Палац Шонбрун
Палац і парк Шонбрун* | |
---|---|
Palace and Gardens of Schönbrunn** | |
Сусветная спадчына ЮНЕСКА | |
Краіна | Аўстрыя |
Тып | Культурны |
Крытэрыі | i, iv |
Спасылка | 786 |
Рэгіён*** | Еўропа і Паўночная Амерыка |
Гісторыя ўключэння | |
Уключэнне | 1996 (20-я сесія) |
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА» ** Назва ў афіцыйным англ. спісе *** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА |
Палац Шонбрун (ням.: Schloß Schönbrunn) — венская рэзідэнцыя аўстрыйскіх імператараў, адно з найважнейшых архітэктурных збудаванняў аўстрыйскага барока (архітэктар — Іаган Бернхард Фішэр фон Эрлах).
Шонбрун размешчаны ў заходняй частцы Вены ў раёне Гітцынг. У снежні 1996 года, на 20-й сесіі Сусветнага камітэта спадчыны, Шонбрун быў уключаны ў Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У спіс былі ўключаны як сам палац, так і парк з яго шматлікімі фантанамі і статуямі, гларыетай і Рымскімі развалінамі, а таксама заапарк — самы стары ў свеце.
Агульныя даныя
[правіць | правіць зыходнік]Палац Шонбрун размешчаны ў заходняй частцы Вены ў раёне Гітцынг па адрасе:
- Schloss Schoenbrunn Kultur- und Betriebsges.m.b.H., Schloss Schoenbrunn, 1130 Wien (Oesterreich).
Час працы:
- з 1 красавіка па 30 чэрвеня: 8:30-17:00;
- з 1 ліпеня па 31 жніўня: 8:30-18:00;
- з 1 верасня па 31 кастрычніка: 8:30-17:00;
- з 1 лістапада па 31 сакавіка: 8:30-16:30.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Падобна астатнім загарадных рэзідэнцый іншых кіраўнікоў (Версаль, Пецяргоф) Шонбрун — гэта ансамбль, які аб’ядноўвае архітэктуру і прыроду, дзе парк становіцца працягам палацавых збудаванняў.
Варты ўвагі інтэр'ер — 1441 апартамент, часткова даступны для агляду.
У адным з самых пышных памяшканняў палаца — Люстэркавай зале — шасцігадовы Моцарт іграў для Марыі Тэрэзіі і яе двара.
Так званая «мільённая гасціная» з’яўляецца жамчужынай ракако — яе ўпрыгожваюць пано з кітайскага ружовага дрэва з каштоўнымі персідскімі і індыйскімі мініяцюрамі, абрамленыя пазалочанымі рамамі. У Вялікай галерэі, дзе сёння праходзяць асабліва ўрачыстыя прыёмы, танцаваў калісьці Венскі кангрэс.
Акрамя ўласна палаца, у комплекс уваходзіць французскі парк з падстрыжанымі дрэвамі, упрыгожаны шматлікімі скульптурамі міфалагічных персанажаў і ўвянчаны ля падножжа ўзгорка фантанам Нептуна.
У парку працуе палацавы летні тэатр, дзе праходзяць музычныя спектаклі і канцэрты. На тэрыторыі парку таксама размясціліся зараз некалькі музеяў, у прыватнасці, «Дом пальмаў» — шкло-металічная канструкцыя, створаная ў 1883 годзе, і Заапарк — пераемнік імперскага звярынца, які лічыцца найстаражытным заапарк ам не толькі ў краіне, але і ў Еўропе і свеце.
На ўзгорку каля палаца ўзвышаецца трыумфальная арка Гларыета.
Гісторыя палаца
[правіць | правіць зыходнік]Першыя згадванні пра збудаванне на месцы цяперашняга палаца датуюцца XIV стагоддзем. Памесце, якае знаходзілася тут, звалася Катэнбург (ням.: Katterburg) і было ўласнасцю Кластэрнойбургскага (Klosterneuburg) манастыра. На той час Катэнбург уяўляў сабою дом, вадзяны млын, стайню і сад. У 1569 Катэнбург перайшоў у габсбургскія ўладанні.
Імператар Маціяс, паводле легенды, падчас палявання ў 1612 натыкнуўся на «прыгожыя крыніцы» (Schoene Brunnen), што пазней і дало цяперашнюю назву палацу.
