[go: up one dir, main page]

Перайсьці да зьместу

Луцак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Луцак
укр. Луцьк
Вежа-брама замка Любарта
Вежа-брама замка Любарта
Герб Луцку Сьцяг Луцку
Першыя згадкі: каля 1000
Магдэбурскае права: 1432
Краіна: Украіна
Вобласьць: Валынская
Раён: Луцкі
Мэр: Ігар Палішчук[d]
Плошча: 41,61 км²
Вышыня: 174 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 215 986 чал. (2022)[1]
шчыльнасьць: 5190,72 чал./км² (2022)
нацыянальны склад: украінцы — 92,5%
расейцы — 6,2%
беларусы — 0,5% (2001)
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +380-332(2)
Паштовыя індэксы: 43000—43499
КОАТУУ: 0710100000
Нумарны знак: AC, КС / 03
Геаграфічныя каардынаты: 50°44′52″ пн. ш. 25°19′28″ у. д. / 50.74778° пн. ш. 25.32444° у. д. / 50.74778; 25.32444Каардынаты: 50°44′52″ пн. ш. 25°19′28″ у. д. / 50.74778° пн. ш. 25.32444° у. д. / 50.74778; 25.32444
Луцак на мапе Ўкраіны
Луцак
Луцак
Луцак
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Луцкая меская рада

Луцак (па-ўкраінску: Луцьк, Luc'k) — места ў паўночна-заходняй частцы Ўкраіны, на рацэ Стыры. Адміністрацыйны цэнтар Валынскай вобласьці і Луцкага раёну. Плошча 41,61 км². Насельніцтва на 2022 год — 215 тыс. чал.

Луцак зьяўляецца палітычным, культурным і рэлігійным цэнтрам Валыні.

Сучасная назва места — Луцак — утварылася ад даўняга найменьня «Лоуческ» ці «Луческ». Існуе шэраг меркаваньняў адносна паходжаньня гэтага тапоніма, найбольш папулярныя зь якіх:

  1. Назва ўтварылася ад слова «лук», то бок «выгін ракі» («лукавіна»);
  2. Назва зьвязаная з імем правадыра ўсходнеславянскага племя дулебаў — Лукі, які і заснаваў гэтае места;
  3. Назва мае кельцкае паходжаньне, і гэтаксама як Ліён ды Лёндан утварылася ад імя бога Луга;
  4. Назва паходзіць ад саманазвы племя «лучан».
  5. Навуковец І. Сразьнеўскі выказаў меркаваньне, што тапонім паходзіць ад слова «луга» — выган каля ракі.

Час узьнікненьня летапіснага Луцку дакладна не вядомы. Паводле адных крыніцаў, яго заснавалі дулебы ў VII ст., а згодна зь іншымі — Уладзімер Вялікі каля 1000 року. У летапісы места ўпершыню згадваецца пад 1085 рокам, калі Луцак ўжо быў умацаваным горадам, што вытрымаў 6-месячную аблогу Баляслава Адважнага. Першымі жыхарамі Луцку былі прадстаўнікі ўсходнеславянскіх плямёнаў дулебаў і валынянаў. У 1097 року Сьвятаполк II аддаў места Давыду Сьвятаславічу, якога неўзабаве выгнаў Давыд Ігаравіч.

Да 1150 року ў Луцку жыў Яраслаў Ізяславіч (памёр у 1180), пры якім места зрабілася самастойным удзелам і цэнтрам усёй усходняй паловы Валыні. Луцак вытрымаў шасьцітыднёвую аблогу ўвесну 1150 року палкамі Юрыя Даўгарукага. Падчас гэтых падзеяў ледзь не загінуў яго сын — юны князь Андрэй. У 1227 року Яраслаў Інгваравіч, унук Яраслава Ізяславіча, мусіў саступіць свой удзел Даніілу. У 1259 року места вытрымала аблогу хана Курэмсы.

