Шэры пацук, або Свірнавы пацук[1] (Rattus norvegicus) — млекакормячае роду пацукоў атрада грызуноў. Сінантропны, касмапалітны від.
Навуковая назва Rattus norvegicus, нарвежскі пацук, з’яўляецца памылковай. Яе даў англійскі натураліст Джон Беркенхаўт (John Berkenhout, 1769), які палічыў, што пацукі трапілі ў Англію на нарвежскіх караблях у 1728 годзе, хоць на справе ў той час у Нарвегіі шэрых пацукоў яшчэ не было, і мігравалі яны, хутчэй за ўсё, з Даніі.
На Беларусі сустракаецца народная назва пасюк.
Даўжыня цела да 20 см, хваста да 22 см, маса да 500 г. Поўсць густая, на спіне ад рудавата-бурай да цёмнай вохрыста-бурай, бруха і грудзі светла-шэрыя ці белыя. Тулава шчыльнае, морда тупая, шырокая, вочы буйныя. Адагнутая вушная ракавіна не дасягае вока.
Пашыраны па ўсім зямным шары акрамя палярных абласцей і пустынь. Сінантропны від. На Беларусі звычайны, найбольшая колькасць на Палессі. Жыве пераважна ў пабудовах, улетку — на агародах, у садах, зарасніках пустазелля і інш.
Корм жывёльны і раслінны (збожжа, гародніна, бульба і інш.).
Размнажаецца ўвесь год. Дае 2-3 прыплоды па 8-10 пацучанят. Цяжарнасць 21-22 сутак, полавая спеласць у 3 месяцы.
Псуе і засмечвае харчовыя прадукты, прамысловыя тавары, скуру, кнігі, абутак, вопратку, мэблю і інш. Нападае на дробных грызуноў, птушак, жаб, малюскаў.
Пераносчык хвароб чалавека і жывёл.
Зноскі
- ↑ Напісанне Шэры пацук, Свірнавы пацук ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.12. Мн., 2001, С.243
- Фядосаў А. Пацук шэры // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш — Мн.: БелСЭ, 1985. С. 154.