Версія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі браўзеру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку браўзеру.
Пярэстая качка, ці пеганка (Tadorna tadorna) — буйная вадаплаўная птушка сямейства качыных, адметная характэрным апярэннем са спалучэннем белага, рудага, шэрага і чорнага колераў. У сістэматыцы займае прамежкавае становішча паміж гусямі і тыповымі качкамі, вонкавым абліччам і паводзінамі нагадваючы абедзве гэтыя групы птушак.
Апісанне
Даўжыня цела 58—71 см, размах крылаў 110—135 см. Самка крыху меншая за самца. Палавы дымарфізм слаба вызначаны — у гнездавы перыяд у самцоў з’яўляецца нарасць каля асновы чырвонай дзюбы. У самак белае кольца вакол асновы дзюбы. Дарослыя птушкі маюць чорную галаву з зялёным бляскам, за белымі грудзьмі характэрная паласа ржавага колеру. У маладых буры верх і белы ніз цела, люстэрка ржава-зялёнага колеру.
Пашырэнне
Насяляе пясчаныя або ілістыя марскія ўзбярэжжы, на поўдні таксама марскія астравы, эстуарыі, лагуны, засоленыя ўчасткі, розныя тыпы прэсных вадаёмаў у глыбі кантынентаў (асабліва азёрныя астравы), а таксама яры і абрывістыя пагоркі паблізу ад мораў, якія параслі густымі кустамі або групамі дрэў.
Арэал разарваны: лакальна сустракаецца ў Еўропе, галоўным чынам на паўнёва-заходніх узбярэжжах Чорнага і Каспійскага мораў (ліняючыя птушкі збіраюцца на Гельгаландзе, Фрызскіх а-вах, у Галандыі і Вялікабрытаніі), у Міжземнаморскім басейне, Сярэдняй Азіі, Блізкім Усходзе, Паўночнай Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі залётны від; толькі аднойчы адзначаны на гнездаванні.
Пералётны від. Месца зімовак: Брытанскія астравы, Заходняя Еўропа, Міжземнае мора, Паўднёвая Азія.
Асаблівасці біялогіі
Гняздо робіць у норах (пакінутых лісамі або барсукамі), радзей пад каранямі або ў дуплах паваленых дрэў. Адтуліна добра схаваная ў кустах або навіслымі травамі. Гнёзды ў норах на адлегласці прыблізна 1 м ад увахода (спарадычна да 3-4 м). Знешняя частка з сухіх траў (часта з прымессю марскіх водарасцей), багатая высцілка з пуху.
Яйкі (7-12) з тупым вузейшым канцом або з аднолькавымі канцамі, белыя. Памеры: 67,0 × 47,0 мм.
Крыніцы
Літаратура
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.