Ад пачатку XIV стагодзьдзя Луцак увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1324 року Луцкі ўдзел атрымаў Любарт Гедымінавіч, пры якім Луцак узвысіўся над Уладзімерам. У сярэдзіне XIV стагодзьдзя Любарт пачаў узводзіць мураваны Луцкі замак, а ў 1375 року ён пагадзіўся на стварэньне першай у Вялікім Княстве Літоўскім Луцкай рымска-каталіцкай дыяцэзіі.[2]

За часамі княжаньня Вітаўта (1388—1430) Луцак зрабіўся другой пасьля Вільні вялікакняскай рэзыдэнцыяй. У 1390 року Ягайла, а ў 1393 року Вітаўт фундавалі будаўніцтва ў Луцку дамініканскага касьцёла і кляштару. У 1425—1427 роках Вітаўт збудаваў Траецкі касьцёл.[2]

У 1429 року ў Луцку адбыўся вядомы зьезд манархаў, мэтай якога была «разважаньні пра захады супраць агульнага ворага, турка»; прысутнічалі кароль польскі Ягайла, імпэратар нямецкі Жыгімонт, вялікі князь маскоўскі Васіль II са шматлікімі ўдзельнымі князямі і мітрапалітам Фоціем, кароль дацкі, папскі легат, гросмайстар прускі, ваявода валаскі, хан перакопскі і бізантыйскі амбасадар. Пасьля гэтага зьезду Луцак зьявіўся на эўрапейскіх мапах і атрымаў Магдэбурскае права (31 кастрычніка 1432). З XVI стагодзьдзя места мела герб з выявай Сьвятога Якава, у правай руцэ якога кніга, у левай посах; пасьля герб зьмяшчаў выяву Сьв. Мікалая.[2]

Луцкі катэдральны касьцёл, малюнак Н. Орды

Пачынаючы з канца XVI стагодзьдзя Луцкі замак страціў значэньне абарончай цьвердзі, у той жа час места засталося сьвецкай і духоўнай сталіцай краю. З прычыны вялікай колькасьці сакральных збудаваньняў сучасьнікі звалі Луцак «Рымам Валыні».

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 рокаў Луцак зрабіўся сталіцай Валынскага ваяводзтва ВКЛ.[3] Аднак паводле ўмоваў Люблінскай уніі ваяводзтвам перайшло ў склад Каралеўства Польскага. У 1595 року места занялі казакі Севярына Налівайкі.

З 1608 року ў Луцку існаваў езуіцкі калегіюм. З мэтай супрацьсятаяньня палянізацыі і царкоўнай уніі ў 1617 року ўтварылася праваслаўнае брацтва. 1 верасьня 1619 року брацтва атрымала афіцыйнае вызнаньне караля з наданьнем прывілея на будаўніцтва царквы ды прытулку. У 1-я палове XVII стагодзьдзя ў Луцку збудавалі Петрапаўлаўскі касьцёл і Крыжаўзьвіжанскую царкву. У 1624 року луцкі староста А. Радзівіл падараваў брыгіткам свой палац. У XVIII стагодзьдзі месьце існавалі кляштары бэрнардынаў, кармэлітаў, трынітарыяў.[2]

Касьцёл бэрнардынаў (цяпер праваслаўны сабор), 1929

У 1795 року ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Луцак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся павятовым местам Валынскага намесьніцтва, а з 1796 року — Валынскай губэрні. 10 верасьня 1890 року да Луцку праклалі чыгунку.

Падчас першай сусьветнай вайны ўлетку 1916 року ў ваколіцах Луцку адбыўся вядомы Брусілаўскі прарыў.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў красавіку 1917 року ў Луцку паўстала першае ўкраінскае сацыяльна-палітычнае таварыства «Ўкраінская Грамада». 20 сьнежня 1918 року ў Луцак увайшлі войскі атамана Сымона Пэтлюры.

16 траўня 1919 року Луцак захапілі польскія войскі, а згодна з Рыскай дамовай 1920 року заходняя Валынь трапіла ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі. У сакавіку 1921 року Луцак зрабіўся сталіцай новага Валынскага ваяводзтва. Увосень 1939 року места далучылі да УССР, Луцак зрабіўся цэнтрам Валынскай вобласьці.

23 чэрвеня 1941 року супрацоўнікі НКУС расстралялі каля 3 тысячаў вязьняў Луцкай турмы.