Імператар Фердынанд II, і яго жонка, Элеанора Ганзага, якія любілі паляванне, абралі Шонбрун у якасці месца для паляўнічых вечарынак. Пасля смерці Фердынанда ў 1637 яго ўдава пасялілася ў замку, пераназваўшы яго ў Шонбрун.
У 1683 замак пацярпеў падчас аблогі Вены туркамі. Імператар Леапольд I вырашыў адбудаваць разбураны замак, і ў 1696 Іаган Бернард Фішэр фон Эрлах распачаў будаўніцтва, узяўшы за ўзор Версальскі палац. Вялікая частка прац была завершана да 1713, аднак будаўніцтва не было даведзена да канца.
Шонбрун пры Марыі Тэрэзіі
[правіць | правіць зыходнік]У 1728 імператар Карл VI набыў Шонбрун і пазней падарыў яго сваёй дачцэ, Марыі Тэрэзіі, будучай імператрыцы. Кіраванне Марыі Тэрэзіі было ключавым у гісторыі замка. Вядома, што яна захаплялася замкам і яго садамі, ператварыўшы Шонбрун у цэнтр палітычнага і палацавага жыцця.
У 1742 і 1743 будаўнічыя працы аднавіліся, і будынак быў рэканструяваны, у выніку чаго палац набыў свой цяперашні выгляд. Па жаданні імператрыцы ў паўночным крыле палаца быў пабудаваны тэатр, які ўрачыста адкрыўся ў 1747. У ліку спевакоў і акцёраў, якія выступалі ў тэатры, былі шматлікія дзеці імператрыцы. Сама Марыя Тэрэзія тут таксама дэманстравала свой талент спявачкі.
У 1752 муж Марыі Тэрэзіі, імператар Франц I, заснаваў поруч палаца Заапарк Шонбрун, які з’яўляецца на сённяшні дзень самым старым у свеце.
Пасля смерці Марыі Тэрэзіі, Палац Шонбрун выкарыстоўваўся толькі ў якасці летняй рэзідэнцыі імператараў.
XIX—XX стагоддзі
[правіць | правіць зыходнік]У 1805 і 1809 палац двойчы займаў Напалеон. Французскі імператар размяшчаўся ў мемарыяльных пакоях Франца I Стэфана, ва ўсходнім крыле палаца. У гэтай жа часці палаца ў 1830 нарадзіўся Франц Іосіф.
Узыходжанне на трон Франца Іосіфа ў 1848 адзначыла новую выдатную эпоху ў гісторыі замка. Імператар абраў Шонбрун у якасці сваёй галоўнай рэзідэнцыі і правёў у ім вялікую частку свайго жыцця.
Значныя змены ў замку былі зроблены падчас падрыхтоўкі да жаніцьбы імператара Франца Іосіфа на герцагіні Баварскай Елізавеце.
У 1945 частка замка была пашкоджана ў выніку бамбардзіровак. Пасля вайны брытанскае камандаванне абрала палац у якасці свайго штаба.
З 1992 года Шонбрун (за выключэннем садоў палаца) кіраваўся кампаніяй Schloß Schönbrunn Kultur- und BetriebsGmbH, якая гарантавала эфектыўнае кіраванне і шырокую праграму рэканструкцыі і захавання будынка.
Памяшканні палаца
[правіць | правіць зыходнік]Сёння замак налічвае 1441 пакой разнастайных памераў. 190 памяшканняў, якія не належаць музею, здаюцца ў арэнду прыватным асобам. Для наведвальнікаў адкрыты толькі сорак пакояў.
Турызм
[правіць | правіць зыходнік]Пасля падзення манархіі ў Аўстрыі насельніцтва Вены вырашыла, што Парк Шонбрун з’яўляецца вельмі прывабным месцам для адпачынку і шпацыраў. Хутка парк і палац былі адкрыты публіцы, прыцягваючы штогод больш шасці мільёнаў наведвальнікаў (з іх 1,5 мільёнаў — наведвальнікі замка). Палац з усімі прылеглымі тэрыторыямі з’яўляецца важным турыстычным комплексам, які ўплывае на ўсю турыстычную галіну горада.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Хофбург — зімовая рэзідэнцыя венскага двара
- Гларыета Шонбруна
- Заапарк Шонбрун
У Сеціве
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палац Шонбрун
- Афіцыйны сайт
- surfvienna.net - 360° Panoramas Архівавана 24 ліпеня 2011.
- Schönbrunn Palace: My Way of Telling History (.pdf format)
- Orangerie Schönbrunn Архівавана 25 сакавіка 2010.