Нікея
Ніке́я (па-старажытнагрэцку: Νίκαια, у даасманскія часы — назва Ізьніка) — старажытны і сярэдневяковы горад Малой Азіі, разьмешчаны ў паўднёва-заходняй частцы сучаснай Турэччыны, на месцы сучаснага турэцкага горада Ізьнік (па-турэцку: İznіk). Адноўлены ў IV ст. да н. э. пад назвай Анкор, альбо Гелікор. Выгадна разьмешчаная на беразе возера й абмежаваная ад сушы высокімі пагоркамі, яна мела ідэальныя ўмовы для свайго расьсяленьня.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 316 годзе да н.э горад быў адноўлены македонскім царом Антыгонам І Аднавокім пасьля разбурэньня мізійцамі — і перайменаваны ў Антыгонію (стар.-грэц. Αντιγόνεια). Пасьля разгрому Антыгона ў 301 г. да н. э. уладу над горадам атрымаў палкаводзец Аляксандра Македонскага Лісімах, які даў гораду новую назву — Нікея (стар.-грэц. Νίκαια) у гонар сваёй жонкі Нікеі, дачкі Антыпатра.
3 таго часу Нікея становіцца важным пунктам, які бітынскія цары робяць сваёй рэзыдэнцыяй і ад 288 г. да н. э. выкарыстоўвалі яе як сталіцу (побач зь Нікамэдыяй). У 74 годзе да н. э. горад падпаў пад уладу Рымскай імпэрыі, але захаваў права аўтаноміі.
Асаблівае значэньне Нікея набыла ў часы праўленьня Канстантына Вялікага: у 325 г. тут быў скліканы 1-ы Сусьветны царкоўны сабор, на якім разглядалася справа аб ерасі Арыя, і які зацьвердзіў хрысьціянскае веравучэньне.
Імпэратар Валент быў вымушаны аднаўляць горад з-за разбурэньня землятрусамі ў 358, 362 і 368 гадах.
3 кан. IV і да пач. XIII стст. Нікея была буйным гандлёва-рамесьніцкім цэнтрам Бізантыі[1].
Пасьля паразы бізантыйцаў пры Манцыкерце ў 1071 годзе Нікея некалькі разоў пераходзіла ў рукі турак-сельджукаў і зноў вярталася пад уладу Канстантынопаля. У рэшце рэшт, туркі захапілі горад у 1078 годзе й ператварылі яго ў сталіцу свайго Румскага султаната, назваўшы Нікею па-свойму — Ізьнік (па-турэцку: İznіk).
У 1097 годзе Нікея была абложаная крыжакамі й бізантыйцамі, туркі аддалі перавагу капітуляцыі на карысьць імпэратара Аляксея Комніна. Пасьля заваяваньня Канстантынопаля крыжакамі ў 1204 г. Нікея стала сталіцай Нікейскай імпэрыі, першым кіраўніком якой стаў Феадор І Ласкарыс. Яго спадкаемцы настойліва пашыралі межы дзяржавы й, нарэшце, у 1261 годзе пад камандаваньнем Міхаіла Палеалёга вярнулі Канстантынопаль, аднавіўшы Бізантыйскую імпэрыю. Нікея зноў страціла статус сталіцы.
З пачатку XIV стагодзьдзя Нікея жыла пад пастаяннай пагрозай новага турэцкага нашэсьця. У 1328 годзе па горадзе пракацілася хваля панічных самагубстваў, што вымусіла патрыярха зьвярнуцца да жыхароў са спэцыяльным пасланьнем. Але дапамога з Канстантынопаля не прыйшла і ў 1331 г. Нікея была канчаткова захоплена асманамі. Яны ператварылі яго ў сваю сталіцу, і, як сьцьвярджаюць крыніцы, ўжо праз 7 гадоў большасьць мясцовых жыхароў вызнавалі іслам і размаўлялі па-турэцку.
Нікея канчаткова страціла статус сталіцы ў 1365 годзе, калі рэзыдэнцыя султана была перанесена ў толькі што заваяваны Адрыянопаль.
Вядомыя людзі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Нікеі нарадзіліся:
- Гіпарх,
- матэматык і астраном Спорас,
- паэт Парфеній,
- гісторык Дыён Касій.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Скарына Ф. Творы:… С. 156.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 207 с. — 4250 ас. — ISBN 5-343-00151-3