[go: up one dir, main page]

Перайсці да зместу

Юрок

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юрок
(Puliklah)
1906 г.
Агульная колькасць 6567 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Каліфорнія
Мова юрок
Рэлігія анімізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы алганкіны, віёт

Юро́к (саманазва: Puliklah; англ.: Yurok) — індзейскі народ на поўначы Каліфорніі (ЗША). Агульная колькасць (2010 г.) - 6 567 чал.

Юрок размаўляюць на мове, якую адносяць да алгскіх моў. Лічыцца, што як этнічная група яны першапачаткова фарміраваліся на ўсход ад Скалістых гор і перасяліліся ў Каліфорнію каля 1100 г. н. э.[1] Традыцыйна юрок насялялі землі ўздоўж ракі Кламат. Назву юрок (літаральна "ніжняя рака") ім далі суседдзі-карук[2].

Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з апошняй трэці XVIII ст., але доўгі час абмяжоўваліся выпадковым футравым гандлем. Да сярэдзіны XIX ст. на рацэ Кламат налічвалася каля 50 юрокскіх вёсак[3]. У 1851 г. юрок падпісалі дагавор аб міры і сяброўстве з ЗША. У 1855 г. была створана рэзервацыя Кламат[4], куды ўвайшлі далёка не ўсе традыцыйныя тэрыторыі гэтага народа.

24 лістапада 1993 г. юрок прынялі ўнутраную Канстытуцыю[5]. 13 красавіка 2011 г. яны здолелі выкупіць амаль 9 000 га прыватных тэрыторый, што прылягалі да рэзервацыі, і такім чынам пашырыць яе[6]. Галоўны сучасны занятак — абслугоўванне турыстаў. Значныя прыбыткі атрымоўваюцца ад эксплуатацыі казіно. Аднак юрок імкнуцца адрадзіць традыцыйную для іх галіну рыбалоўства.

Гаспадарчыя заняткі

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі гаспадарчымі заняткамі юрок здаўна былі рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Здабывалі рыбу з дапамогай гарпуноў, сетак і пастак. Асабліва важным быў сезонны лоў ласося, які сушылі і захоўвалі пра запас. Хаця ў нашы дні эканамічная сітуацыя вельмі змянілася, юрок працягваюць атаясамліваць сябе з рыбакамі, арганізуюць святы ласося, актыўна змагаюцца за экалогію ракі Кламат[7]. Амерыканскі псіхолаг Эрык Эрыксан апісваў сувязь паўсядзённага жыцця юрок з рыбалоўствам наступным чынам[8]:

Ласосю і рацэ не падабаецца, калі харчуюцца ў лодцы. Мача не павiнна трапляць у раку. Алень будзе абыходзіць пастку бокам, калі аленевае мяса так ці інакш даткнулася да вады. Ласось патрабуе ад жанчын, што вандруюць уверх ці ўніз па рацэ, захавання асаблівых рытуалаў, паколькі жанчыны могуць мець месячныя. Толькі раз на год, калі ідзе ласось, аб гэтых пазбяганнях часова забываюць. Тады згодна са складаным рытуалам будуецца трывалая запруда, што перашкаджае шляху ласося ўверх па рацэ і дазваляе індзейцам нарыхтоўваць багатыя запасы рыбы на зіму. Будаўніцтва гэтай запруды — «найбуйнейшая тэхнічная задума, якая прадпрымаецца індзейцамі юрок, або каліфарнійскімі індзейцамі наогул, і да таго ж — самая калектыўная задума» (А. Кробер). Пасля дзесяці дзён калектыўнай лоўлі рыбы на берагах ракі ідзе разгул весялосці і сексуальнай свабоды…

Другім важным рэсурсам юрок былі жалуды, што таксама сезонна збіраліся жанчынамі. Іх малолі ў муку і захоўвалі ў выглядзе цеста[9]. Акрамя таго, збіралі ягады, ядомае карэнне, малюскаў, для гаспадарчых патрэб — кару і галіны дрэў і хмызнякоў. Паляванне мела дадатковы характар у дачыненні да рыбалоўства і збіральніцтва. Палявалі на аленяў, ласёў, трусоў з дапамогай дзіды, лука і стрэл. Пасля кантактаў з еўрапейцамі ўзнікла земляробства.

