Аранія
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Аранія (афр.: Orania [ʊəˈrɑːnia]) — горад у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы на Аранжавай рацэ ў Паўночна-Капскай правінцыі, амаль цалкам населены афрыканерамі. Пасяленне было адмыслова створана з мэтай захавання афрыканерскай культуры і мовы і стварэння эканамічнай сістэмы на прынцыпах самазабеспячэння і захавання навакольнага асяроддзя.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ідэя заснавання чыста афрыканерскага пасялення бярэ свой пачатак у палітыцы апартэіда ў 1960-70-ых, калі ў Паўднёвай Афрыцы пачалі з’яўляцца прапановы рэформ аб ператварэнні шматрасавай краіны з дыскрымінацыйным заканадаўствам ў садружнасць монаэтнічных дзяржаў (часткова гэты планы ажыццявіліся праз утварэнне намінальна незалежных або аўтаномных бантустанаў). Афрыканеры-крытыкі палітыкі апартэіда, якія верылі, што пераход да кіравання чорнай большасці непазбежны, але не жадалі змяшэння сваёй культуры з культурамі чарнаскурых народаў краіны і выцяснення яе культурай англамоўных паўднёваафрыканцаў, прапанавалі адмовіцца ад улады над усёй тэрыторыяй ПАР і стварыць на яе частцы незалежную афрыканерскую дзяржаву — Фолькстат у заходняй частцы краіны. Прыхільнікі гэтай ідэі меркавалі, што утварэнне дзяржавы ў слабаразвітым рэгіёне без істотных запасаў прыродных рэсурсаў дазволіць пазбегнуць канфлікту з новымі паўднёваафрыканскімі ўладамі, а склад працоўнай сілы з афрыканераў, у тым ліку і для нізкааплатных работ, якія ў ПАР у асноўным належалі чарнаскураму насельніцтву, выключыць неабходнасць вырашаць расавае пытанне.
У 1990 акадэмік Карэл Бошаф і 40 афрыканерскіх сем’яў выкупілі ў Міністэрства водных рэсурсаў закінуты рабочы пасёлак за 1,5 мільёна рандаў, створаны ў 1963 пры будаўніцтве ГЭС Вандэрклоф. Урад прэзідэнта ле Клерка адмоўна аднёсся да ідэі стварэння паселішча, але, палічыўшы праект бесперспектыўным, вырашыў не прадпрымаць ніякіх дзеянняў у дачыненні да яго. Пасля дэмантажу сістэмы апартэіду горад наведаў ў 1995 першы чорнаскуры лідар ПАР Нельсан Мандэла, а ў 2010 туды нанёс візіт прэзідэнт Джэйкаб Зума. Горад неаднаразова прыцягваў увагу як мясцовых, так і замежных журналістаў.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Апошні мясцовы перапіс, праведзены ў 2020, вызначыў насельніцтва горада ў 2,066 чалавек[1]. Мужчыны складаюць 60 %, трэць усіх жыхароў — дзеці. У нацыянальным плане 97 % — афрыканеры; 95 % размаўляюць на афрыкаанс, 2 % — па-англійску, астатнія карыстаюцца абодвума мовамі.
Зноскі
- ↑ Orania Sensus 2019 (September 2020) (афрыкаанс)