урад Тарыхаса праводзіў палітыку сацыяльных рэформаў, ліквідацыі непісьменнасці. Пасля гібелі ў 1981 Тарыхаса Эрэры ўлада сканцэнтравалася ў руках генерала М. Нар’егі Марэны.
У снежні 1989 ЗША шляхам узброенай інтэрвенцыі скінулі рэжым Нар’егі, абвінаваціўшы яго ў сувязях з наркамафіяй і ўзурпацыі ўлады. У 1994 прэзідэнтам Панамы абраны Э. Перэс Бальядарэс, які пачаў ліберальныя рэформы. 31 снежня 1999 Панамскі канал быў урачыста перададзены Панамскай дзяржаве. З канца 1990-х ва ўладзе знаходзяцца правыя і цэнтрысцкія партыі.
Дзяржаўны лад
правіцьПрэзідэнцкая унітарная рэспубліка. Дзеліцца на 10 правінцый і тры аўтаномных акругі.
Насельніцтва
правіцьЗа апошніх 50 гадоў насельніцтва вырасла ў чатыры разы. У ХХІ стагоддзі прырост прыкметна запаволіўся і цяпер складае 1,27 % (2017)[4]
65 % насельніцтва складаюць метысы, 12 — індзейцы, 9 % — афрыканскага паходжання. Больш за 90 % панамцаў размаўляе на іспанскай мове. Каля 400 тысяч насельніцтва шануюць родныя (індзейскія) мовы. Каталіцызм вызнаюць ад 75 да 85 % насельніцтва, каля 20 % — пратэстанты.
Урбанізацыя — 75 % (найвышэйшая ў Цэнтральнай Амерыцы). Больш за палову ўсіх панамцаў пражываюць ў агламерацыі Калон-Панама.
Гаспадарка
правіцьГрашовая адзінка — бальбоа (на практыцы выкарыстоўваецца долар ЗША)[5]. ВУП на душу насельніцтва — каля 24 000 даляраў (2018)[6], найбольшы ў Цэнтральнай Амерыцы. У 2010—2014 з усіх эканомік Лацінскай Амерыкі эканоміка Панамы расла з найбольшай хуткасцю. Базуецца яна на эксплуатацыі Панамскага канала (цяпер будуецца трэцяя чарга шлюзаў); а таксама на банкаўскім і страхавым сектары, рэгістрацыі судоў пад сцягам краіны (зручны сцяг) і турызме (названыя галіны сферы паслуг складаюць каля двух трацін ВУП Панамы).
Здабыча медзі і золата выклікае пратэсты эколагаў. На рацэ Чагрэс ёсць каскад ГЭС. Працуюць прадпрыемствы цэментнай, швейнай, харчовай прамысловасці.
Вырошчваюцца рыс, цукровы трыснёг, кукуруза, фасоля, клубніцы. У ніжніх цячэннях рэк — плантацыі бананаў. На ціхаакіянскім узбярэжжы развіта жывёлагадоўля. Вылаў морапрадуктаў.
Праз усю краіну, за выключэннем 87-кіламетровага ўчастка Дар’енскага прабела, праходзіць Панамерыканская шаша. Паралельна Панамскаму каналу пракладзена сучасная чыгунка.
Некаторыя цікавінкі
правіць- TransPanama Trail (Транспанамская сцяжына) — пешы турыстычны маршрут працягласцю 1127 км, які праходзіць праз усю краіну ад мяжы з Калумбіяй да мяжы з Коста-Рыкай.
- У зоне Панамскага канала пражывае амерыканская дыяспара, амаль спрэс служачыя УС ЗША, вядомыя як «200 % (двухсотадсоткавыя) амерыканцы» — па-іспанску яны прынцыпова не ведаюць ні слова.
Зноскі
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pm.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pm.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pm.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pm.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/pm.html Архівавана 30 мая 2015.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Панама
- Як Панама разбагацела на палітычнай геаграфі — svaboda.org