Распаўсюджаныя народныя рамёствы: пляценне кошыкаў і жаночых галаўных убораў, разьба па дрэву, выраб паляўнічай зброі і лодак[10]. Ужо да прыходу еўрапейцаў юрок займаліся гандлем і выкарыстоўвалі ракавіны ў якасці грошаў.

Вопратку шылі з аленяй скуры. Мужчыны абгортвалі ёю сцёгны. Жанчыны рабілі скураныя фартухі, плялі спадніцы з кары чырвонага дрэва, на галаву апраналі плеценыя капелюшы. Жаночую вопратку багата ўпрыгожвалі ракавінамі, насеннем раслін. У прахалоднае надвор’е затуляліся скуранымі коўдрамі. Старыя людзі часцяком хадзілі наогул без вопраткі[11]. Пры доўгіх вандроўках юрок апраналі макасіны, для палявання ў гарах — снегаступы.

Мужчыны татуіравалі скуру на ўнутранай паверхні левай рукі[12]. Жанчыны з 5 гадоў татуіравалі паралельнымі лініямі падбародак[13].

Традыцыйная хаціна

Вёскі юрок мелі сталы характар. Іх узводзілі ўздоўж ракі Кламат або на беразе Ціхага акіяна на працягу 40 км ад вусця ракі. Перапіс 1852 г. зафіксаваў вёскі ад 2 да 30 жылых хацін. А. Кробер пакінуў апісанне вёскі, дзе налічыў 54 жылыя хаціны. Большасць з іх была пабудавана на тэрасах над ракой[14]. Паводле саміх юрок, раней існаваў звычай, калі адна сям'я валодала некалькімі хацінамі[15].

Звычайным матэрыялам для хацін было чырвонае дрэва. Дошкі для пабудовы рабілі або з паваленых дрэў, або выразалі з жывых дрэў, але так, каб дрэва магло загаіцца[16]. Тыповая хаціна мела 6 м у шырыню і даўжыню. Да цэнтральнай секцыі даху мацавалі некалькі рухомых дошак для праветрывання памяшкання. Знутры хаціны выкопвалі яміну, дзе трымалі агмень, бавілі час і спалі. Мужчыны начавалі ў меншых так званых «хацінах пацення» — рытуальных лазнях з вельмі вузкім круглявым уваходам. Улетку спалі на двары.

Асновай грамадскага ладу юрок былі малыя нуклеарныя і вялікія пашыраныя сем’і, а таксама вясковая суседская абшчына. Менавіта ім належалі тэрыторыі і прыродныя рэсурсы. Вясковая абшчына кантралявала месцы лову рыбы, арганізоўвала сумесную працу. Грамадства юрок не мела сацыяльнай роўнасці. На вяршыні сацыяльнай лесвіцы стаялі прадстаўнікі найбольш багатых сем’яў. Яны вызначаліся лепшай вопраткай, выразнай гаворкай, валодалі паляўнічымі і рыбалоўнымі ўгоддзямі, якія маглі за плату саступаць іншым абшчыннікам, такімі своеасаблівымі скарбамі, як рэдкія ракавіны, абсідыянавыя прылады працы, белыя аленевыя скуры, скальпы дзятлаў. Дзякуючы гэтаму яны мелі права выконваць большасць рэлігійных функцый, размяркоўваць харчовыя прыпасы і рэгаліі[17].

На нізе сацыяльнай лесвіцы стаялі нешматлікія рабы. Падчас ваенных дзеянняў палонных забівалі, таму рабамі часцей станавіліся супляменнікі. Яны гублялі свабоду ў выніку нявыплачанай пазыкі. Рабы складалі каля 5 % ад усяго насельніцтва[18].