  • XIX стагодзьдзе: 1895 — 15 125 чал. (7842 мужчыны і 7283 жанчыны), зь іх нашчадкавай шляхты 119 і асабістай 157, мяшчанаў 11 156, духоўнага стану 27, ганаровых грамадзянаў і купцоў 99, сялянаў 301, вайсковага стану 2966, замежных падданак 262, іншага стану 38; праваслаўных 1185, рыма-каталікоў 1442, пратэстантаў 338, караімаў 72, юдаістаў 12 007.[4]
  • XX стагодзьдзе: 1959 — 56 тыс. чал.; 1973 — 108 тыс. чал.[5]; 1991 — 209,5 тыс. чал.[6]
  • XXI стагодзьдзе: 2009 — 209,8 тыс. чал.
Насельніцтва па роднай мове (2001)
украінская мова расейская беларуская
92,87% 6,79% 0,14%

Аб’ём рэалізаванай прадукцыі прамысловымі прадпрыемствамі па асноўных відах дзейнасьці ў 2006 року склаў 2288,3 млн грн.: 76,6% складае інвэстыцыйная прадукцыя (пераважна прадукцыя машынабудаваньня), 11,3% — сыравінная прадукцыя (прадукцыя хімічнай вытворчасьці, будматэрыялы), 8,9% — тавары шырокага ўжываньня (прадукты харчаваньня, адзеньне, абутак), 3,2% — тавары працяглага ўжываньня (мэбля).

Агульны аб’ём рэалізаванай прадукцыі па месьце склаў: за 2008 — 4290 млн.грн.

Экспарт тавараў места Луцку ў 2006 годзе склаў 212,8 млн дал. ЗША, імпарт — 427,9 млн дал ЗША. Сярод экспартуемых за мяжу тавараў найважнейшымі зьяўляюцца пастаўкі мэталаў і вырабаў зь іх — 24,7% (52,5 млн дал.), машынаў, апаратаў і мэханічных прыладаў — 19,2% (40,9 млн дал.), прадукцыі жывёлагадоўлі — 14,4% (30,7 млн дал.), прадукцыі расьлінаводзтва — 12,2% (25,9 млн дал.), казэіну — 9,1% (19,3 млн дал), палімэрных матэрыялаў — 5,7% (больш за 12 млн дал.). Зьнешнегандлёвыя апэрацыі з таварамі ажыцьцяўляліся з партнэрамі з 79 краінаў сьвету (экспартавалі тавары ў 60 краінаў, імпарт атрымлівалі з 61). Кошт тавараў, экспартаваных у краіны Эўропы — 94 млн дал., краіны Азіі — 65,4 млн дал. і краіны СНД — 48,7 млн дал.

На 10 студзеня 2005 году найбуйнейшыя простыя замежныя інвэстыцыі ідуць у Луцак зь Вялікабрытаніі (24,1 млн дал.) і Польшчы (16,6 млн дал.).

Буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі места зьяўляюцца ААТ «Луцкі аўтамабільны завод», ААТ «Падшыпнікавы завод», ПКФ «Луцаккандытар», Луцкі сьпіртагарэлачны камбінат, ААТ «Луцк Фудз», ААТ «Хлеб», ТАА «Мадэрн — Экспа», ЗАТ СП «Тэрыхэм Луцак», ААТ «Электратэрмамэтрыя», піўзавод «Zeman».

Луцак мае шэраг значных гістарычна-архітэктурных помнікаў, сьведак багатага гістарычнага мінулага Валыні. Найвядомейшыя зь іх — Луцкі замак або Замак Любарта (ХІІІ—XIV стагодзьдзі), катэдральны Траецкі Сабор (1752—1755), кляштар езуітаў і катэдральны касьцёл Сьв. Апосталаў Пятра і Паўла (касьцёл і келіі — 1606 року, званіца — 1539), Лютэранская кірха (пач. ХХ ст.), сярэднявечная сынагога (1626—1629), Пакроўская царква (каля XV ст.), Вежа Чартарыйскіх (адзінае, што засталося ад колішняга Вакольнага замка). У музэі Валынскай іконы маецца больш за 600 абразоў XVI—XIX ст., бескаштоўнай пэрлінай збору зьяўляецца цудатворны абраз Холмскай Божай Маці, унікальны помнік бізантыйскага мастацтва ХІ—ХІІ стагодзьдзі, адна з найбольш шанаваных хрысьціянскіх сьвятыняў.

Асобы, зьвязаныя з Луцкам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ http://www.lutsk.ukrstat.gov.ua/18_1_r21.htm
  2. ^ а б в г Валерый Грынявецкі. Луцк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 222
  3. ^ Валерый Пазднякоў. Валынскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 385
  4. ^ Луцк // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  5. ^ Луцк // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  6. ^ Луцк // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]