Арганізацыя шлюбу ўключала абавязковы выкуп нявесты, прычым ад яго велічыні залежаў сацыяльны статус будучай сям’і. Пры разводзе ініцыятар павінен быў кампенсаваць выдаткі мужа або жонкі. Найчасцей разводзіліся ў выпадках немагчымасці мець дзяцей[19]. Большасць маладых пар жыла ў мужа. Меншасць («палавінны шлюб») — у сям’і жонкі. Маёмасць сям’і перадавалася па спадчыне сынам, але дочкі таксама мелі права атрымаць яе частку.

Эрык Эрыксан лічыў, што выхаванне дзяцей юрок было накіравана на пазбяганне канфліктаў, атрыманне дабрабыту праз мірную канкурэнцыю, аднак суправаджалася жорсткімі правіламі паводзінаў у сям’і, фізічнымі пакараннямі і пазбяганнем сексуальнасці. Ён пісаў[20]:

Жыццё кожнага індзейца пачыналася з ранняга адлучэння ад матчыных грудзей і наступнага прадпісання (хлопчыкам) пазбягаць маці, не заходзіць на яе жылую палову і наогул сцерагчыся падступных жанчын. Міфалогія юрок выганяе стваральніка з гэтага свету, намаляваўшы яго злоўленым у пастку і сілком выкрадзеным жанчынай. Хоць страх быць злоўленым у пастку такім чынам панаваў у іх пазбяганнях, індзейцы юрок жылі са сталым намерам вырваць перавагу ў іншага.

Звычаёвае права не вылучала гвалтоўную смерць ад вайны, таму любыя выпадкі забойстваў павінны былі кампенсавацца маёмасцю. У юрок меліся агульныя законы, так што прадстаўнік адной абшчыны мог наўпрост спрачацца з прадстаўніком іншай. Калі вінаваты бок адмаўляўся выплочваць пацярпеламу кампенсацыю, спрэчка зацягвалася, магла скончыцца гвалтоўнымі дзеяннямі, пазыковым рабствам ці замірэннем з супольнымі рытуальнымі танцамі і выплатай маёмасці[18].

Фальклор юрок прадстаўлены міфамі, легендамі, казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Папулярныя культурныя героі — настаўнік людзей Wohpekumeu і асілак Pulekukwerek[21]. Вылучаюць цырыманіяльныя і індывідуальныя песні, у тым ліку рызыкоўныя, любоўныя, ваенныя, паляўнічыя і інш.

Рытуальным матывам танцаў было аднаўленне ці падтрыманне свету[22]. Некаторыя з танцаў маглі цягнуцца некалькі дзён. Ім папярэднічала вымаўленне доўгіх прамоў. Кожны танец уключаў свае асаблівыя рэгаліі танцораў. Вылучаюць танцы белай аленяй скуры і танцы-скокі. Танец белай аленяй скуры выконваўся перад будаўніцтвам дамбы ў сезон лову рыбы.

Мова юрок належыць да алгскай сям'і[23]. Знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Алфавіт на аснове лацінкі.

Юрок лічылі, што свет пабудаваны на вадзе і практыкавалі шматлікія рытуалы для яго падтрымання[22], у тым ліку танцы, што суправаджаліся дэкламацыяй сакральных тэкстаў. У якасці дэкламатараў выступалі старыя людзі. Для мужчын важнасць меў рытуал ачышчэння ў "хацінах пацення". Юрок верылі ў злую і лекавую магію. Лекаваннем займаліся жанчыны.

У нашы дні многія вернікі спавядаюць хрысціянства.

Зноскі

  • Gray-Kanatiiosh, B. Yurok (Native Americans). / Barbara A. Gray-Kanatiiosh. — Checkerboard Library, 2007. ISBN 978-1591976585
  • Эриксон, Э. Детство и общество. / Эрик Г.Эриксон. — СПб.: Ленато, ACT, Фонд «Университетская книга», 1996. ISBN 5-7841-0070-Х